Журналіста з Горадні Руслана Кулевіча затрымалі 11 жніўня разам з жонкай Тацянай у цэнтры гораду. Руслану зламалі абедзьве рукі і асудзілі на 7 дзён арышту. Пасьля вызваленьня сужэнцаў пачалі цкаваць і перасьледаваць.
Руслан Кулевіч — вядомы горадзенскі журналіст парталу Hrodna.Life і аўтар кніг па гісторыі Горадні. Увечары 11 жніўня Руслан з жонкай паехалі на роварах асьвятляць вулічныя пратэсты ў цэнтры гораду. Іх затрымалі ў краме. Журналіст быў у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса». Затрымлівалі хлопцы ў чорным адзеньні і чорных балаклавах.
Далей гісторыю расказвае Руслан Кулевіч.
«Я нават ня мог дапусьціць, што мяне затрымаюць... Крыўдна, што разам з жонкай. Я перажываў больш не за сябе, а за яе. Было негалоснае правіла ў амапаўцаў: Кулевіча не чапаць. Бо ў мяне была дамова з камандзірам АМАПу. Ён да мяне падыходзіў за некалькі дзён да выбараў і сказаў: «Ты ведаеш маіх хлопцаў. Не фатаграфуй іх бяз справы». Я кажу: «Толькі пры затрыманьні». Многія амапаўцы мяне ведалі. Былі выпадкі, калі яны куплялі мае кнігі і прыходзілі, каб я расьпісаўся.
Калі нас накрывалі, я крычу: «Я журналіст! Калі ласка, не чапайце жонку. Ён крычыць: «Прозьвішча?» Я кажу: «Кулевіч». А ён: «Вось ты і папаўся. Атрымлівай! Праз такіх журналістаў, як вы, у краіне вайна. Я б цябе забіў. Такіх трэба забіваць».
Я думаў, мяне правераць і адпусьцяць. Але не. Пару разоў мяне ўдарылі дручком. Я памятаю, што закрываўся ад дручка. Нас загрузілі ў аўтазак. Там я пасьпеў патэлефанаваць мэру гораду Мечыславу Гою і сказаў: «Мечыслаў Браніслававіч, вы мяне ведаеце. Вы ведаеце, што я журналіст, аўтар кніг». Ён сказаў: «Навошта ты туды палез?» Я думаў, ён прыедзе ў ізалятар і разьбярэцца. Ён не прыехаў, кіраўніцтва міліцыі не прыехала.
Калі нас прывезьлі ў ІЧУ, пачалі выгружаць. Было два шэрагі супрацоўнікаў — «калідор пекла». Хлопцаў праводзілі праз гэты калідор, асабліва пазначаных. Я быў пазначаны, бо быў у камізэльцы.
Я памятаю вельмі цьмяна: або я прытомнасьць страціў, або мне нагу выкруцілі, бо ластаўку хацелі рабіць. Я крычаў: «Асьцярожна, нага баліць». І не забываўся пра жонку, крычаў пра жонку. Калі чалавека праводзілі праз калідор, кожны стараўся яго нечым ударыць — рукой, дручком. Былі і жанчыны-супрацоўніцы (міліцыі).
Пасьля гэтага калідору не краналі, было больш-менш стаўленьне. Мяне пацягнулі па асфальце. Я ня мог ісьці, бо нага балела. Яны кажуць: «Ідзі далей сам». Я кажу: «Я не магу ісьці». Прыўзьняўся і сказаў: «Хлопцы, я журналіст Руслан Кулевіч. Пішу для горадзенскіх выданьняў з 2013 году. Я аўтар кніг аб гісторыі гораду. Дапамажыце мне хто-небудзь». Выйшлі 2 ці 3 супрацоўнікі і павялі мяне пад рукі. Астатнія сьмяяліся: «Рэпартэр нарэшце папаўся. Напісаўся, нафоткаўся. Больш ты ня будзеш гэтага рабіць».
Далей мяне павялі на допыт. Я кажу: «Пазваніце ў прэс-службу УУС». Пералічыў яму ўсіх супрацоўнікаў, якія хоць калі мне давалі камэнтар. Але не пазванілі. Потым ішоў намесьнік начальнік РАУС Кастрычніцкага раёну Горадні. Ён мяне пазнаў, пазваніў прэс-сакратару УУС Яўгену Дудко, але той быў недасяжны.
Я яго папрасіў дапамагчы маёй жонцы, бо ёй было цяжка. Таня абмачылася пры затрыманьні. Тут няма нічога такога. Многія дарослыя хлопцы абсікваліся пры затрыманьні.
Мяне дапыталі. Капітан запытаўся: «Ты бачыў, я цябе не чапаў». Я сказаў: «Так, таварыш капітан, вы мяне не чапалі. Але іншыя чапалі».
Ён адвёў мяне ў камэру. Камэра была на двух чалавек, нас было 6 або 7. Я пытаўся, калі нас будуць карміць, бо ўжо другія суткі. Нам сказалі, што чалавек на адной вадзе можа пратрымацца 30 дзён. Ні бялізны, ні падушак, ні матрацаў, нічога.
Увечары наступнага дня быў суд. Судзьдзя прысудзіў мне 7 сутак арышту. Судзьдзя сказаў: «Даруйце мне. Потым у сваіх мэмуарах напішаце, што я кепскі судзьдзя».
Пакармілі нас на трэці дзень. Праваслаўныя сьвятары нам перадалі хрышчэнскую ваду і аўсянае печыва па тры штучкі. Потым далі матрацы. Потым абед прынесьлі. Потым перадачку перадалі. Мы не разумелі, што адбылося. Ніякага мату ўжо больш не было. Калі мне перадалі маю кнігу, я сукамэрнікам зрабіў прэзэнтацыю кнігі. Каб не было сумна, расказваў хлопцам, як я зьбіраў гэтыя гісторыі.
Першы раз я расплакаўся, бо ня ведаў, што з маёй жонкай. Падышоў супрацоўнік дэпартамэнту аховы і сказаў: «Чаго ты равеш?» Другі раз я заплакаў на трэці дзень, калі перадалі перадачу ад жонкі. Я гляджу: мая кніга, маё адзеньне, цукеркі, якія я люблю. Я сеў і ад шчасьця заплакаў. Я даведаўся, што з жонкай усё добра. Я раней казаў ёй: «Калі мяне некалі забяруць, перадай мне маю кніжку».
Увечары прыйшлі і сказалі: «Выходзьце».
Я спачатку думаў, што дарую супрацоўнікам міліцыі. А потым пачаў думаць: навошта яны так? Навошта яны маю жонку чапалі? Ня ведаю. Я супраць такіх бясчынстваў«.
Вось што расказала пра затрыманьне Тацяна Кулевіч.
«Мы думалі, што тэхніка едзе да натоўпу. Але яны, відаць, знарок спыніліся каля крамы і зайшлі ў краму. Усё адбылося за лічаныя сэкунды. Я за гэты час пасьпела адключыцца. Усё адбывалася, як у тумане. Я памятаю, што хлопца, які спрабаваў зачыніць дзьверы, вельмі моцна пабілі. Яны на мяне ўпалі зьверху.
Потым супрацоўнік АМАПу ці хто, памятаю, глядзіць мне ў вочы, і вочы такія шкляныя, нібыта я яму асабіста нешта зрабіла, ня ведаю — сям’ю яго расстраляла. Яны былі поўныя нянавісьці. Ён крычыць на мяне, хапае. Я ня буду паўтараць усе нецэнзурныя словы. Ён схапіў мяне за руку і пацягнуў з крамы, па падлозе, па сходах. У мяне ўпала адна з красовак. Па дарозе я абмачылася, бо мозг не кантраляваў фізіялягічныя працэсы арганізму.
Было страшна, вельмі страшна. Калі мы падыходзілі да машыны, ён мне сказаў падымацца, сарваў усе рэчы, запхаў у камэру ў аўтазаку. Я чула, як Руслан крычаў, як яго білі. Я вельмі спужалася, што нас вывезуць у лес, закапаюць і больш ня знойдуць. Я пачала крычаць, каб Руслана не чапалі, біць нагамі аб камэру.
Самае страшнае, што я ня бачу, я ня ведаю, жывы ён там, нежывы. Калі мяне выводзілі, то ўжо не чапалі. Я бачыла, як усе ляжаць тварам у зямлю. Пазначаных білі.
Было вельмі страшна. Я бы ніколі не магла падумаць, што такое можа адбыцца з намі ў нашай краіне. Я не магу дараваць. Я ня ведаю, як такое прабачаецца».
Пасьля вызваленьня ноччу Руслану стала блага. Ён паехаў у шпіталь. Аказалася, што ў яго зламаныя абедзьве рукі, страсеньне мозгу, моцна апухлі ногі, засталіся ранкі на целе. Яго шпіталізавалі на 5 дзён. У шпіталі журналіст таксама запісваў і публікаваў відэагісторыі пацярпелых.
Руслану дасылалі паведамленьні чытачы з усяго сьвету, падтрымлівалі яго. У кнігах ён пісаў шмат гісторый аб продках людзей, якія зьехалі ў эміграцыю.
Адначасова нехта выклаў у сеціва асабістыя зьвесткі сям’і: адрас, тэлефон, да таго ж абразьлівую непраўдзівую інфармацыю. Таксама пачалі распаўсюджваць зьвесткі, што Руслан нібыта не пацярпеў і гіпс у яго несапраўдны. Кулевічам сталі паступаць пагрозы. Яны былі вымушаныя часова зьехаць з гораду.