Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 32-гадовай жанчыны — інсульт пасьля затрыманьня мужа. У сям’і 4 дзяцей


Юлія Сахарук, архіўнае фота
Юлія Сахарук, архіўнае фота

Юліі Сахарук, маці чацьвярых дзяцей з Пружаны, тэрмінова патрэбная рэабілітацыя. Ад стрэсу пры затрыманьні мужа яна перанесла ішэмічную атаку галаўнога мозгу і інсульт.

З прычыны каранавірусу Берасьцейскі абласны шпіталь праводзіць рэабілітацыю толькі хадзячым хворым, а Юлія — ляжачая.

Моцны стрэс прывёў да інсульту

Амаль тры тыдні Юлія Сахарук правяла ў рэанімацыі Берасьцейскага абласнога шпіталя на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Мэдыкі зьвязваюць яе цяжкі стан з моцным стрэсам, перажытым 10 жніўня. 31 жніўня Юлію перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату. У маладой жанчыны паралізаваная левая частка цела (рука, нага), запаволеная гаворка. Калі падлучалі да апарата ШВЛ, выдалілі 8 зубоРказваючы гэтую гісторыю, муж Юліі Анатоль Сахарук ня можа стрымаць сьлёз.

«Мая жонка — вельмі моцны чалавек. Усе, хто яе ведаюць, адзначаюць, што ў яе вельмі цьвёрды характар, яна моцная духам, вельмі актыўная па жыцьці. Чаму зь ёй так здарылася, у маёй галаве не ўкладаецца. Але загадчык аддзяленьня нэўрахірургіі Берасьцейскага абласнога шпіталя, дзе цяпер Юля праходзіць лячэньне, пацьвердзіў, што ў такім узросьце менавіта стрэс справакаваў інсульт», — кажа Анатоль.

Людзей затрымлівалі супрацоўнікі аддзелу аховы ў форме АМАПу

10 жніўня ў Анатоля, аўтасьлесара станцыі тэхабслугоўваньня з Пружаны, быў дзень народзінаў — яму споўнілася 35.

А 8-й вечара ён з жонкай Юліяй і сябрам ішлі ў кавярню, каб адзначыць сьвята. Прычым ішлі не па цэнтральнай вуліцы і далёка ад плошчы. Мэтраў за 100 ад іх спыніўся аўтобус з АМАПам. Выскачылі людзі ў чорным, узброеныя шчытамі і дубінкамі.

«Хто быў на вуліцы, разьбегліся, пабег і наш сябар. А мы проста стаялі з жонкай, трымаючыся за рукі. Пружана — гарадок невялікі, людзі адзін аднаго ведаюць. Свайго АМАПу ў Пружане няма, у чорную ўніформу пераапранулі супрацоўнікаў аддзелу Дэпартамэнту аховы. Прычым Пружанскі райаддзел міліцыі мае дамову на абслугоўваньне службовага аўтатранспарту са станцыяй тэхабслугоўваньня, дзе я працую. Да таго ж да мінулага году ў аддзеле аховы працаваў Юлін брат. То бок і мяне, і Юлю ўсе ведаюць. Гучыць каманда „Грузі ў аўтазак“. Міліцыянт падбягае да нас, разьбівае рукі сваімі пальчаткамі, хапае мяне і цягне ў аўтазак. Каманду даваў Дзьмітры Фамянюк», — расказвае Анатоль Сахарук.

Ён не супраціўляўся, казаў, што пойдзе сам. Запытваўся ў міліцыянтаў, за што яго затрымліваюць, пераконваў, што нічога не парушаў, не крычаў, проста ішоў з жонкай па вуліцы. Папрасіў перадаць жонцы ключы ад дому і тэлефон.

«Пасадзілі мяне ў аўтазак, я зноў тлумачу, што нічога процізаконнага не рабіў. Да таго ж у мяне чацьвёра непаўналетніх дзяцей, малодшай дачцэ 3 гады. Адзін міліцыянт, які мяне ведае, пытаецца, што рабіць. Яны параіліся паміж сабой і вырашылі мяне адпусьціць.

А Юлія вельмі перапалохалася. Калі мяне нарэшце выпусьцілі, мы адышлі ўбок, агледзеліся — на руках сінякі.

Позна ўвечары Юлія сказала, што чуецца так сабе. Мы крыху пагулялі на вуліцы, падыхалі сьвежым паветрам», — працягвае свой расповед Анатоль.

Анатоль паказаў перапіску ў мабільным тэлефоне Юліі з братам, які раней служыў у аддзеле аховы. Юлія напісала, што кіраваў затрыманьнямі Аляксандар Кунда і начальнік пашпартнага стала. І што яе па руках біў асабіста Аляксандар Кунда.

Аляксандар Кунда, камандзір аддзяленьня груп затрыманьня Пружанскага аддзелу Дэпартамэнту аховы МУС
Аляксандар Кунда, камандзір аддзяленьня груп затрыманьня Пружанскага аддзелу Дэпартамэнту аховы МУС

Юліі неабходная тэрміновая рэабілітацыя

На наступны дзень, 11 жніўня, Юліі стала зусім дрэнна. Выклікалі хуткую дапамогу, яе забралі з падазрэньнем на інсульт спачатку ў рэанімацыю Пружанскай раённай бальніцы. Потым перавялі ў Берасьцейскую абласную бальніцу. Амаль 3 тыдні Юлія прабыла ў рэанімацыі, толькі два дні таму яе перавялі ў нэўрахірургічнае аддзяленьне. У яе паралізаваныя левая рука і левая нага.

Падзяка Юліі за выхаваньне сына Аляксандра
Падзяка Юліі за выхаваньне сына Аляксандра

Юліі Сахарук 32 гады, у сям’і чацьвёра дзяцей. Старэйшаму сыну 15 гадоў, малодшай дачцэ — 3. Анатоль на працы браў адпачынак, трэба было і дзяцей даглядаць, і да жонкі ў Берасьце езьдзіць. Толькі ў аўторак выйшаў на працу. Кажа, што не было часу падаць заяву са скаргай на дзеяньні міліцыі. Сёньня зьбіраецца заключыць дамову з адвакатам, каб юрыст запатрабаваў усе мэдычныя заключэньні і даведкі пра стан жонкі.

У Пружане створаная Каардынацыйная рада, якая дапамагае пацярпелым. Яна падтрымлівае сям’ю Сахарукоў і матэрыяльна, і маральна.

«Юлія цяпер у Берасьцейскім абласным шпіталі. Ёй патрэбна рэабілітацыя, але з прычыны каранавірусу рэабілітацыя праводзіцца толькі для хадзячых хворых, а Юлія — ляжачая. Мы зьвяртаемся да мэдычных цэнтраў, шукаем, хто можа дапамагчы жанчыне стаць на ногі. У яе ж чацьвёра дзетак», — кажа старшыня Каардынацыйнай рады Ганна Баран.

Пружанская міліцыя не камэнтуе

Свабода зьвязалася з намесьнікам начальніка аддзелу ўнутраных спраў Пружанскага райвыканкаму па ідэалягічнай працы і кадравым забесьпячэньні падпалкоўнікам Юрыем Неміровічам з пытаньнямі, чым былі выкліканыя жорсткія затрыманьні 10 жніўня ў Пружане. І чаму супрацоўнікі аддзелу аховы былі ў той вечар у форме АМАПу. Юры Анатольевіч паведаміў, што «грамадзяне Анатоль і Юлія Сахарукі 10 жніўня міліцыяй не затрымліваліся. Скаргаў ад іх на стан здароўя не паступала. Усё астатняе — без камэнтароў».

Што да іншых пытаньняў, у тым ліку пра выкарыстаньне форму АМАПу супрацоўнікамі аддзелу аховы — параіў зьвяртацца ў пісьмовай форме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG