Прэмʼер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс заявіў, што санкцыі ў адказ, якімі ў пятніцу пагражаў Літве і Польшчы Аляксандр Лукашэнка, у першую чаргу ўдараць па Беларусі.
Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.
«Цяжка зразумець: наколькі трэба чапляцца за ўладу і ненавідзець свой народ, каб праз закранутыя амбіцыі рашыцца шкодзіць сваёй дзяржаве і яе грамадзянам», — напісаў Сквярняліс ў сваім акаўнце ў фэйсбуку.
«Калі рашэньні, пра якія сёньня кажа Лукашэнка, будуць прынятыя, яны ў першую чаргу ўдараць па самой Беларусі», — дадаў ён.
Лукашэнка сёньня заявіў, што гатовы ўвесьці санкцыі ў адказ у дачыненьні да Літвы і Польшчы, якія плянуюць прыняць меры супраць уладаў Беларусі ў адказ на фальсыфікацыі выбараў і дзеяньні сілавых структураў супраць мірных пратэстоўцаў.
Лукашэнка паабяцаў спыніць транзыт празь Беларусь у Расею і Кітай і заявіў, што Беларусь ня будзе выкарыстоўваць парты Літвы для экспарту сваёй прадукцыі.