Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Квасьнеўскі: «Саша, ты каля фінішнай рысы...»


Экс-прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі даў інтэрвію ВВС, у якім расказаў пра свае сустрэчы з Лукашэнкам і ацаніў пэрспэктывы цяперашняга кіраўніка Беларусі.

Цытаты:

  • Сытуацыя ў Беларусі разьвіваецца вельмі дынамічна. Упершыню, што важна, мы бачым такую рэзкую рэакцыю грамадзтва, хоць, я думаю, не ўпершыню ў гісторыі Беларусі прэзыдэнцкія выбары былі сфальсыфікаваныя. Але такая рэзкая рэакцыя — упершыню.
  • І я тлумачу гэта тым, што, нягледзячы на фальсыфікацыі папярэдніх выбараў, Лукашэнка ў іх перамагаў. А цяперашнія выбары ён прайграў, адсюль і рэакцыя людзей.
  • Другая акалічнасьць — вельмі важная роля маладога пакаленьня. Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе 26 гадоў. А гэта азначае, што маладыя выбарнікі нарадзіліся ў часы кіраваньня Лукашэнкі, яны жывуць у часы кіраваньня Лукашэнкі і катэгарычна ня згодныя памерці пры прэзыдэнце Лукашэнку. Я думаю, што гэтая рэакцыя, арганізаванасьць і рашучасьць маладога пакаленьня — таксама новы фактар.
  • А трэцяя акалічнасьць палягае ў тым, што Лукашэнка быў вельмі пасьпяховым палітыкам. Доўгія гады ён забясьпечваў беларусам ня хуткі, але сталы рост эканомікі. Стандарты жыцьця падвышаліся, але летась сытуацыя значна ўскладнілася. Павялічылася і расчараваньне ў ім.

  • Я думаю, што зараз вельмі адчувальны момант, таму што, з аднаго боку, Лукашэнка спрабуе спыніць пратэсты і кантраляваць сытуацыю. І вядома, ён можа гэта зрабіць, таму што, у першую чаргу, у яго па-ранейшаму шмат прыхільнікаў у ягонай адміністрацыі, у КДБ, АМАПе. Я ня ведаю, якая ў яго падтрымка сярод вайскоўцаў, але думаю, ён можа кантраляваць сытуацыю да пэўнай ступені.
  • Галоўнае пытаньне палягае ў рашучасьці пратэстоўцаў. Калі людзі на вуліцы працягнуць пратэставаць, калі будзе больш пратэстаў на заводах (страйкі — вельмі важны фактар), тады сытуацыя для Лукашэнкі будзе значна складанейшай. Жорсткія мэтады не спрацуюць ці створаць драматычныя сытуацыі з ахвярамі. І тады пытаньне ў тым — што здарыцца далей? І гэта вельмі складана прадказаць. Тое, што робіць Расея, да пэўнай ступені відавочна, таму што Расея хоча ўтрымаць Беларусь у сваёй сфэры ўплыву, і апошнія заявы Пуціна паказваюць, што «ў выпадку неабходнасьці мы акажам вайсковую дапамогу Лукашэнку». Але, на маю думку, нават Расея не занадта зацікаўлена пайсьці на такія жорсткія меры.

  • Я думаю, што для Пуціна заканчэньне эпохі Лукашэнкі было б прымальным, калі б знайшоўся хтосьці, хто замяніў яго. І гэты хтосьці быў бы даволі прарасейскім, каму Пуцін бы давяраў. Затым гэты новы лідэр Беларусі, вядома, паспрабаваў бы знайсьці кампраміс з апазыцыяй.
  • У шырокім сэнсе палітыка Захаду ў адносінах да Беларусі была занадта пасіўнай. Мне здаецца, заходняя палітыка ў дачыненьні Ўкраіны была вельмі актыўнай — часам у большай, часам у меншай ступені, але ніколі не была пасіўнай. А палітыка Захаду ў дачыненьні да Беларусі была занадта пасіўная. Гэта не азначае, што мы павінны запрасіць Беларусь стаць часткай Захаду; я думаю, гэта і немагчыма. Але ў сэнсе палітычнага дыялёгу, кантактаў, візытаў, праграм, прысьвечаных Беларусі, мы былі недастаткова актыўныя.
  • Калі мы гаворым пра рэальную палітыку — вядома, калі альтэрнатывай будзе сувэрэнная Беларусь з Лукашэнкам ці адсутнасьць сувэрэнітэту Беларусі ў сувязі з канцом Лукашэнкі, наш выбар павінен быць ясным — сувэрэнная Беларусь. Але галоўнае пытаньне — жаданьне і воля беларускага народу. На працягу доўгага часу беларускі народ ня быў надта актыўны на арэне барацьбы за дэмакратыю, але ўсё, што мы бачылі ў мінулым месяцы, у апошнія тыдні, паказвае, што беларусы хочуць аднаго — яны хочуць сумленных і свабодных выбараў.
  • Калі сёньня ў вас канфлікт: Беларусь ідзе ў ЭЗ пад кіраўніцтвам лідэраў апазыцыі, а Лукашэнка кажа: «Не, мы захаваем самыя лепшыя адносіны і застаёмся ў саюзе з Расеяй», то гэта стала б запрашэньнем для вайсковага ўмяшаньня Пуціна, што прывяло б да страты Беларусьсю і без таго абмежаванага сувэрэнітэту.

  • Сёньня для нас, для Эўропы важныя дзьве рэчы. Так, мы прымаем, змагаемся і падтрымліваем сувэрэнітэт Беларусі, але мы падтрымліваем і жаданьне беларускага народу мець больш дэмакратыі, прынамсі мець сумленныя і свабодныя выбары. І гэта тое, што мы цяпер можам прапанаваць.
  • Калі б у мяне была магчымасьць сумленна і адкрыта зь ім пагаварыць, я б сказаў яму: «Саша, глядзі, 26 гадоў — гэта вялікі тэрмін. І ты ўпусьціў першую магчымасьць. Калі б ты пайшоў пяць гадоў таму, людзі б запомнілі цябе добрым прэзыдэнтам, чалавекам, які зьмяніў іх жыцьцё, павысіў узровень жыцьця. Сёньня ты павінен разумець, што ты ля фінішнай рысы. І ты павінен вырашыць, як скончыць гэты доўгі пэрыяд і ці будзе твая спадчына добрай ці дрэннай». Як у Ярузэльскага, які арганізаваў «Круглы стол», ці як у Януковіча, які ўцёк, або як у Чаўшэску, якога забілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG