Работнікі Беларускай чыгункі напісалі калектыўны зварот, у якім сярод іншага заяўляюць пра тое, што лічаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі, патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў, асуджаюць гвалт сілавікоў да мірных грамадзянаў, паведаміў Tut.by.
Пад зваротам падпісаліся амаль 1150 чалавек.
Адзін з работнікаў сказаў, што подпісаў магло б быць значна больш, калі б на актывістаў ня ціснула кіраўніцтва.
Падпісанты не прызнаюць агучаных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і просяць:
- адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі;
- адстаўкі ЦВК у поўным складзе на чале зь Лідзіяй Ярмошынай;
- прызнаць прэзыдэнцкія выбары сфальсыфікаванымі і несапраўднымі;
- прыцягнуць да адказнасьці ўсіх датычных да фальсыфікацыі падліку галасоў на выбарах;
- правесьці новыя сумленныя выбары з празрыстым і зразумелым падлікам галасоў;
- спыніць ужываньне сілы і зброі з боку сілавікоў у дачыненьні да мірнага насельніцтва, а таксама незаконныя арышты і затрыманьні;
- вызваліць палітзьняволеных;
- спыніць ціск на тых сябраў выбарчых камісій, якія сумленна выконвалі свае абавязкі;
- кампэнсаваць матэрыяльныя і маральныя страты ўдзельнікам мірных акцый і аўтамабілістам, якія пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў.
Падпісанты ліста зьвяртаюць увагу на тое, што многія зь іх ня могуць далучыцца да агульнанацыянальнага страйку, бо іхная праца зьвязаная зь бясьпекай руху на чыгуначным транспарце. Але падкрэсьліваюць, што права на свабоду думак, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне гарантуецца Канстытуцыяй.