Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менская дэпутатка Старавойтава не прыйшла на сустрэчу з выбарнікамі, просіць зьвяртацца пісьмова


Выбарнікі прыйшлі на сустрэчу з дэпутаткай да школы №12 у Менску, падпісваюць патрабаваньні
Выбарнікі прыйшлі на сустрэчу з дэпутаткай да школы №12 у Менску, падпісваюць патрабаваньні

Выбаршчыкі пачалі зьбіраць подпісы пад сваімі патрабаваньнямі, сярод якіх — ініцыяваць стварэньне парлямэнцкай камісіі для расьсьледаваньня злачынстваў, учыненых сілавікамі з 9 па 13 жніўня ў Менску супраць грамадзян.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Старавойтава не прыйшла на прыём выбарнікаў Каменнагорскай акругі № 101 у Менску. На ўваходзе ў школу № 12, дзе павінна была адбыцца сустрэча, людзі ўбачылі аб’яву, што прыём грамадзян адменены «ў сувязі з хваробай дэпутата».

Памочнікі дэпутаткі Старавойтавай на сустрэчу таксама не прыйшлі.

У аб’яве выбарнікам прапанавана «аформіць зварот пісьмова». Калектыўны зварот павінен быць падпісаны «ўсімі зацікаўленымі асобамі»:

«Абяцаем дапамагчы ў выкананьні тых зваротаў, якія знаходзяцца ў кампэтэнцыі дэпутата».

На сустрэчу сабраліся некалькі дзясяткаў выбарнікаў, іншыя людзі падыходзілі. Сустрэча плянавалася да 18-й гадзіны.

Жыхарка акругі Ганна сказала, што сустрэча са Старавойтавай была плянавая. Пра хваробу дэпутаткі ўсе даведаліся, прыйшоўшы да школы.

«У нас ёсьць тры патрабаваньні, якія мы прапануем вам падпісаць. Першае, дэпутат павінен садзейнічаць рэалізацыі нашага права на свабоду сходаў. Таму мы патрабуем дапамагчы ў арганізацыі штотыднёвага мітынгу кожную суботу ў сьветлы час сутак: ініцыяваць выдзяленьне матэрыяльных і тэхнічных сродкаў на арганізацыю мітынгу і прасачыць за рухам дазвольных дакумэнтаў. То бок удзельнікі сходу не павінны баяцца, што іх могуць затрымаць».

Месцам для мітынгу выбарнікі прапануюць прызначыць парк імя Уга Чавэса альбо любую з адкрытых пляцовак акругі.

«Тэма для гэтых сходаў — факты фальсыфікацый на мінулых выбарах, парушэньне выбарчага заканадаўства, канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян Беларусі».

Таксама выбарнікі акругі патрабуюць, каб дэпутатка Старавойтава накіравала запыт на атрыманьне копій усіх пратаколаў выбарчых камісій па Фрунзенскім раёне Менску для ўсеагульнага азнаямленьня. У дзень выбараў гэтыя пратаколы яны ўбачыць не змаглі.

«Далей мы хочам скарыстаць гэтыя пратаколы для расьсьледаваньня», — патлумачылі выбарнікі.

Таксама ад Старавойтавай патрабуюць накіраваць у Сьледчы камітэт, Генпракуратуру і іншыя праваахоўныя органы дэпутацкі запыт.

«Гэта запыт аб прававой ацэнцы ўсіх выпадкаў катаваньняў, забойстваў і гвалту супраць мірных дэманстрантаў і аб пачатку крымінальных спраў па фактах нанясеньня лёгкіх, сярэдніх і цяжкіх цялесных пашкоджаньняў і забойстваў грамадзян Беларусі».

Ганна паведаміла пра збор інфармацыі пра ўсіх пацярпелых жыхароў акругі. Гэтую інфармацыю потым накіруюць дэпутатцы Старавойтавай.

Прысутныя казалі, што на тых, хто пацярпеў падчас пратэстаў, чыніцца ціск.

«Нам трэба рухацца далей, каб нас не закаталі поўнасьцю. Калі мы будзем маўчаць, хавацца і залізваць раны, з гэтага нічога не атрымаецца», — сказала Ганна.

Незалежны назіральнік на выбарах Алег Мяжэвіч сказаў, што накіроўваў скаргі на парушэньні ў пракуратуру, у Фрунзенскі РУУС і выбарчую камісію, але атрымаў адпіску.

«Тры дні таму я накіраваў Старавойтавай у Палату прадстаўнікоў патрабаваньне, якое падпісалі 12 чалавек. У ім мы патрабуем ініцыяваць стварэньне парлямэнцкай камісіі па расьсьледаваньні злачынстваў, учыненых сілавікамі з 9 па 13 жніўня ў Менску супраць грамадзян: незаконных затрыманьняў, выкраданьняў, гвалту, катаваньняў, згвалтаваньняў сярод іншага інвалідаў, непаўналетніх, цяжарных, жанчын, а таксама пашкоджаньняў аўтамабіляў і краж асабістай маёмасьці і іншага. Чакаем адказу», — сказаў Алег Мяжэвіч.

Выбаршчыкі таксама вырашылі зрабіць запыт і адносна іншых пытаньняў — пра якасьць вады, трохгадовы рамонт дзіцячага садку, забруджваньне атмасфэры ЦЭЦ-4 і іншае.

«Для таго каб ініцыяваць адкліканьне дэпутата, неабходныя падставы аб невыкананьні ім дэпутацкіх абавязкаў. Таму і садок, і вада, і іншае, — усё гэта ідзе ў скарбонку, таму зьбіраем і накіроўваем», — сказала адна з выбаршчыц.

Выбаршчыкі пакінулі свае подпісы пад зваротамі.

На 20 выбарчых акругах Менску частка выбаршчыкаў ініцыявала адкліканьне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG