Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьнік 11 жніўня, знайшлі мёртвым нібыта каля «Рыгі». Амаль месяц калегі ня ведалі, куды зьнік мянчук


Пратэст каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Менску 10 жніўня
Пратэст каля гандлёвага цэнтру «Рыга» ў Менску 10 жніўня

Апошні раз Аляксандра Будніцкага бачылі раніцай 11 жніўня: ён тады яшчэ спаў, а пасьля абеду павінен быў выйсьці на зьмену. На працы ён так і не зьявіўся, не вярнуўся і ў інтэрнат, дзе жыў апошнія 2 гады.

Яго калегі напісалі заяву ў міліцыю аб зьнікненьні чалавека, а 31 жніўня даведаліся, што Будніцкага няма ў жывых: яго цела нібыта знайшлі непадалёк ад ГЦ «Рыга», паведамляе Tut.by.

«Аляксандар жыў у нашым інтэрнаце і працаваў на Менскім заводзе шасьцерань, са сваякамі асабліва сувязь не падтрымліваў, жыў так — праца-дом-праца, — так сусед Аляксандра па інтэрнаце Сяргей патлумачыў, чаму забілі трывогу, калі 11 жніўня Аляксандар Будніцкі ня выйшаў на працу. — Я падняў шуміху на працы, што прапаў чалавек, чаму ніхто не шукае».

Раніцай 11 жніўня, калі сусед Аляксандра па пакоі Генадзь сыходзіў на працу ў першую зьмену, Аляксандар яшчэ спаў, а калі Генадзь вярнуўся з працы, яго не было ў інтэрнаце. Не вярнуўся ён ні ў тую ноч, ні ў наступную. «Раней ён не зьнікаў, а калі куды ехаў, тэлефанаваў мне, каб я не перажываў», — расказвае сусед Генадзь.

Аляксандар Будніцкі. Фота далі Tut.by чытачы
Аляксандар Будніцкі. Фота далі Tut.by чытачы

Іншы сусед па блёку Сяргей сказаў Tut.by, што падчас апошняй размовы з Аляксандрам Будніцкім ён расказаў яму, што бачыў, як сілавікі стралялі і ўзрывалі сьвятлашумавыя гранаты каля «Рыгі» падчас пратэстаў 10 жніўня.

«Больш яго ня бачыў ні дома, ні на працы, — адзначае Сяргей. — Бачачы, што Аляксандра не шукаюць, разам з Генадзем 19 жніўня паехалі ў Першамайскае РУУС і пакінулі заяву, што зьнік чалавек. У нас яшчэ спыталі, удзельнічаў ён у акцыі ці не. Ня так даўно зь міліцыі прыйшоў адказ, што заява прынятая і зарэгістраваная».

Як сьцьвярджаюць Сяргей і Генадзь, з 11 жніўня і да моманту размовы з журналістамі парталу ніхто з супрацоўнікаў міліцыі зь імі ня зьвязваўся. Першыя дні мужчыны спрабавалі датэлефанавацца да Аляксандра, ішлі доўгія гудкі, але ніхто не адказваў. А потым прагучала: «Абанэнт па-за зонай доступу».

«У панядзелак я патэлефанаваў брату Аляксандра, ён паведаміў, што Будніцкага знайшлі мёртвым каля „Рыгі“, нібыта нешта з сэрцам. Нават ня ведаю... Аляксандар працаваў у першым цэху, на цяжкім участку, рабіў бартавыя дэталі, гэта фізычна цяжкая праца. У яго ішлі дэталі па 16, 30 кіляграмаў, уяўляеце? І 200–300 штук такіх дэталяў трэба перакінуць у дзень зь месца на месца. Ён жартаваў: „Я жылісты“.

Аляксандар — чалавек неканфліктны, любіў пажартаваць, вечна расказваў анэкдоты, ад палітыкі далёкі. Не выключаю, што 11 жніўня ён мог пайсьці да „Рыгі“ паглядзець, што там адбываецца. Тым больш асабіста мне казаў, што ў той дзень адпрасіўся з працы», — кажа Сяргей.

У мужчыны шмат пытаньняў, якія пакуль застаюцца без адказаў: калі памёр Аляксандар? Чаму ніхто ў людным месцы ня ўбачыў цела? Калі ён памёр 11 жніўня і знаходзіўся ў моргу як неапазнаны, чаму пры звароце ў міліцыю пра гэта ім не паведамілі?

Валянцін, брат Аляксандра, у міліцыю з заявай не зьвяртаўся. 31 жніўня яму паведамілі, што цела сваяка знайшлі «ў парку ў раёне Сурганава, каля гандлёвага цэнтру „Рыга“».

«Нічога там такога, заўтра я атрымаю [цела]. Ён сышоў 11 жніўня, у міліцыі сказалі: ёсьць сьведкі, што ён папрасіў закурыць і пры іх здарыўся прыступ, быў у стане моцнага алькагольнага ап’яненьня. 12 жніўня ён ужо паступіў на экспэртызу. Прайшла нейкая левая інфармацыя ад калегаў, што ён ня мае сваякоў», — кажа брат Аляксандра.

Аляксандру было 53 гады, ён разьведзены, пасяліўся ў інтэрнаце на вуліцы Батанічнай 2 гады таму. Тыя, хто жыў зь ім у адным блёку, кажуць, што мужчына часьцей быў у сваім пакоі, толькі на выходных езьдзіў у лес у грыбы і ягады, мог выбрацца на Камароўку. Што да алькаголю, паводле суседзяў Аляксандра, ён мог выпіць, але ў запой не сыходзіў.

Tut.by зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт з просьбай удакладніць, калі і дзе знайшлі цела Аляксандра Будніцкага, чаму так доўга не было вядома пра ягоную сьмерць.

«У названыя даты факты сьмерці каля ГЦ „Рыга“ не зарэгістраваныя, пакуль іншай інфармацыі ня будзе», — заявіла Кацярына Гарлінская, афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску.

У ГУУС Менгарвыканкаму адказалі, што камэнтаваць будзе Сьледчы камітэт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG