Яшчэ трох сябраў Каардынацыйнай рады — Івана Краўцова, Паўла Данэйку і Юрыя Губарэвіча — выклікалі ў Сьледчы камітэт на заўтра, 2 верасьня, у статусе сьведак у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы супраць Рады.
Працягваецца ціск на Вольгу Кавалькову, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады, якая адбывае адміністратыўнае пакараньне ў СІЗА Жодзіна, паведаміў Свабодзе прэс-сакратар Рады.
Стала вядома, што ў сераду 2 верасьня да яе зьбіраюцца наведацца сьледчыя з СК па крымінальнай справе, заведзенай на сябраў Каардынацыйнай рады. Вольгу Кавалькову дапытаюць у якасьці сьведкі. Адвакат будзе настойваць на прысутнасьці пры допыце.
На 1 верасьня на допыт у Сьледчы камітэт у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады выклікалі прэс-сакратара Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова. Паводле прэс-службы КР, Раднянкова выклікалі ў якасьці сьведкі, хоць ён не ўваходзіць у прэзыдыюм.
Раней у СК дапытвалі толькі сябраў прэзыдыюму КР: Сьвятлану Алексіевіч, Максіма Знака, Лілію Ўласаву, Паўла Латушку, Сяргея Дылеўскага і Марыю Калесьнікаву.
31 жніўня супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю затрымалі сябра прэзыдыюму КР, міжнароднага мэдыятара Лілію Ўласаву, у яе кватэры прайшоў вобшук. Раніцай яе выклікалі на 15.00 у Цэнтральнае РУУС Менску па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу.
Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая знаходзіцца ў Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).
Два сябры прэзыдыюму рады — Сяргей Дылеўскі і давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова — цяпер знаходзяцца ў ІЧУ ў Жодзіне, дзе адбываюць 10-суткавы адміністрацыйны арышт паводле абвінавачаньня ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Іх затрымалі раніцай 24 жніўня каля прахадной МТЗ.
28 жніўня невядомыя затрымалі Віталя Крыўко — сябра Каардынацыйнай рады, каардынатара штабу былога прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі.
Згодна з рэзалюцыяй КР, орган ставіць сваёй мэтай ня зьмену канстытуцыйнага ладу, а выхад з палітычнага крызісу, які склаўся ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, і забесьпячэньне згоды ў грамадзтве на аснове Канстытуцыі.