Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня ўпэўнены, што Лукашэнка захавае ўладу». Навошта мясцовыя ўлады выдаляюць з сайтаў інфармацыю пра выбары


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі мясцовыя ўлады выдаляюць з сайтаў інфармацыю пра выбары. Большасьць раённых адміністрацый ужо выдалілі са сваіх сайтаў спэцыяльныя разьдзелы па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. З афіцыйных сайтаў зьніклі таксама імёны і прозьвішчы людзей, якія працавалі ў выбарчых камісіях.

Навошта гэта робіцца, вядучы «Настоящего времени» Цімур Алеўскі спытаў у дырэктара аналітычнага цэнтра EAST Андрэя Елісеева, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве.

— Відавочна, што мясцовыя органы ўлады, райвыканкамы, іх кіраўнікі і падначаленыя хочуць схаваць два важныя рашэньні, якія кожны з гэтых органаў прымаў. Гэта рашэньне аб утварэньні раённых выбарчых камісій і ўчастковых выбарчых камісій. Гэта абсалютна канкрэтныя дакумэнты з датай, нумарам, з прозьвішчамі, імёнамі чальцоў камісій. Той факт, што мясцовыя органы ўлады раптам «сьцёрлі» гэтыя вынікі, сьведчыць аб тым, што яны ня ўпэўненыя, што Лукашэнка захавае ўладу, яны такім чынам на ўсялякі выпадак падстрахоўваюцца, каб не адказваць, магчыма, за тыя дзеяньні, якія яны распачалі.

— Гэта абараняюцца, умоўна кажучы, арганізатары працэсу, або яны такім чынам выбары абараняюць? Умоўна кажучы, каб мы з вамі не маглі знайсьці сябра выбарчай камісіі і патэлефанаваць яму празь некаторы час, спытаць, як выбары праходзілі. Каго яны абараняюць, як вам здаецца?

— Я думаю, яны найперш абараняюць сябе. Я маю на ўвазе, што найперш размова ідзе пра кіраўніцтва раённых выканаўчых камітэтаў. У Беларусі такая выбарчая сыстэма, пры якой вынікі з участковых, самых нізавых выбарчых камісій, зводзяцца ў раённых выбарчых камісіях, у гарадзкіх. Гэтыя камісіі знаходзяцца ў будынках райвыканкамаў, гарвыканкамаў. Гэта ніжняя частка вэртыкалі ўлады.

Далей яны ідуць у абласныя выбарчыя камісіі, якія знаходзяцца ў аблвыканкамах. Гэта ўсё вельмі жорсткая цэнтралізаваная сыстэма ўлады, і фактычна кіраўнікі мясцовых выканаўчых камітэтаў адказвалі за падбор як сяброў раённых выбарчых камісій, так і ўчастковых, самых ніжніх. Гэта значыць, фактычна гэтыя людзі даводзілі патрэбныя лічбы і патрэбным чынам зводзілі выбарчы вынік.

— Ці правільна я разумею, што вы цяпер гаворыце пра непасрэдную залежнасьць чальцоў выбарчых камісій усіх узроўняў ад кіраўнікоў гэтых самых узроўняў?

— Абсалютна так. Калі ўзяць любы раён Беларусі, у Беларусі каля 120 раёнаў, гэта фактычна мікрамадэль. На прыкладзе аднаго раёну можна бачыць, мультыпліцыруем у 120 разоў, як гэта адбываецца. У Беларусі Адміністрацыя прэзыдэнта прызначае кіраўнікоў аблвыканкамаў — абласныя выканаўчыя камітэты. Аблвыканкамы адбіраюць і прызначаюць раённыя выбарчыя камітэты. А вось ужо раённыя ўлады прызначаюць, адбіраюць усіх сябраў участковых выбарчых камісій. Гэтая сытуацыя існуе ў Беларусі 20 гадоў.

— Ці значыць гэта, што на працягу 20 гадоў усё галасаваньні — выбары, рэфэрэндумы выклікалі ў вас сумнеў?

— Ня проста выклікалі сумневы. Я ў мінулым месяцы выдаў вялікае дасьледаваньне, яно называецца «Матэматыка супраць Ярмошынай. Як у Беларусі фальсыфікуюць выбары». І там я прыводжу абсалютна прамыя і ўскосныя доказы, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году, 2010-га і 2006-га наогул ня могуць існаваць у прынцыпе, яны супярэчаць матэматычным законам.

— Раз мы гаворым цяпер пра крызіс легітымнасьці так глыбока, то ў мяне ўзьнікае пытаньне. Наогул гаварыць пра выбары праз столькі дзён — 23 дні пратэстаў — яшчэ мае сэнс? Ці мае сэнс нагадваць пра тое, што было, ці цяпер ужо працэс далёка пайшоў і выбары ня маюць ніякага значэньня, як вы думаеце?

— Выбары, вядома, маюць значэньне. Увогуле, асноўнае патрабаваньне ў беларусаў — гэта правядзеньне новых, справядлівых выбараў. Гэтае патрабаваньне зыходзіць з таго, што так званыя выбары, якія былі тры тыдні таму, гэта было проста [фарсам]. Іншая справа, што мы з тых выбарчых дадзеных, якія маем пасьля выбараў, бо частка выбаркамаў больш-менш сумленна палічыла галасы (так ужо атрымалася, што беларусы запатрабавалі падліку, прыходзілі да ўчасткаў увечары). Мы з гэтых вынікаў можам бачыць, ня проста меркаваць, а паводле навуковых дадзеных меркаваць, што Лукашэнка альбо зусім прайграў выбары і Сьвятлана Ціханоўская перамагла ў першым туры, набрала 50% +, альбо Лукашэнка зь ёй выходзіць у другі тур.

Але пасьля таго тэрору, які Лукашэнка зрабіў пасьля выбараў, у прынцыпе, для многіх беларусаў адказ на гэтае пытаньне ўжо ня мае значэньня. Гэта значыць, ён страціў усякую легітымнасьць. Я думаю, што яго актуальны рэйтынг, магчыма, каля 10% складае цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG