Многія маладыя беларусы, якія зьбіралі подпісы за Святлану Ціханоўскую ў часе перадвыбарнай кампаніі, удзельнічалі ў мірных мітынгах, а потым даведаліся, што на іх за гэта завялі крымінальныя справы, былі вымушаныя зьехаць з краіны.
Частка зь іх асела ва Ўкраіне і цяпер фактычна пачынае жыцьцё з нуля. Як ім жывецца ў чужой краіне і ці дапускаюць яны, што аднойчы вернуцца на радзіму? Рэпартаж «Настоящего времени».
Кацярына Купрыянава ўжо месяц кантактуе з бацькамі толькі празь відэасувязь, ды і тое, калі ў Беларусі стабільна працуе інтэрнэт. Зь Беларусі яна зьехала разам з маленькім сынам яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў.
«Я была сябрам ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, зьбірала за яе подпісы, — расказвае Кацярына. — Пасьля ціску на мяне і на маю сям’ю з боку міліцыі, з боку ўладаў мы вымушаныя былі зьехаць. Дзейнічаць яны пачалі хутка — праз майго брата, і ведалі, на што націснуць, — на дзяцей».
Кацярына кажа, што ўпершыню адчула сябе ў бясьпецы ўжо ў Кіеве. Але, нягледзячы на тое, што яе самой у Беларусі няма, улады працягваюць пагражаць — ужо яе бацькам.
«Мы вельмі перажываем за бацькоў, таму што іх таксама выклікаюць у міліцыю. Ім таксама паступаюць пагрозы: маўляў, не хадзіце нікуды, ні ў якіх мітынгах не бярыце ўдзелу, — кажа Купрыянава. — Мы жывём у невялікім горадзе Менскай вобласьці, там усе адзін аднаго ведаюць. За бацькамі пастаянна сочаць, каб яны, ня дай Бог, кудысьці ня выехалі».
Кацярына кажа, што мінімум на бліжэйшы год дакладна застанецца ва Ўкраіне:
«Мы зьбіраемся пайсьці ў школу ў першую клясу, зрабіць від на жыхарства і неяк жыць тут», — кажа яна. А на пытаньне, ці не цягне яе ці сына дамоў, кажа, што нават яе дзіця ня хоча ехаць назад: «Сказаў: я буду вучыць украінскую мову, я буду хадзіць у гэтую школу, я дадому не хачу».
Бажэне Жолуд 21 год. Яна таксама зьбірала подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую і таксама вымушана была пакінуць краіну празь перасьлед уладаў.
«У мяне быў дома ператрус. На мяне завялі адміністрацыйную справу ні за што. Яе завялі, каб я хадзіла ў міліцыю, калі ім трэба. За дзень мне магло прыйсьці чатыры позвы», — расказвае Жолуд.
Пасьля чарговага такога візыту ў міліцыю Бажэна зразумела, што ў мэтах бясьпекі ёй лепш зьехаць з гораду.
«Знаёмы з нашай міліцыі мне сказаў: ужо прызначаны дзень, калі цябе павінны затрымаць, да выходных ты павінна быць у іх. Што будуць рыхтавацца правакацыі на цябе, — успамінае Бажэна. — Усё маё жыцьцё засталася там: праца, кот, сабака, дом, рэчы. Мы ўзялі толькі тое, што бачылі навокал: літаральна за 2 гадзіны сабраліся і паехалі».
Уладзімір Жыгараў — яшчэ адзін беларус, які зьехаў з краіны. Ён былы міліцыянт, опэрупаўнаважаны з гораду Мазыр. «Вось фатаграфія, дзе я яшчэ супрацоўнік: парад быў на 9 траўня», — паказвае ён.
Жыгараў расказвае, што праблемы на працы ў яго пачаліся адразу ж пасьля таго, як ён адкрыта падтрымаў у перадвыбарнай кампаніі апазыцыйных кандыдатаў. «Да мяне пачалі прадузята ставіцца. Пачалі праверкі праводзіць па некалькі гадзінаў. Кампутар пераглядалі, усё, што можна, пераглядалі, — апавядае Жыгараў. — Потым, не знайшоўшы ўрэшце нічога, мяне выклікалі ва УУС. Там супрацоўнікі бясьпекі мне намякнулі, што калі я буду далей супрацоўнікам міліцыі і буду так выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю да таго, што адбывалася і адбываецца ў краіне, то на мяне завядуць крымінальную справу».
Уладзімір намёк зразумеў: звольніўся з пасады і пачаў удзельнічаць у мірных мітынгах. Неўзабаве яго затрымалі.
«10 жніўня, на наступны дзень пасьля выбараў, да нас у кватэру, якую мы здымалі ў Менску, уварваліся супрацоўнікі Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю. Наставілі пісталет у галаву і паклалі ўсіх на зямлю, — успамінае ён. — Мы наогул не разумелі, што адбываецца. Пасьля гэтага нас перадалі АМАПу, які нас адвёз у Ленінскі РУУС. Там паставілі ўсіх на калені на асфальт. Хтосьці стаяў у лужыне. І мы так стаялі: ногі накрыж, рукі за галаву, галавой уперціся ў турнікет. І ўсё гэта адбывалася 3-4 гадзіны. Калі хтосьці не вытрымліваў, то яго „стымулявалі“ палкай па сьпіне».
Ні Ўладзімір, ні Каця, ні Бажэна дадому ў найбліжэйшы час паехаць ня змогуць. Яны ўпэўнены, што на мяжы іх затрымаюць і адправяць у турму. Але сваіх суграмадзянаў і іх мірныя пратэсты яны падтрымліваюць: рэгулярна прыходзяць на акцыі салідарнасьці да амбасады Беларусі ва Ўкраіне.
Калі ім задаюць пытаньні, што павінна адбыцца ў Беларусі, каб яны вярнуліся, Кацярына кажа: «Калі зьменіцца ўлада, калі сыдзе Лукашэнка, калі будуць выбары, сумленныя і свабодныя».
«Калі ўлада ня зьменіцца, яна будзе душыць усіх. І яна будзе паступаць вельмі жорстка да людзей, у якіх іншая думка», — зазначае Ўладзімір Жыгараў.
«Мы яшчэ пакажам яму, што народ — улада. Што ня ён улада. І краіну ён не прыватызаваў», — кажа Бажэна пра Лукашэнку.