Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня
Студэнцкі марш у Менску 1 верасьня

24-ы дзень пратэстаў. Марш студэнтаў у Менску. Новыя затрыманьні і суды. Абвінавачаньне Севярынцу

Што адбываецца ў Беларусі на 24-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

12:09 1.9.2020

Памежнікі не даюць інфармацыі аб прычынах нядопуску мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь

Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі па стане на 11.20 1 верасьня няма ніякіх тлумачэньняў прычынаў нядопуску на тэрыторыю краіны грамадзяніна Беларусі, мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Пра гэта Свабодзе заявіў афіцыйны прадстаўнік ведамства Антон Бычкоўскі.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў у Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі запыт з патрабаваньнем тлумачэньня, чаму 31 жніўня яго не дапусьцілі ў Беларусь. Ён чакае адказу, знаходзячыся за мяжой.

Свой запыт рыхтуе і курыя Менскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касьцёла, на чацьвер заплянаванае тэрміновае пасяджэньне курыі. Занепакоенасьць сытуацыяй выказалі ў Ватыкане, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускага каталіцкага касьцёла айцец Юры Санько.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі накіраваў зварот да духавенства, кансэкраваных асобаў і вернікаў, у якім заклікае іх да асаблівай малітвы за Бацькаўшчыну, Касьцёл у Беларусі і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якому не дазволілі вярнуцца на Радзіму.

12:08 1.9.2020

АМАП заблякаваў галоўны корпус БДУ

У Менску не пускаюць студэнтаў МДЛУ ва ўнівэрсітэт, а галоўны корпус БДУ заблякаваў АМАП, адцясьняюць студэнтаў у двор.

12:00 1.9.2020

Як АМАП затрымліваў студэнтаў каля Лінгвістычнага ўнівэрсытэту і на плошчы Перамогі

11:56 1.9.2020

Студэнскі марш у Менску пачаўся з жорсткіх затрыманьняў

1 верасьня ў Беларусі заклікалі да ўсеагульнага страйку. АМАП пачаў жорстка затрымліваць калёну з сотні студэнтаў на плошчы Перамогі ў Менску.​

11:04 1.9.2020

Зранку невядомыя ў цывільным выкралі ў мікрараёне «Маяк Менску» маці дваіх дзяцей

Відэа, як невядомыя людзі запіхваюць жанчыну ў аўтамабіль, абляцела сацыяльныя сеткі.​

Пра затрыманьне Любові Кавальчук паведаміў яе муж Уладзімер.

«Яна не хуліган, нічога супрацьпраўнага яна не рабіла, яна добрапрыстойны чалавек. Я ўражаны гэтымі дзеяньнямі. Думаю, што гэта міліцыя», — кажа Ўладзімер.

«Каля 8.40 неапазнаныя людзі гвалтам пасадзілі жонку ў чорнае „Аўдзі“. Яна крычала пра дапамогу, але ранкам было мала людзей. Мінакі зьнялі відэа, шмат хто гэта бачыў, затрыманьне было сілавое, — расказвае Ўладзімер. — Думаю, што спрабуюць сілай выбіць подпіс пад абавязаньнем сядзець ціха і ні ў чым не ўдзельнічаць. Яна размаўляла зь людзьмі, зьбірала подпісы па жыцьці раёну, па забудоўніку, займалася праблемамі ў таварыстве ўласьнікаў. Таксама зьбірала подпісы за адкліканьне дэпутата ў нашай акрузе. Яна чалавек актыўны».

Уладзімер кажа, што ўчора жонка атрымала дзіўны званок з прапановай «пагутарыць». Таксама была прапанова паразмаўляць з участковым міліцыянтам на вуліцы, нібыта «яна была сьведкай, як камусьці падрапалі машыну». Муж сьцьвярджае, што жонка нічога падобнага ня бачыла.

У сям’і выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей. Дзе цяпер знаходзіцца Любоў Кавальчук, муж ня ведае. Ён абзвоньваў РУУС і ЦІП, але там яе не знайшоў.

10:50 1.9.2020

Бацькі вучняў менскай гімназіі сабралі 175 подпісаў за адстаўку дырэктара

Бацькі вучняў менскай гімназіі №6 перадалі дырэктару ўстановы зварот з просьбай вызваліць пасаду. Пад зваротам падпісаліся 175 бацькоў навучэнцаў, піша Tut.by. Падпісанты абураныя тым, што адбывалася на выбарчым участку № 27​, дзе старшынёй была дырэктарка гімназіі.

Бацькі перадалі ў гімназію зварот з подпісамі 26 жніўня. Частка бацькоў перавяла сваіх дзяцей у іншыя школы, у тым ліку прыватныя.

Паводле вывешанага пратаколу, на ўчастку № 27 Аляксандар Лукашэнка набраў 815 галасоў, а Сьвятлана Ціханоўская — 185. Паводле зьвестак плятформы «Голас», на № 27 участку за Ціханоўскую прагаласавалі 373 чалавекі, 248 выбаршчыкаў пацьвердзілі свой голас фотаздымкам бюлетэня. За Лукашэнку на плятформе пакінулі 1 голас, але ён не пацьверджаны фота бюлетэня.

Чытаць цалкам

10:48 1.9.2020

Дасылайце нам ў тэлеграм @SvabodaBelarus фота і відэа, калі вы студэнт ці студэнтка і вырашылі страйкаваць 1 верасьня.

10:42 1.9.2020

Мастак Кузьміч, які рабіў эпатажныя пэрфомансы, зьехаў зь Беларусі

Мастак Аляксей Кузьміч, вядомы эпатажнымі палітычнымі пэрформансамі з крытыкай недэмакратычных уладаў і несвабоды, пакінуў Беларусь. Пра гэта ён паведаміў у Фэйсбуку.

Мастак Аляксей Кузьміч на выбарчым участку
Мастак Аляксей Кузьміч на выбарчым участку

«Не хацеў пакідаць дзяржаву, сацыяльна-палітычны кантэкст якой выкарыстоўваю як матэрыял для свайго мастацтва, але так склаліся абставіны. Паступіла інфармацыя, што на мяне зьбіраюцца сфабрыкаваць крымінальную справу паводле артыкулу, зьвязанага з парнаграфіяй», – напісаў Аляксей Кузьміч.

9 жніўня, падчас галасаваньня Аляксей Кузьміч выйшаў з кабінкі для галасаваньня ў набедранай павязцы, на грудзях прымацаваўшы бюлетэнь з намаляваным фалічным сымбалем. У такім жа выглядзе Кузьміч выйшаў уначы ў Менск і стаў перад калёнай тэхнікі.

Летась Кузьміч правёў акцыю супраць цэнзуры ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Каля хвіліны мастак трымаў на ўзбуджаным віяграй палавым органе кардонную таблічку «Міністэрства культуры». На далонях у яго быў надпіс «З усім згодны».

10:31 1.9.2020

У Магілёве затрымалі аднаго зь лідэраў пратэстнага руху Валадара Цурпанава.

Як удалося высьветліць Свабодзе актывіст прыйшоў на лінейку ў 43 мясцовую школу, каб заклікаць пэдагогаў, якія працавалі ў выбарчых камісіях, прызнаць фальсыфікацыі выбараў і «пакаяцца». Там яго і затрымалі. Цяпер ён у Кастрычніцкім аддзеле міліцыі.

Раней на Валадара Цурпанава склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.

08:45 1.9.2020

Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне

Павал Севярынец, сакавік 2020
Павал Севярынец, сакавік 2020

Паўлу Севярынцу выставілі абвінавачваньне ва ўдзеле ў беспарадках паводле крымінальнага артыкула 293.2. Палітыку на 2 месяцы працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Пра гэта напісала жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў Facebook.

«Захапляюся мужнасьцю, мудрасьцю і вытрымкай беларускага народа. Дзякую Богу за тое, што Царква выйшла за праўду і справядлівасьць. Веру, што Беларусь будзе вольнай», – перадала словы Севярынца жонка.

Павал Севярынец знаходзіцца за кратамі з 7 чэрвеня, яго прызналі палітвязьнем. З 20 жніўня сустаршыня БХД Павал Севярынец знаходзіцца ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага.

XS
SM
MD
LG