Галоўны рэдактар і генэральны дырэктар расейскай «Независимой газеты» Канстанцін Рамчукоў у сваім блогу на сайце «Эхо Москвы» паспрабаваў разабрацца, ці можа быць законным умяшаньне Расеі ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі.
«Калі Лукашэнка — жулік і фальсыфікатар вынікаў выбараў, то тады менавіта ён дэстабілізуе сытуацыю ў краіне, і Пуціну трэба было б умяшацца сваім рэзэрвам сілавікоў, абараняючы сумленных людзей Беларусі», — лічыць Рамчукоў.
Але Савет бясьпекі Расеі вырашыў па-іншаму, ацаніўшы геапалітычныя рызыкі для РФ, як іх разумее кансэрватыўная супэрэліта Расеі, не на карысьць праціўнікаў Лукашэнкі, адзначае аўтар.
«Думаю, прагаласавалі аднагалосна, каб прызнаць легітымным Лукашэнку. Гэта тлумачыць выкарыстаньне гэтага эпітэта Пуціным амаль праз тры тыдні пасьля выбараў. Калі ён легітымны, то дэстабілізуе сытуацыю апазыцыя. І нашых сілавікоў гатовыя паслаць для разгону пратэстоўцаў», — піша ён.
Канстанцін Рамчукоў папрасіў загадчыка аддзелу палітыкі «Независимой газеты» Івана Родзіна знайсьці ў дамовах Расеі і Беларусі палажэньні, на якія спасылаецца Ўладзімір Пуцін. Паводле Родзіна, «непасрэднай нормы, якая дазваляла б Расеі ствараць рэзэрву сілавікоў для Беларусі, не знайшлося, так што гэта, мабыць, інтэрпрэтацыя агульных фразаў з дамоваў».
Дададзены ў 2010 годзе пункт у артыкул 2 Дамовы аб калектыўнай бясьпецы
«У выпадку ўзьнікненьня пагрозы бясьпецы, стабільнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту адной або некалькіх дзяржаў-удзельніц альбо пагрозы міжнароднаму міру і бясьпекі дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна прыводзяць у дзеяньне мэханізм сумесных кансультацый з мэтай каардынацыі сваіх пазыцый, выпрацоўваюць і прымаюць меры па аказаньні дапамогі такім дзяржавам-удзельніцам у мэтах ліквідацыі ўзьніклай пагрозы».
З прэамбулы Статуту АДКБ
«Імкнучыся да стварэньня спрыяльных і стабільных умоў для ўсебаковага разьвіцьця дзяржаў-удзельніц Дамовы і забесьпячэньня іх бясьпекі, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці».
З Дамовы аб утварэньні Саюзнай дзяржавы, пра ўнутраную бясьпеку
«Барацьба з тэрарызмам, карупцыяй, распаўсюджваньнем наркотыкаў і іншымі відамі злачынстваў».
З Дэклярацыі аб далейшым яднаньні Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі
«Будзе выпрацаваны мэханізм правядзеньня агульнай палітыкі ў міжнародных справах, у пытаньнях абароны і бясьпекі».
Больш нічога журналісты не знайшлі, так што цьверджаньне Пуціна не зусім дакладнае, паводле Рамчукова.
Цытата з інтэрвію Пуціна журналісту ВГТРК Сяргею Брылёву:
«Сапраўды, у рамках Саюзнай дамовы, Дамовы аб Саюзнай дзяржаве, і ў рамках Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) ёсьць адпаведныя артыкулы, якія кажуць пра тое, што ўсе дзяржавы-сябры гэтых арганізацый, у тым ліку і Саюзнай дзяржавы, а там усяго толькі дзьве дзяржавы-ўдзельніцы, Расея і Беларусь, павінны аказваць адзін аднаму дапамогу і ў абароне сувэрэнітэту, зьнешніх межаў, і ў абароне стабільнасьці. Там так і напісана».
Як падсумоўвае галоўны рэдактар «Независимой газеты», «вось такая прававая база для патэнцыйнага ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычную барацьбу ў Беларусі. Тое, што прадугледжвалася для адказу на зьнешнюю агрэсію, выкарыстоўваецца для ўтрыманьня ўлады непапулярным дыктатарам».
Паводле Рамчукова, Пуцін зараз заўсёды будзе выкарыстоўваць рашэньне Савету бясьпекі Расеі ў якасьці падставы для ўсіх ключавых палітычных рашэньняў... «Шкада толькі, што з чалавечымі ахвярамі, хутчэй за ўсё, і стратай пачуцьця братэрства з маладым пакаленьнем яшчэ адной славянскай дзяржавы-суседа», — піша ён.