Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў заклікалі да малітвы за Беларусь


Пратэст у Менску на плошчы Незалежнасьці, затрыманьні ля Чырвонага касьцёла. 27 жніўня 2020.
Пратэст у Менску на плошчы Незалежнасьці, затрыманьні ля Чырвонага касьцёла. 27 жніўня 2020.

У сувязі з палітычным крызісам і супрацьстаяньнем у беларускім грамадзтве са зваротамі выступілі кіраўнікі найбуйнейшых хрысьціянскіх канфэсій Беларусі.

Каталіцкі партал catholic.by апублікаваў зварот старшыні Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

«Наша Бацькаўшчына перажывае нябачаны да гэтага часу грамадзка-палітычны крызіс, які з дня на дзень паглыбляецца. У міралюбнай і памяркоўнай Беларусі — а менавіта такой нашу краіну ведаюць у сьвеце — брат падняў руку на брата, у выніку чаго пралілася кроў і шмат людзей пацярпелі. Вялікую трывогу выклікае сёньня і складаная эканамічная сытуацыя. Нам пагражае міжнародная ізаляцыя. Усё часьцей можна пачуць думку, што рэальнай становіцца пагроза грамадзянскай вайны, аб чым ніхто з нас ня мог нават і падумаць яшчэ некалькі месяцаў таму.

Вядома, што для эфектыўнага лячэньня хваробы найперш неабходна паставіць дыягназ, каб потым прызначыць адпаведнае лячэньне. Падобна павінна быць і пры вырашэньні цяперашняга крызісу, які дасягнуў свайго апагею пасля нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў»,— заявіў мітрапаліт Кандрусевіч.

Ад імя Каталіцкай царквы ён заклікаў вырашаць узніклыя праблемы шляхам дыялёгу і заклікаў да супольнай малітвы аб міры ў Беларусі.

Паводле рашэньня мітрапаліта Веньяміна ва ўсіх храмах і манастырах Беларускай праваслаўнай царквы 30 жніўня таксама пройдуць малітвы за Беларусь.

«У нядзелю 30 жніўня 2020 году а 17:00 ва ўсіх храмах і манастырах Беларускай праваслаўнай царквы прашу з усёй гарачнасьцю веры і надзеі адправіць малебен з акафістам Усьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы і малітвай за беларускі народ, пачаўшы і завяршыўшы маленьне царкоўным звонам. Заклікаю духавенства, сьвецкіх і ўсіх неабыякавых да будучыні Айчыны нашай людзей аб’яднацца ў малітве. Тым, хто ня зможа наведаць у названы час храм, можна далучыцца розумам і сэрцам да саборнай малітвы там, дзе вы будзеце знаходзіцца», — заклікаў праваслаўны мітрапаліт Веньямін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG