Лінкі ўнівэрсальнага доступу

22-і дзень пратэстаў. Марш міру і незалежнасьці ў Менску і іншых гарадах Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 22-і дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. 

08:18 30.8.2020

Уначы абгарадзілі плошчу Незалежнасьці. Тут дзьве нядзелі запар праходзіла шматтысячная дэманстрацыя пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Пратэст чакаюць і сёньня

08:20 30.8.2020

Праваабаронцы даведаліся імёны затрыманых у тралейбусе пасьля жаночага гранд-маршу

Гэта Аляксандар і Натальлья Раентавы

Як распавяла аўтарка відэа, якое яна даслала ў Tut.by, прыкладна ў 18:30, калі тралейбус ехаў па вуліцы Веры Харужай ад Камароўскага рынку каля прыпынку АМАП перагарадзіў дарогу пратэстоцам, і каля 20 чалавек забеглі ў тралейбус. На бульвары Шаўчэнкі транспарт спыніў АМАП.

08:34 30.8.2020

«Зразумеў, што могуць забраць у любы момант». Чаму берасьцейскі бізнэсовец і сябра Каардынацыйнай рады зьехаў зь Беларусі

34-гадовы берасьцеец Андрэй Варонін, дырэктар фірмы Andrei Voronin Woodworks, якая вырабляе мэблю з масіву каштоўных пародаў дрэва, зьехаў з жонкай зь Беларусі. Бізнэсовец сьцьвярджае, што ўлады ціснуць на яго за палітычную пазыцыю.

Андрэй браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту, пасьля выбараў увайшоў у Каардынацыйную раду.

«Я ўдзельнічаў у пратэстах, бо кожны, хто хоча называцца чалавекам і грамадзянінам, ня можа прайсьці міма несправядлівасьці, хлусьні, садызму на вуліцах, міма прыніжэньня чалавечай годнасьці. Бо беларусы цудоўныя людзі, у нас цудоўны горад, і я не хацеў бы, каб мы жылі ў страху пад дыктатурай, тыраніяй. Таму ня толькі я, але ўся Беларусь паўстала», — кажа ён.

09:22 30.8.2020

Лукашэнка — работнікам «Беларуськалію»: «Не спыняйцеся на дасягнутым»

«Горназдабыўная галіна — адна з ключавых для эканомікі краіны. Дзякуючы вашай нялёгкай і адказнай працы Беларусь сёньня ёсьць найбуйнейшым вытворцам і прадаўцом калійных угнаеньняў на ўсясьветным рынку», — перадае словы Аляксандра Лукашэнкі БелТА. Раней шахтароў павіншаваў і страйкам «Беларуськалію». «Дарагія калегі, беражыце сябе, выконвайце патрабаваньні аховы працы і прамысловай бясьпекі», — заклікаў страйкам. Страйкам аб’явіў 30 жніўня «днём нараджэньня новай Беларусі і новых свабодных людзей у ёй». Паводле інфармацыі на 27 жніўня, «Беларуськалій» працаваў у рэжыме частковага страйку.

09:47 30.8.2020

У цэнтры Менску міліцыя ставіць агароджы

Фота чытача

10:32 30.8.2020

Другую нядзелю запар Беларускае радыё не дало трансьляцыі ранішняй імшы з Катэдральнага касьцёла. Гэтая праграма ішла з 1990-х. У мінулую нядзелю радыё патлумачыла адсутнасць трансляцыі «тэхнічнымі прычынамі», але ўсе зразумелі гэта як асьцярогу, што святары ў жывым эфіры выступяць з асуджэннем фальсіфікацыі выбараў і паслявыбарчых зверстваў, піша «Наша ніва»

11:22 30.8.2020

Сьпевакі «Svist / Бадя» выказалі пратэст супраць выкарыстаньня іхнай песьні «Мама Беларусь» («Это наши города…») на мітынгах у падтрымку Лукашэнкі:

«Натуральна, нас ніхто не пытаў і згоды мы не давалі на выкарыстаньне песьні для такога. Дык вось, мы катэгарычна супраць. Мы не падтрымліваем цяперашні рэжым. Такая нашая пазыцыя. Жыве Беларусь»

11:23 30.8.2020

Гледачы «Белсату» заўважылі каля плошчы Перамогі ў Менску мікрааўтобусы з расейскімі нумарамі. З машынаў выйшлі людзі з расейскімі сьцягамі і так званымі «георгіеўскімі» — сьцягамі расейскіх імпэрыялістаў.

Тым часам Onliner.by паведамляе, што на плошчу Незалежнасьці не пусьцілі групу дзяўчат у народных строях з плякатамі і гарбузамі

12:31 30.8.2020

«Міжнародная супольнасьць робіцца саўдзельнікам у рэпрэсіях супраць беларускага народу», — генэральны сакратар ЭФЖ

«Сьцяна маўчаньня паступова ізалюе Беларусь ад рэшты сьвету. ЭФЖ асуджае бязьдзеяньне і чаканьне з боку міжнароднай супольнасьці», — гаворыцца ў заяве.

«Акрэдытацыі не павінны выкарыстоўвацца як інструмэнт для кантролю за зьместам ці абмяжоўваць паток інфармацыі», — сказаў прэзыдэнт ЭФЖ Могэнс Блікер Б’ерэгор. Ён заклікаў улады Беларусі аднавіць скасаваныя прэсавыя акрэдытацыі, а таксама «выдаць акрэдытацыю любому замежнаму журналісту, які едзе ў Беларусь, каб асьвятляць пратэсты, зьвязаныя з выбарчымі фальсыфікацыям і паліцэйскім гвалтам».

«Заклікаў да дыялёгу з боку Эўразьвязу і Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) ўжо не дастаткова, — дадаў генэральны сакратар ЭФЖ Рыкарда Гутʼерэс. — Мы заклікаем міжнародную супольнасьць да дзеяньняў: Эўразьвяз дагэтуль ня ўвёў у сілу абяцаных санкцыяў супраць адказных за выбарчыя фальсыфікацыі і паліцэйскі гвалт, а АБСЭ дагэтуль не даслала экспэртную місію ў Беларусь, каб расьсьледаваць парушэньні правоў чалавека. Праз сваю інэртнасьць і маўчаньне, міжнародная супольнасьць робіцца саўдзельнікам у рэпрэсіях супраць беларускага народу»

12:34 30.8.2020

Расейскі пісьменьнік Дзьмітры Быкаў: замежжа магло б дапамагчы Беларусі, адмовіўшыся ад любых кантактаў з дыктатарам

Расейскі пісьменьнік Дзьмітры Быкаў у сваёй перадачы на радыё «Эхо Москвы» закрануў сытуацыю ў Беларусі і выказаў свой прагноз, як сытуацыя будзе разьвівацца ў будучыні.

Адзін са слухачоў задаў яму пытаньне: «Размова ўлады і грамадзтва сёньня адбываецца ў стылыі мініятуры Хармса, дзе адзін аднаго лупяць па мордзе. Колькі яшчэ такіх удараў трэба і ці будзе шанц пасьля гэтага падняцца?»

Адказ Дзьмітрыя Быкава:

— Шанцу падняцца ня будзе, адразу кажу. Я ўжо казаў — адбудзецца дывэрсыфікацыя. Ня трэба заўсёды натыкацца на пруткі кратаў, трэба хадзіць паміж імі. Пэўная частка грамадзтва будзе жыць у будучыні.

Я думаю, што і ў Беларусі адбудзецца такое разьвіцьцё. Ён будзе думаць, што ён кіруе, яны будуць думаць, што кіруюць яны. Вядома, у пэўныя моманты гэта будзе прыводзіць да сутыкненьняў, да АМАПу. А пасьля яны проста зьнікнуць зь ягонага поля зроку. Гэта адбудзецца, гэту будзе ў будучыні.

Гэта не азначае, што цяпер ня трэба змагацца. Трэба, трэба прыдумляць нейкія новыя стратэгіі барацьбы.

Але, дарэчы, замежжа магло б вельмі добра вырашыць гэтую праблему, адмовіўшыся ад любых кантактаў з дыктатарам. Усе кантакты, усе дамовы, усе кансультацыі праводзіць з апазыцыяй, а гэтага — ну як бы няма. Ён ёсьць, але ён даўно ўжо нічога не вырашае і нічога не вызначае.

Я ўжо казаў — трэба пакінуць іх адных. Ніякага супрацоўніцтва, ніякага інтэлектуальнага супрацоўніцтва, ніякай дапамогі, ніякай ад іх залежнасьці...

Вы спытаеце, а як жа працаваць на заводзе? Відаць, будуць на гэтых заводах нейкія новыя лідэры супраціву.

Яго трэба пакінуць аднаго, пакінуць у мінуўшчыне. Як гэта зрабіць — гэта для абмеркаваньня, тут ёсьць нагода для размовы.

Падобную думку пра кантакты Захаду з кіраўніком Беларусі выказаў нямецкі аналітык Ролянд Фройдэнштайн, дырэктар палітычных праграм Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў імя Вільфрэда Мартэнса (Брусэль).

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабоды «Наколькі адэкватная рэакцыя заходняга сьвету, перш за ўсё ЭЗ, на тое, што адбываецца ў Беларусі?» і разважаючы пра санкцыі, Ролянд Фройдэнштайн сказаў:

— Гэта добры пачатак, але гэтага мала. Па-першае, варта было б паведаміць Лукашэнку, што мы гатовыя размаўляць зь ім да 10 верасьня, калі мінае яго мандат (пасьля выбараў 2015 году. — РС), пасьля чаго ні ён, ні ягоны ўрад ня будуць зьяўляцца легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу.

12:35 30.8.2020

МУС: 29 жніўня ў Беларусі затрымалі 29 чалавек у 24 гарадах

МУС Беларусі паведаміла пра затрыманьне 29 удзельнікаў акцый пратэсту 29 жніўня. Мітынгоўцам у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі перашкодаў ня чыніцца.

«У выніку праведзеных разглядаў органамі ўнутраных спраў задакумэнтавана 35 парушэньняў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Да разгляду ў судзе спраў паводле адміністрацыйных парушэньнях затрыманыя 29 чалавек», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Акцыі за і супраць Лукашэнкі адбыліся на тэрыторыі 24 населеных пунктаў, паведамілі праваахоўнікі. Агулам зафіксаваныя «42 ачагі палітычнай актыўнасьці грамадзянаў», у якіх удзельнічалі больш за 8 500 чалавек з улікам пратэстных акцый.

«На плошчы Перамогі прайшоў так званы гранд-парад жаночых міратворчых сіл, які завяршыўся а 20-й пасьля неаднаразовых папярэджаньняў супрацоўнікаў міліцыі. Таксама па гарадзкіх вуліцах праехалі каля 200 матацыклістаў і прыкладна 100 раварыстаў», — праінфармавалі ў МУС.

12:39 30.8.2020

Жанчыны выкацілі гарбузы да Дома ўраду. І засьпявалі пры гэтым песьню. Тэрыторыя ачэпленая, таму яны кінулі гарбузы праз ачапленьне

12:41 30.8.2020

Дзіўная вайсковая машына, падобная да цацачнай, якую заўважылі сёньня ў Менску, аказалася гукавяшчальнай станцыяй ЗС-82, піша Tut.by. Цяпер яна стаіць на плошчы Перамогі, зь яе грае гучная музыка.

12:52 30.8.2020

Консул Казахстану: «І Кунаеў, і Назарбаеў, якія дзесяцігодзьдзямі кіравалі краінай, знайшлі ў сабе мужнасьць пайсьці ў адстаўку»

Эльдар Кунаеў пакідае пасаду консула Казахстану ў Берасьці. З гэтай нагоды ён адказаў на пытаньні выданьня «Вечерний Брест». Адно зь іх было пра падзеі, якія цяпер адбываюцца ў Беларусі. «Ці не падалося вам, што тры гады таму вы прыехалі ў адну Беларусь, а цяпер зьяжджаеце зь іншай?» — спытаўся карэспандэнт.

«Вельмі добра вас разумею, і гэта сапраўды так, — адказаў консул. — Прыхільнасьць да дэмакратыі і справядлівасьці — гэта тое, што ў крыві кожнага народу.

Я ўспамінаю пратэсты казахстанцаў, калі насуперак волі мільёнаў да нас у рэспубліку прывезьлі з Ульянаўску [Генадзя] Колбіна, не параіўшыся з народам, ня выслухаўшы мясцовае кіраўніцтва, і толькі таму, што так сытуацыя бачылася з высокіх кабінэтаў у Крамлі. Былі сотні параненых, пацярпелых, шмат хто быў асуджаны. Праз усё гэта нашаму народу давялося прайсьці.

А справядлівасьць урэшце перамагла — сёньня ў кожным абласным цэнтры і ў Алма-Аце ёсьць вуліца, якая носіць імя былога кіраўніка рэспублікі Дынмухамеда Кунаева.

А ў нашай маладой сталіцы цэнтральнаму праспэкту, які выходзіць проста на прэзыдэнцкі палац, прысвоена імя былога кіраўніка рэспублікі, які жыў і працаваў у адзін час з выбітным беларускім лідэрам Пятром Машэравым. І нікому за ўвесь гэты час не прыйшло ў галаву перайменаваць хоць адну вуліцу, якая носіць імя былога кіраўніка краіны.

У гэтай сувязі не магу не сказаць пра тое, што ў нашым народзе шануецца культ узаемнай павагі. І Кунаеў, і Назарбаеў, якія дзесяцігодзьдзямі кіравалі краінай, знайшлі ў сабе мужнасьць сысьці ў адстаўку. Гэта вельмі важна — сыходзіць своечасова. І таму аўтарытэт абодвух казахстанцаў бясспрэчны.

На зьмену нават вельмі пасьпяховым палітыкам павінны прыходзіць маладыя, крэатыўныя, хто думае ў духу часу», — сказаў сярод іншага консул.

12:55 30.8.2020

Міліцыя журналістам: Не падыходзьце блізка

Кіраўніцтва менскай міліцыі сабрала прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ і рэкамэндавала сёньня падчас асьвятленьня акцыі журналістам знаходзіцца мінімум за 100 мэтраў ад мітынгоўцаў і міліцыі «дзеля іх уласнай бясьпекі», перадае карэспандэнт Свабоды

13:05 30.8.2020

Вайскоўцы ў чорных балаклавах і бяз знакаў адрозьненьня ўстанаўліваюць агароджу вакол стэлы і музэя Вялікай айчыннай вайны. Яны ўзброеныя аўтаматамі.

13:33 30.8.2020

Менск, мэтро «Ўсход», фота ад чытача. Людзі ідуць у цэнтар таксама зь Міхалова, Пушкінскай, Новай Баравой, Заводзкага раёну

13:34 30.8.2020

Яшчэ адна калёна ідзе ўздоўж Партызанскага праспэкту

13:36 30.8.2020

Пратэст у Менску. Жывая трансьляцыя тэлеканалу «Настоящее время»

13:39 30.8.2020

Каля парку Чалюскінцаў АМАП спрабаваў разагнаць калёну

Каля парку Чалюскінцаў амапаўцы спрабавалі разьбіць калёну пратэстоўцаў. Людзі разьбегліся, але калі АМАП зьехаў, пратэстоўцы працягнулі рух. Невядома, ці быў нехта затрыманы.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG