Затрыманьні ў Горадні
Калі людзі ў Горадні пачалі разыходзіцца, у раёне аўтавакзалу пачаліся затрыманьні.
Затрымлівалі амапаўцы ў два аўтобусы. Адзін з амапаўцаў выцер ногі аб бел-чырвона-белы сьцяг, які ўпаў на зямлю.
Пратэстоўцы разыйшліся. Два аўтазакі з чырвона-зялёнымі сьцягамі паехалі на базу ва ЎУС.
Падчас акцыі затрымалі ня менш за сем чалавек. Вядомыя імёны некаторых: Андрэй Янковіч, Ліза Мерляк, Павал Мамуль, Віктар Шыкуць, Дзьмітры Розмысел, Павал Дораш, Станіслаў Васюхоўскі.
Усіх затрыманых падчас Маршу незалежнасьці выпусьцілі з РАУС толькі каля 22-ой гадзіны. На іх склалі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве.
Удзельнікі менскага маршу пачалі адыходзіць ад Палаца Незалежнасьці, ідуць у цэнтар
Удзельнікі менскага маршу пачалі адыходзіць ад Палаца Незалежнасьці па праспэкце Пераможцаў да стэлы «Менск — горад-герой» і далей у цэнтар гораду.
Агароджа Палаца Незалежнасьці ператвораная ў «мэмарыял ганьбы». Пратэстоўцы пакінулі пад ёй труну з надпісам «Дыктатар – палітычны труп», вянкі з абразьлівымі віншаваньнямі ды іншыя зьдзеклівыя падарункі.
Празь нейкі час «лінія супрацьстаяньня» перад Палацам незалежнасьці практычна апусьцела. Пратэстоўцы рушылі назад у бок цэнтру, сілавікі пачалі здымаць ачапленьне. На падыходах да рэзыдэнцыі пакуль яшчэ застаецца вайсковая тэхніка, па даху перамяшчаюцца снайпэры.
Як і тыдзень таму, сам Лукашэнка хадзіў па тэрыторыі ў бронежылеце і з аўтаматам Калашнікава. Такія здымкі распазсюдзіла ягоная прэсавая служба.
Ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, сьцьвярджае, што фота Лукашэнкі з аўтаматам ля Палаца незалежнасьці зрабілі каля 16.00. У той час пратэстоўцаў пад палацам не было — галава калёны тады была яшчэ каля Стэлы. Пасьля, калі дэманстранты наблізіліся да палацу, чалавека ў такім адзеньні не было відаць
«Марш міру і незалежнасьці» ў Менcку. Вялікі фотарэпартаж
МУС: бранятэхніку ў Менск увялі «для ўзмацненьня захадаў бясьпекі асабовага складу»
Кіраўніцтва МУС Беларусі пацьвердзіла ўвод у Менск бранятэхнікі «для ўзмацненьня захадаў бясьпекі асабовага складу». Сем такіх машын з буйнакалібэрнымі кулямётамі стаяць на тэрыторыі рэзыдэнцыі Лукашэнкі.
Гаворка пра БТР-80 — баявую машыну, якая выкарыстоўваецца для ўзмацненьня падчас «несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», — сказала Інтэрфаксу прадстаўніца ведамства Вольга Чамаданава.
Пры гэтым яна нічога не сказала адносна гусенічных БМП — ёсьць відэадоказы, што да Палаца Незалежнасьці з Уручча рушылі больш за 10 баявых машын.
Карэспандэнта расейскага інфармацыйнага агенцтва вызвалілі пасьля праверкі дакумэнтаў
Карэспандэнта ТАСС Івана Калыганава, затрыманага ў нядзелю ў гатэлі «Менск», пасьля праверкі дакумэнтаў вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС.
Ён выйшаў на сувязь з рэдакцыяй і паведаміў, што зь ім усё ў парадку і што ён вяртаецца ў гатэль. Калыганаў прыбыў у нядзелю ў Менск для асьвятленьня падзей у Беларусі.
Горадня: АМАП спрабуе спыніць пратэстоўцаў
Шлях пратэстоўцам на вуліцы Кірава ў Горадні перакрыла калёна АМАПу, потым яны перакрылі падземны пераход на аўтавакзал. Сотні людзей стаяць каля аўтавакзалу. Дзяўчаты выйшлі на мост, у бок амапаўцаў.
МУС: у Менску натоўп накінуўся на аўтамабіль міліцыі. Канфлікт быў справакаваны жорсткім затрыманьнем і зьбіцьцём чалавека
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла, што 30 жніўня каля 14.40 ля плошчы Незалежнасьці ў Менску натоўп людзей накінуўся на службовы аўтамабіль міліцыі і пашкодзіў яго.
«З дапамогай падручных прадметаў зламысьнікі разьбілі лабавое шкло, а таксама пашкодзілі бакавыя часткі машыны. Зараз тры чалавекі затрыманыя і дастаўленыя ў Ленінскае РУУС сталіцы», — паведамляе МУС.
На відэа, якое апублікавала МУС, відаць, што канфлікт пачаўся з таго, што зь мікрааўтобуса без нумароў, які міністэрства называе «службовым аўтамабілем міліцыі», выскачылі некалькі чалавек у цывільным і пачалі жорстка зьбіваць і затрымліваць чалавека. Тады пратэстоўцы кінуліся на абарону мужчыны, сталі крычаць: «Гэта правакацыя!». Пратэстоўцы спрабавалі спыніць затрыманьні і накінуліся на аўтамабіль.
У Менску пачаўся дождж, але пратэстоўцы не сыходзяць
Сілавікі ля Палаца Незалежнасьці патрабавалі ад пратэстоўцаў разысьціся: маўляў, набліжаецца навальнічная хмара, і ў выпадку моцнага дажджу ёсьць рызыка, што ўзьнікне цісканіна. Дэманстранты адказалі, што нічога ня здарыцца, калі цісканіну не справакуюць самі амапаўцы ды вайскоўцы.
Празь нейкі час дождж сапраўды пайшоў, але амаль ніхто не сыходзіць, толькі частка людзей пачала адыходзіць у бок Стэлы і далей у цэнтар гораду. Тым часам на тэрыторыі рэзыдэнцыі паболела бранятэхнікі – сем БТР, прынамсі гэта тое, што бачна. А яшчэ з Уручча рушаць больш за дзясятак гусенічных БМП.
Каля 18-й гадзіны да пратэстоўцаў пад Палацам Незалежнасьці выйшаў мужчына, які прадставіўся памочнікам Лукашэнкі ў агульных пытаньнях Мікалаем Латышонкам, піша «Наша Ніва». Ён казаў пратэстоўцам, што Лукашэнка «ўсё роўна застанецца», «а тут сабралася моладзь»; «трэба за мірную Беларусь».
Акцыя ў Мазыры
У Менску ў маршы ўдзельнічае група спартоўцаў
На дэманстрацыі сфармавалася асобная група з прадстаўнікоў спорту. З плякатам «Спартоўцы з народам!» яны падышлі да байцоў у ачапленьні Палаца Незалежнасьці, выкрыкваючы, што атлеты, адрозна ад некаторых палітыкаў, «заўсёды гуляюць сумленна». Сярод іншых былі заўважаныя плыўчыха Аляксандра Герасіменя, баскетбалісты Алена Леўчанка, браты Мешчараковы.
Горадня: пратэстоўцы пачалі разыходзіцца па дамах. Міліцыя затрымала некалькі чалавек
Людзі дайшлі да псыханэўралягічнага дыспансэру і адтуль пачалі разыходзіцца па дамах. Частка пратэстоўцаў, аднак, вяртаецца на чыгуначны вакзал.
Пакуль пратэстоўцы ішлі назад да аўтавакзалу, міліцыя затрымала яшчэ некалі чалавек.
У Магілёве пратэстоўцы паўторна прарвалі міліцэйскую заслону ля гарвыканкаму
Менск: у гандлёвым цэнтры «Замак» побач з Палацам Незалежнасьці эвакуацыя
Асноўная маса людзей ад Палаца Незалежнасьці пачала рухацца назад, у бок стэлы, але тысячы людзей яшчэ застаюцца ля кардона, там без інцыдэнтаў.
Людзі запалілі ліхтарыкі на смартфонах, перадае карэспандэнт Свабоды зь месца падзей.
Сілавікі папярэдзілі журналістаў і асобна «спадарыню Калесьнікаву», што трэба адысьці далей ад ачапленьня, іначай будуць вымушаныя ўжыць спэцсродкі. Марыя Калесьнікава зьвярнулася ў мэгафон да пратэстоўцаў, каб тыя адышлі далей. Людзі паслухаліся.
Сьпіс затрыманых 30 жніўня (Абнаўляецца)
Паводле інфармацыі МУС, за ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску затрыманыя 125 чалавек. У Менску на плошчы Незалежнасьці каля 14 гадзіны пачаліся кропкавыя затрыманьні. Праваабаронцы адзначаюць, што пераважна затрымлівалі мужчын. Праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядома, што затрыманыя:
- Ахрэм Ягор
- Антонік Віктар
- Запрудзкі Ігар
- Запрудзкі Ігнат
- Каваленка Павал – непаўналетні
- Калыганаў Іван – карэспандэнт ТАСС, дастаўлены ў Кастрычніцкае РУУС
- Каралевіч Яўген
- Кляшторны Андрэй
- Лысакоўскі Арцём – непаўналетні
- Лыскавец Яраслаў
- Прыгодзіч Станіслаў
- Пупко Васіль
- Рудэнка Аляксандар
- Сачышын Дзяніс – непаўналетні
- Супрановіч Сяргей
- Татур Уладзіслаў
- Шавель Глеб – непаўналетні
- Шыла Іван
- Яроменка Антон
Як паведамляе БАЖ, у Пінску зьнік карэспандэнт «Мэдыя-Палесься» Яўген Нікалаевіч. Відавочцы расказалі, што яго з камэрай двое міліцыянтаў павялі ў свой аўтамабіль. Вядома, што ў Воршы затрымалі сама меней дваіх. Адзін зь іх – Болдыраў Аляксей.