Мабільныя апэратары прызнаюць, што перабоі з інтэрнэтам зьвязаныя з загадам уладаў
Мабільны апэратар А1 прызнаў, што ў Менску зьнізілі прапускную здольнасьць мабільнага інтэрнэту «адпаведна распараджэньню ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў».
Менск: калёна наблізілася да рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Калёна пратэстоўцаў наблізілася да кардону спэцназу з вадамётамі ля Палаца Незалежнасьці.
Узброеныя салдаты, якія шчыльна атачылі Стэлу за калючым дротам, стаяць ціха, да іх падыходзяць людзі, спрабуюць пагаварыць, фатаграфуюцца зь імі.
На даху Палаца Незалежнасьці, як паведамляе тэлеканал «Белсат», знаходзяцца вайскоўцы са зброяй. Таксама сюды даехалі некалькі машын БТР, ня лічачы іншай спэцтэхнікі для разгону дэманстрацыяў, якая тут была адпачатку. Чытачы каналу #МотолькоПомоги адзначаюць, што на БТР каля Палацу незалежнасьці чамусьці замазаныя апазнавальныя знакі.
Інцыдэнтаў падчас супрацьстаяньня ля Палаца Незалежнасьці, які зьяўляецца галоўнай рэзыдэнцыяй Лукашэнкі, няма, паведамляе карэспандэнт Свабоды. Людзі часткова адыходзяць ад кардону спэцназу з вадамётамі і іншымі спэцродкамі, якія абараняюць палац Лукашэнкі.
У Бабруйску на акцыю сабралася каля паўтысячы чалавек
У Бабруйску людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы Леніна, не падыходзячы да помніка. Сьпявалі песьні, зьбіралі подпісы за адкліканьне «дэпутатаў», потым пайшлі праз увесь горад да Маладзёжнага парку, скандавалі «Вярніце наш голас!», «Трыбунал!» ды «Бабруйск, выходзь!»
Калёна расьцягнулася на 300 м. Апроч сьцягоў ды кветак, многія несьлі партрэты палітычных зьняволеных і ахвяраў рэпрэсіяў 9-11 жніўня.
Калі адну з машын, што вітала калёну гудкамі, спыніла ДАІ, дэманстранты спыніліся й крычалі «Ганьба!» «Адпускай!», пакуль тых не адпусьцілі. У акцыі агулам удзельнічае каля паўтысячы чалавек.
Да Маладзёжнага парку ў сьпёку +30 дайшло пару соцень чалавек, яны працягваюць гуляць каля фантану. Затрыманьняў падчас акцыі не было, каля 18-ай гадзіны людзі разышліся.
Акцыя ў Горадні
У Менску на акцыі пратэсту затрымалі ўжо 125 чалавек
У Менску на 16.00 нядзелі 30 жніўня за ўдзел у акцыі пратэсту затрымалі ўжо 125 чалавек, паведамілі РИА Новости ў МУС Беларусі.
Ля рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Менску кардон з АМАПу
Каля Палаца Незалежнасьці АМАП утварыў такі самы кардон, як у мінулую нядзелю, з вадамётамі і спэцмашынамі, са спэцназам у касках і са шчытамі, перадае карэспандэнт Свабоды. Людзі наблізіліся да кардону, але не ідуць ушчыльную да яго. Хвост калёны яшчэ на Нямізе.
Магілёў: міліцыя пачала папярэджваць пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў
Магілёўскія пратэстоўцы ідуць ля ўнівэрсытэту, дзе вучыўся Лукашэнка. Ля навучальнай установы міліцыя пачала папярэджваць пра ўжываньне фізычнай сілы і спэцсродкаў. Грамада адказвае: «Лукашэнку ў аўтазак!».
Калёна расьцягнулася да 500 мэтраў. Пратэстоўцы не парушаюць правілаў дарожнага руху. На праспэкце Міру калёну спрабавалі падзяліць, не ўключаючы зялёнага сьвятла для пешаходаў.
Марш у Магілёве трывае больш за дзьве гадзіны. Паводле праваабаронцаў, затрыманых няма.
У Менску затрымалі карэспандэнта расейскага агенцтва ТАСС
Карэспандэнт ТАСС Іван Калыганаў у нядзелю прыбыў у Менск для асьвятленьня падзеяў у Беларусі, паведамляе агенцтва.
Як вынікае з паведамленьня, якое прыйшло зь ягонага тэлефона, Калыганаў ужо дастаўлены ў Кастрычніцкае РУУС. 30 жніўня ён прыбыў у Менск і ўвесь час знаходзіўся ў сваім нумары ў гатэлі «Менск», на вуліцу не выходзіў.
Як адзначае расейскае інфармацыйнае агенцтва, на гэтым тыдні ўжо затрымлівалі трох карэспандэнтаў ТАСС, аднак пасьля праверкі дакумэнтаў адпускалі.
Пратэст у Берасьці
У Менску адкрылі ўсе станцыі мэтро
Апошнімі днямі іх закрываюць «у нагу» з калёнамі пратэстоўцаў — цяпер асноўная маса людзей ідзе ў бок Стэлы, а там мэтро няма. Бліжэйшая станцыя — «Фрунзэнская» за 1 км ад Стэлы. Цяпер усе станцыі мэтро адкрылі.
Частка ўдзельнікаў маршу накіравалася ў бок рэзыдэнцыі Лукашэнкі
Частка ўдзельнікаў Маршу міру і справядлівасьці накіраваліся ў бок Палацу незалежнасьці, дзе разьмяшчаецца рэзыдэнцыя Лукашэнкі. Але праз нейкі час калёна спынілася. Пратэстоўцаў заклікалі зьмяніць маршрут у бок плошчы Дзяржаўнага сьцяга, каб пакінуць там падарункі для Лукашэнкі, які адзначае 66-ы дзень нараджэньня.
Тым часам сілавікі ўзмацняюць ахову рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў Палацы незалежнасьці. Праспэкт Пераможцаў там перакрыты амапаўцамі і спэцтэхнікай.
Горадня. Калёна ідзе ў бок псыханэўралягічнага дыспансэра і скандуе «Гэта наш горад»
Калёна расьцягнулася прыкладна на кілямэтар па ўсёй вуліцы Будзёнага, міма аўтавакзала да кінатэатру «Усход». Агулам каля 10 тысяч чалавек. Скандуюць «Гэта наш горад». Ідуць у бок псыханэўралягічнага дыспансэра.
У канцы калёны ў раёне аўтавакзалу пачаліся адзінкавыя затрыманьні. Тыя, хто адышоў далей, разьвярнуліся і пайшлі ў бок аўтавакзала. Скандуюць «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Аб'яднаная шчыльная калёна зноў накіравалася на псыханэўралягічны дыспансэр.
Стала вядомае імя затрыманага каля чыгуначнага вакзала. Гэта малады мужчына Андрэй Янковіч, працуе інжынэрам у прыватнай фірме. Па словах відавочцаў, «ён добра падымаў настрой пратэстоўцам». Яго ўзялі 5-6 чалавек у цывільным, калі ён застаўся адзін на ходніку, а калёна перайшла на іншы,.