Увечары 29 жніўня ў Менску прайшоў жаночы гранд-марш салідарнасьці. Удзельніцы сабраліся а 16-й гадзіне на плошчы Перамогі і хадзілі 4 гадзіны цэнтральнымі вуліцамі сталіцы празь перашкоды сілавікоў. Скончыўся марш а 20-й гадзіне каля станцыі мэтро «Акадэмія навук».
Каго затрымалі?
Падчас шэсьця затрымлівалі мужчын-мінакоў і мужчын зь кветкамі, а таксама мужчын-журналістаў. Сярод затрыманых журналістаў былі:
- Алесь Пілецкі, журналіст Радыё Свабода, вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС;
- Андрэй Рабчык, апэратар Радыё Свабода, вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС;
- Паўлюк Быкоўскі, карэспандэнт Deutsche Welle, вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС;
- Сьвятаслаў Зоркі, фатограф «Комсомольской правды в Беларуси», вызвалілі па дарозе ў РУУС;
- Зьміцер Міцкевіч, журналіст Белсату, вызвалілі з Кастрычніцкага РУУС.
Акрамя гэтага, затрымалі мужчыну і дзяўчыну, якія трымалі дзьверы ў тралейбус, калі АМАП перагарадзіў дарогу дэманстранткам на вуліцы Веры Харужай каля Камароўскага рынку. Паводле відавочцаў Tut.by, АМАПаўцы спынілі тралейбус на бульвары Шаўчэнкі. Акрамя мужчыны і дзяўчыны, нікога не затрымалі.
10 тысяч чалавек і перашкоды АМАП
Паводле зьвестак БелаПАН, у гранд-маршы максымальна бралі ўдзел 10 тысяч чалавек.
Сілавікі атачалі жанчын і не давалі ім рушыць па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці ў бок Кастрычніцкай плошчы. Жанчыны дайшлі па праспэкце да станцыі мэтро «Акадэмія навук», дзе ім перагарадзілі дарогу вайскоўцы. Жанчыны вярнуліся да плошчы Якуба Коласа, дзе разгрупаваліся па вуліцах Коласа, Дарашэвіча, Веры Харужай, Багдановіча, Куйбышава. Пазьней калёна рушыла да плошчы Бангалор і вуліцы Сурганава. Жанчыны разышліся каля станцыі мэтро «Акадэмія навук» з воклічамі «Да заўтра».
Прынамсі двойчы жанчыны разрывалі счэпкі АМАПаўцаў, якія перакрывалі ім дарогу, а таксама атачалі сілавікоў.