Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пратэстоўцы і рэжым пастаянна мяняюць тактыку». Палітычны аналітык пра будучыню пратэстаў


Менск, 29 жніўня
Менск, 29 жніўня

Няспынны мірны супраціў у Беларусі пракамэнтаваў «Настоящему времени» Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі ў Менску:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

— Мне не здаецца, што пратэсты ідуць на спад — яны якраз працягваюцца. Людзі досыць матываваныя, як паказваюць нашы вулічныя апытаньні. Пратэстоўцы хутчэй настроеныя на доўгі супраціў. Мы таксама бачым, што як толькі вяртаюцца рэпрэсіі, людзей пачынаюць затрымліваць на плошчы Незалежнасьці — яны пераходзяць у фармат лятучых акцый. Сёньня зноў мы бачылі, што вярнуліся ланцугі салідарнасьці — яны зьявіліся ў розных раёнах гораду. Людзі, у прынцыпе, захоўваюць сымбалічны кантроль над вуліцамі, які яны сабе вярнулі на працягу ўсяго гэтага пэрыяду, нягледзячы на затрыманьні.

— У той дзень, калі Лукашэнка прыйшоў на завод, яму многія працоўныя крычалі: «Сыходзь!» І шмат каму тады здавалася, што ўсё, Лукашэнка хутка сыдзе. Цяпер ён, як мы бачым, ідзе ў наступ. Што адбылося, на ваш погляд, за гэты даволі кароткі пэрыяд?

— Гэтая ілюзія таго, што Лукашэнка хутка сыдзе ў сувязі з масавымі акцыямі, яна, напэўна, прысутнічала ў нейкай часткі людзей, якія верылі, што калі 3-5% актыўна пратэстуе, то гэта змушае ўладу сысьці або пайсьці на перамовы. Але я ніколі ня меў такіх ілюзіяў. Перамовы магчымыя толькі ў выпадку, калі масавыя пратэсты, страйкі, самыя розныя формы ціску на ўладу блякуюць нейкія жыцьцёва важныя функцыі гэтага рэжыму, і ў яго проста няма ніякіх шанцаў, акрамя таго каб пайсьці на перамовы. Але гэта можа займаць даволі доўгі час. Мы бачылі, што рэвалюцыі, якія разгортваліся ў іншых краінах апошнім часам, працягваліся месяцы. У Беларусі гэта толькі трэці тыдзень пратэстаў. І пакуль мне здаецца, што рэжым дастаткова ўстойлівы, у яго дастаткова рэсурсаў.

Як пратэстоўцы, так і рэжым пастаянна мяняюць тактыку. Улады ўвесь час спадзяюцца, што гэтыя пратэсты згасаюць, а значыць, можна вярнуць рэжым кропкавых рэпрэсій, можна выхопліваць лідэраў, душыць малалікія акцыі, павялічваючы цану ўдзелу, і тады яны сыдуць на нішто. Але пакуль гэта на нішто не сыходзіць, і людзі даволі актыўна арганізуюцца ў іншыя формы пратэсту.

Цяпер тое, што адбываецца з ініцыятывай адкліканьня дэпутатаў парлямэнту па акругах. Ідзе проста калясальная самаарганізацыя людзей у розных групах па ўсёй краіне, якія выклікаюць дэпутатаў на сходы, якія дэкляруюць ім свае патрабаваньні. Пры невыкананьні патрабаваньняў зьбіраюцца дэпутатаў адклікаць. І гэта набывае проста масавы характар. Гэты палітычны працэс самаарганізацыі, ён увесь час ідзе. І пакуль парытэт сіл існуе, але ніхто пакуль не перамагае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG