У Бабруйску праз тры гадзіны пасьля затрыманьня з гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў выпусьцілі Віталя Красьніцкага, аднаго з ініцыятараў стварэньня страйкаму на «Белшыне», звольненага 27 жніўня нібыта за прагул.
Паводле Красьніцкага, міліцыянты вымушаны былі яго вызваліць, бо ён разьбіў нос у ГУУС. Яго прымусілі там сфатаграфавацца зь дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам, аднак міліцыянтам не ўдалося прымусіць Віталя зрабіць фота з партрэтам Лукашэнкі. На актывіста склалі пратакол за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў і абавязалі прыйсьці на суд, як атрымае позву.
Віталь Красьніцкі кажа, што ў міліцыю яго даставілі два супрацоўнікі крымінальнага вышуку, якія ўварваліся ў ягоную кватэру, а заявіў яму пра затрыманьне падпалкоўнік Сяргей Рудзько. Са словаў актывіста, яго гвалтам зацягнулі ва ўпраўленьне, дзе, каб дамагчыся вызваленьня, ён некалькі разоў спрабаваў нанесьці сабе траўмы з разьлікам, што адтуль яго забярэ «хуткая дапамога».
Пасьля дзьвюх няўдалых спробаў разьбіць сабе нос і пракусіць вены яму на рукі і ногі начапілі кайданкі ды злучылі іх яшчэ аднымі. Тады ён ударыўся носам аб падлогу і крывёю заліў фае.
«Начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Андрэй Малахаў паабяцаў мне, калі я больш ня буду „дурыць“ і казаць, што пабілі мяне ва ўпраўленьні, то сёньня буду дома. Я абяцаў, што ня буду», — кажа Віталь Красьніцкі.
Суразмоўца сьцьвярджае, што падпалкоўнік Рудзько, перад тым як выпусьціць, даў яму дзяржаўны сьцяг, каб зь ім сфатаграфаваўся. Красьніцкі гэта зрабіў, бо лічыць, што «цяперашняе супрацьстаяньне зьвязанае не з сымболікай, а з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня новых выбараў». Актывіст кажа, што міліцыянт тады прапанаваў сфатаграфаваць яго з партрэтам Лукашэнкі, ад чаго ён катэгарычна адмовіўся.
«Я так разумею, — заўважае Красьніцкі, — што ў міліцыянтаў такая забава: апазыцыянэраў фатаграфаваць зь дзяржаўнай сымболікай і партрэтам Лукашэнкі».
Актывіста вінавацяць у тым, што 25 жніўня ён удзельнічаў у «ланцугу салідарнасьці». На ім ён не даваў міліцыі затрымліваць удзельнікаў.
Пра звальненьне зь «Белшыны» Віталь Красьніцкі даведаўся 27 жніўня. Паводле яго, цэхавы камітэт 25 жніўня пастанавіў спыніць зь ім працоўныя адносіны за «прагул». У працоўнай кніжцы так і пазначана. Загад аб звальненьні выдадзены 26 жніўня.
Апошнім днём працы Красьніцкага меў быць 18 верасьня, калі загад аб звальненьні падпіша генэральны дырэктар прадпрыемства, але адміністрацыя прысьпешыла ягонае звальненьне пасьля таго, як ён расказаў незалежным мэдыя пра перасьлед рабочых, якія далучыліся да агульнанацыянальнага страйку. Красьніцкі быў сярод рабочых, якія ініцыявалі ставарэньне на «Белшыне» страйкаму.