Страйк, у якім удзельнічалі 25 рабочых з 9000, спынены.
На «Белшыне» 27 жніўня звольнілі за прагул удзельніка страйку Віталя Красьніцкага. Паводле яго, цэхавы камітэт 25 жніўня пастанавіў спыніць зь ім працоўныя адносіны. Апошнім днём працы меўся быць 18 верасьня, калі загад аб звальненьні падпіша генэральны дырэктар прадпрыемства.
Як кажа Красьніцкі, адміністрацыя прысьпешыла ягонае звальненьне пасьля таго, як ён расказаў незалежным мэдыя пра перасьлед рабочых, якія далучыліся да агульнальнанацыянальнага страйку.
У вернутай яму працоўнай кніжцы напісана, што ён «звольнены за прагул бяз важнай прычыны». Загад выдадзены 26 жніўня.
Красьніцкі кажа, што за прагулы звольнілі і двух ягоных таварышаў-страйкоўцаў Аляксея Касьцюкевіча і Руслана Карымава. Зь імі працоўныя адносіны «па згодзе бакоў» спынілі яшчэ 19 жніўня.
Але пазьней, адзначае суразмоўца, адміністрацыя зьмяніла фармулёўку звальненьня на «за прагулы».
Віталь Красьніцкі адрабіў у падрыхтоўчым цаху заводу масавых шынаў больш за год. Ён стаў адным з ініцыятараў стварэньня на «Белшыне» страйкаму. Па ягоных словах, страйкоўцы хадзілі ў прафкам, і ягоны старшыня запэўніў, што звальняць іх ня маюць права, бо Канстытуцыя дае ім права на страйк.
Старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ігар Важнавец адмаўляецца гаварыць пра сытуацыю са звальненьнем рабочых-страйкоўцаў праз тэлефон. Засьпець на працоўным месцы намесьніка генэральнага дырэктара Сяргея Дрывілу, які адказвае за кіраваньне пэрсаналам і ідэалягічную працу, не ўдалося, бо ён на нарадах.
Сам Віталь Красьніцкі кажа, што забастоўка на «Белшыне» спыненая, бо ўдзельнікі баяцца рэпрэсіяў адміністрацыі. Раней страйковец казаў, што яна трымалася на асобных групах работнікаў з розных цэхаў і яе падтрымлівала да 25 чалавек.
Пра звальненьне Віталь Красьніцкі паведаміў калектыву ў відэазвароце. У ім заклікаў рабочых да адзінства ў дасягненьні мэтаў. «Калі мы паасобку, то нас палохае адміністрацыя звальненьнямі, штрафамі, а супрацоўнікі МУС — пазбаўленьнем волі», — адзначае ён.
Як цьвердзіць Красьніцкі, цяпер яго выклікаюць да начальніка аддзелу прафіляктыкі бабруйскай міліцыі.