Войска Беларусі прыведзена ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле Лукашэнкі, войскі павінны старанна ахоўваць заходнія межы «ад уварваньня арміі NATO» і «перадухіліць рэвалюцыю, падрыхтаваную замежнымі дзяржавамі». На якую вайсковую сілу можа абаперціся цяперашні кіраўнік дзяржавы, супраць якога пратэстуюць сотні тысяч людзей пасьля фальсыфікацыі вынікаў выбараў? Разважае чэскі вайсковы аналітык і публіцыст Лукаш Вісінгр.
Беларусь утрымлівае адносна вялікую армію, нягледзячы на сьціплыя фінансавыя рэсурсы. Пры гадавым бюджэце каля 780 мільёнаў даляраў у краіне з насельніцтвам менш за дзесяць мільёнаў каля 50 000 чалавек, у тым ліку цывільных, служаць ва ўзброеных сілах.
Хоць большасьць салдатаў — прызыўнікі, якія служаць ад 12 да 18 месяцаў залежна ад іхнай адукацыі, каля траціны арміі ўжо запоўнена прафэсіяналамі. Называецца таксама лічба 300 тысяч чалавек рэзэрвістаў.
Зь мінулага тыдня беларускія вайсковыя часткі на заходняй мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі на загад Аляксандра Лукашэнкі як галоўнакамандуючага знаходзяцца ў поўнай баявой гатоўнасьці. Зьнішчальная і баявая авіяцыя, танкі, бронетэхніка, ударная авіядэсантная брыгада і СПА.
Міністэрства абароны Беларусі папярэдзіла таксама, што вайсковыя падразьдзяленьні не дадуць апаганьваць помнікі ў гарадах, а пратэстоўцы будуць мець справу ўжо не зь міліцыяй, а з войскам.
«Украінскі сцэнар з Расеяй амаль напэўна не паўторыцца»
У якім стане знаходзіцца беларускае войска? На думку экспэртаў, Беларусі ўдалося ператварыць армію ў досыць эфэктыўную сілу. «У цэлым можна сказаць, што яна нашмат лепшая, чым, напрыклад, украінская», — лічыць чэскі вайсковы аналітык і публіцыст Лукаш Вісінгр.
Паводле яго, адрозна ад Украіны, колькасьць салдатаў, танкаў, самалётаў або ракетных установак у Беларусі — гэта ня проста лічбы на паперы, яна больш-менш адпавядае рэчаіснасьці. «Гэта ня так, як ва Ўкраіне, дзе, калі абвясьцілі мабілізацыю, зьявіліся толькі дзесяць працэнтаў людзей», — кажа Вісінгр.
У гэтым параўнаньні з Украінай адрозьніваюцца і іншыя аспэкты. У тым ліку і значна цяплейшае стаўленьне да Расеі. Украінскі сцэнар пасьля расейскай анэксіі Крыму ў 2014 годзе і падзеяў на ўсходзе Ўкраіны амаль напэўна не паўторыцца, мяркуе экспэрт.
«Беларусы супраць расейцаў ваяваць ня будуць. Параўноўваць сытуацыю з Украінай у гэтым пляне абсурдна», — сказаў Вісінгр. Беларускія ўзброеныя сілы практычна тое самае, што і расейскія. Разам яны праводзяць вучэньні супраць «ворага з Захаду» і лічацца найбліжэйшымі хаўрусьнікамі.
«На вуліцах беларускія вайскоўцы будуць шчыраваць самі»
Цяперашняя сытуацыя, калі «непаслухмяны» Лукашэнка, які да нядаўняга часу стараўся праводзіць шматвэктарную палітыку, страціў шанцы на збліжэньне з Захадам, прынамсі задавальняе Маскву. «Усё, што ў яго засталося, — гэта зноў схіліцца да Расеі, што таксама вітае войска Беларусі», — сказаў Вісінгр.
Паводле яго, калі Масква якім-небудзь чынам умяшаецца ў справы Беларусі, «расейскія салдаты ня будуць біць пратэстоўцаў на плошчах і вуліцах гарадоў». Хутчэй размова пойдзе пра разгортваньне войска на заходніх межах на той падставе, што гэта вучэньні для падтрымкі бясьпекі і супрацоўніцтва. «Яны прышлюць некалькі вайсковых адзінак, якія будуць разьмешчаныя на мяжы з Польшчай і Літвой і будуць там трохі шумець. А ўжо на вуліцах беларускія вайскоўцы будуць шчыраваць самі», — дадаў Вісінгр.