Начальнік генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што вайскоўцы не ўспрымаюць сытуацыю, якая склалася ў краіне, і «гатовыя абараніць грамадзтва».
«Мы бачым, што адбываецца ў краіне і вакол яе. У гэтай няпростай абстаноўцы армія гарантуе бясьпеку дзяржавы, грамадзтва і кожнага асобнага чалавека, які хоча мірна жыць і працаваць у Беларусі», — гаворыцца ў заяве Вальфовіча, распаўсюджанай абаронным ведамствам.
«Мы не дадзім апаганьваць нашы помнікі, разбурыць сыстэму адукацыі, запалохваць грамадзян, паралізаваць транспартныя камунікацыі, падмяніць маральныя каштоўнасьці беларускай моладзі. Армія катэгарычна гэтага не прымае і гатовая абараніць сваю краіну ад пагрозаў», — заявіў Вальфовіч.
Днямі ў такой жа танальнасьці прамаўляў міністар абароны Віктар Хрэнін. Сказаў, што вайскоўцы будуць забясьпечваць парадак на масавых акцыях апазыцыі, а таксама возьмуць «пад ахову ўсе месцы, зьвязаныя з памяцьцю Вялікай Айчыннай».
«Катэгарычна папярэджваем: у выпадку парушэньня парадку і спакою ў гэтых месцах вы будзеце мець справу ўжо не зь міліцыяй, а з войскам», — прыгразіў міністар Хрэнін.
Падчас Маршу новай Беларусі 23 жніўня вайскоўцы стаялі ў ачапленьні на тэрыторыі каля стэлы «Менск — горад-герой». Ніякіх інцыдэнтаў у той дзень адзначана не было.