Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не шкадую, што мы выступілі супраць гвалту». Міністэрства звольніла кіраўніка РНПЦ «Кардыялёгія» Мрочака. Дактары выгукалі «Жыве Беларусь!»

абноўлена

Пратэст мэдыкаў
Пратэст мэдыкаў

Выканаўца абавязкаў міністра здароўя Дзьмітры Піневіч прыехаў у РНПЦ «Кардыялёгія», каб заявіць калектыву пра звальненьне кіраўніка ўстановы Аляксандра Мрочака і прадставіць ягонага наступніка.

27 жніўня Мрочака паінфармавалі, што «з ініцыятывы наймальніка» ад пасады ён вызвалены. Клінікай адмысловец кіраваў ад 2008 году. Сам ён зьвязвае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты ў непрацоўны час.

Лекары аплядавалі і выгукалі «Мрочак! Браво!», незадаволеным гулам сустракалі Піневіча, — перадае карэспандэнт Свабоды.

«Перад галіной стаіць жорсткая задача на выкананьне велізарных аб’ёмам і сьціслых у часе мерапрыемстваў. Сёньня неабходныя новыя рашэньні і падыходы да выбудоўваньня сучаснай сыстэмы аховы здароўя з улікам фармаваньня рэзыдэнтуры, акрэдытацыі ўстановаў, укараненьня клініка-затратных групаў і інфармацыйных тэхналёгіяў», — адзначыў Дзьмітры Піневіч.

«Што вы нясеце?», — выгукнулі з залі.

Дзьмітры Піневіч
Дзьмітры Піневіч

Піневіч паведаміў, што праводзіць цяпер зьмену кіроўных кадраў рэспубліканскіх устаноў. Ён сказаў, што кантракт з Мрочакам быў заключаны да 12 лютага.

Дзьмітры Піневіч (зьлева) і Аляксандар Мрочак
Дзьмітры Піневіч (зьлева) і Аляксандар Мрочак

Калі пачаў прамову Аляксандар Мрочак, ягоныя калегі ўсталі і доўга аплядавалі, выгуквалі «Вярніце нам Мрочака!». Ён ня стрымліваў сьлёз, разьвітваючыся з падначаленымі.

Мрочак распавёў, што за 12 гадоў кардыялёгія стала зусім іншай, сказаў калегам, што ён «усіх любіць і расчараваны разьвітаньнем».

Аляксандар Мрочак
Аляксандар Мрочак

Прафэсар Святлана Суджаева спытала Піневіча, калі ўсё выдатна, то чаму сыходзіць акадэмік Мрочак?

«Цяпер складаны час у Беларусі, а вы беларус. Трэба быць з народам, будзьце з народам. Калі ласка, мы просім і настойваем, пакіньце акадэміка Мрочака дырэктарам цэнтра. Вы загад гэты напісалі, і ў вашых сілах, што б вы ні казалі, адклікаць гэты загад. Мы настойваем на адкліканьні загаду і катэгарычна просім: пакіньце нам нашага дырэктара. Што тычыцца нашага закліку „Не гвалту“, дык я адкрыта кажу „Не гвалту!“. Мы лекары, і мы супраць гвалту. Мы ня хочам каб нас прымушалі, прыгняталі і каб мы закрылі вочы на гвалт. Просім пакінуць дырэктара, адклікаць загад!», — сказала яна.

Прысутныя пачалі скандаваць «Просім!».

Піневіч заявіў, што яго рашэньне ня мае палітычнай падаплёкі.

«Вы ўжо хлусіце», «Тады звальяйце ўсіх», — пачалі казаць у залі.
Піневіч сышоў з залі пад сьвіст і воклічы «Ганьба!». Потым пачуліся воклічы «Жыве Беларусь!».

Мрочак: «Адбылося тое, што адбылося»

У інтэрвію Свабодзе Аляксандар Мрочак сказаў, што «адбылося тое, што адбылося».

«Гэта рашэньне Міністэрства аховы здароўя, прычыны яны назвалі. Можна знайсьці формы, каб абмежаваць тэрмін працы любога кіраўніка па адпаведных артыкулах працоўнага кодэкса. Вось са мной так абышліся».

Мэдык распавёў, што яго звольнілі па ініцыятыве наймальніка, але ён не шкадуе, калектыў выходзіў і пратэставаў супраць гвалту.

«Гэта мая пазыцыя, я яе ініцыяваў сярод лекараў. Гэта ініцыятыва была падхоплена іншымі спэцыялістамі і напэўна дзякуючы таму, што гэта ініцыятыва аб абмежаваньні гвалту на вуліцах прайшла, яна дазволіла нам захаваць жыцьці. А гэта ўжо вельмі важна для нас, для выніку. Калі з аднаго боку ляжаць камяні, запальваючая сумесь, а з другога боку кулі, дубінкі, тараны, гэта заўсёды заканчваецца вельмі трагічна. А гуманітарная прафэсія ўрача заўсёды на баку здароўя, на баку захаваньня жыцьця чалавека. Таму мы зрабілі правільна», — сказаў Аляксандар Мрочак.

Ён кажа, што яму прыемная падтрымка калектыву, і РНПЦ сёньня зарабляе амаль 2 мільёны даляраў у год. Цяпер папоўню «армію беспрацоўных пэнсіянэраў», — сумна пажартаваў акадэмік Мрочак.

Што будзе далей

Выканаўцай абавязкаў кіраўніка цэнтру «Кардыялёгія» будзе Маргарыта Бельская, цяпер яна намесьніца дырэктара з навуковай працы.

У сваіх прамовах мэдыкі казалі, што падтрымаць Аляксандра Мрочака можна толькі адным спосабам — звольніцца на знак салідарнасьці разам з акадэмікам. Іншыя вераць, што ўдасца дагрукацца да кіраўніцтва ведамства.

Сьвятлана Суджаева сказала Свабодзе, што трэба даць час, магчыма ў міністэрстве перагледзяць загад.

«Мы ў катэгарычнай форме запатрабавалі адклікаць загад. Трэба пачакаць дзень-два, няхай падумаюць, а далей будзе бачна», — сказала яна карэспандэнту Свабоды.

Яна лічыць малаверагодным, што лекары пачнуць звальняцца на знак пратэсту, бо ўсе адзьдзяленьні завалены цяжкахворымі.

«Я лічу, што прычынай стала тое, што ў нас выходзілі на мітынгі „Не гвалту!“. У нас не было іншых лёзунгаў, але і гэта не задаволіла. Прычым мы выходзілі не ў працоўны час», — паведаміла прафэсар Сьвятлана Суджаева.

Аляксандр Мрочак — вядомы кардыёляг, яго цэняць калегі ў Беларусі і за мяжой. Заслужаны дзяяч навукі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар мэдычных навук, прафэсар. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG