У дачыненьні да Беларусі пачалася дыпляматычная бойня на самым высокім узроўні, — гэтак Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня на нарадзе ў Менску, перадае БелТА.
«Мы сёньня маем у наяўнасьці пэўны этап гібрыднай, скажам прама, вайны супраць Беларусі. А як гэта інакш назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфэра паражаныя гэтай барацьбой, вайной супрацьлеглых бакоў. Дыпляматычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні», — сказаў Лукашэнка.
Ён сьцьвярджае, што суседзі Беларусі ня толькі адкрыта заяўляюць пра сваю пазыцыю наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, ціснуць на дзяржаву. «У наяўнасьці дыпляматычная вайна», — сказаў ён.
«Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Горадзенская вобласьць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо адкрыта кажуць, сьпяць і бачаць. Нічога ў іх у гэтым пляне не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна»,-- сказаў ён.