Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

19-ы дзень пратэстаў. Калесьнікава ідзе ў СК. Макей склікаў паслоў. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 18-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

22:13 27.8.2020

Лаўроў запэўніў Макея ў падтрымцы Расеяй «братняга беларускага народу»

Міністар замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў сёньня праз тэлефон заявіў свайму беларускаму калегу Ўладзімеру Макею аб нязьменнай саюзьніцкай падтрымцы Расеяй народу Беларусі. Пра гэта паведамляе ТАСС.

«Міністры падкрэсьлілі неабходнасьць больш хуткай нармалізацыі абстаноўкі праз нацыянальны дыялёг пры захаваньні нормаў Канстытуцыі і шанаваньні правапарадку ў рэспубліцы. Пацьверджаная недапушчальнасьць зьнешняга ўмяшаньня ва ўнутрыпалітычныя працэсы, спробаў дэстабілізацыі сытуацыі і накіданьня звонку аднабаковых пасярэдніцкіх паслугаў. З расейскага боку было заяўлена аб нязьменнай саюзьніцкай падтрымцы братэрскага беларускага народу», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС РФ.

21:04 27.8.2020

Акцыя пратэсту вернікаў у Менску скончылася затрыманьнямі больш як 170 чалавек на плошчы Незалежнасьці

Шэсьце вернікаў праз цэнтар Менску скончылася затрыманьнямі дзясяткаў чалавек на плошчы Незалежнасьці. Апроч удзельнікаў акцыі, затрымалі амаль усіх журналістаў, якія асьвятлялі пратэст.

Як разьвіваліся падзеі

  • Пасьля разгону акцыі пратэсту супраць несумленных выбараў і гвалту, якая праходзіла 26 жніўня ля Чырвонага касьцёла ў Менску, людзі зноў выйшлі на пратэст.
  • Пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатограф Радыё Свабода Ўладзімер Грыдзін. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».
  • На плошчы Свабоды сабралася некалькі соцень пратэстоўцаў, у многіх на плячах — бел-чырвона-белыя сьцягі, у руках плякаты. Яны сталі ў калёну і рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці, сьпяваючы «Магутны Божа».
  • Па праспэкце Незалежнасьці ўжо ішла калёна ў тысячу чалавек. Дэманстранты несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі, кветкі і абразы, спыняліся на чырвонае сьвятло.
  • На плошчы Незалежнасьці са сьцягамі і плякатамі сабралася каля тысячы чалавек. АМАП заблякаваў прыступкі да Чырвонага касьцёла, не пускаючы людзей з плошчы да касьцёла. Паступова АМАП пачаў ачапляць плошчу, выцясьняючы людзей. У 19.30 пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых былі і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Наш стрым сілавікі спынілі ў жывым эфіры.
  • Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 170 затрыманых толькі на плошчы Незалежнасьці.
19:45 27.8.2020

На плошчы Незалежнасьці журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры

Плошча Незалежнасьці перад затрыманьнямі
На плошчы Незалежнасьці ў Менску затрымалі журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча і Андрэя Рабчыка, якія вялі жывую трансьляцыю зь мірнай акцыі пратэсту супраць гвалту сілавікоў і фальсыфікацыі выбараў.

Спачатку затрымалі Алега Грузьдзіловіча. Журналіст не супраціўляўся, а спрабаваў патлумачыць сілавікам, што вядзе рэпартаж. Грузьдзіловіч паказаў сілавікам пасьведчаньне аб акрэдытацыі, выдадзенае Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

Празь некалькі хвілін затрымалі і апэратара Андрэя Рабчыка. Яму загадалі спыніць жывую трансьляцыю.

19:10 27.8.2020

Менчукі хочуць адклікаць дэпутата Давыдзьку

У бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Менску праходзіць сустрэча з дэпутатам Генадзем Давыдзькам. Прадстаўнік ініцыятыўнай групы расказвае, чаму жыхары хочуць яго адклікаць.

19:08 27.8.2020

Каардынацыйная рада пра выйсьці з палітычнага крызісу

Каардынацыйная рада апублікавала заяву, у якой піша: праблемы ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі маюць вырашацца

— выключна ў межах канстытуцыйнага поля,
— у межах закону,
— мірнымі сродкамі,
— бязь зьнешняга ўмяшаньня.

Фармаваньне на тэрыторыі Расеі або іншай дзяржавы ўзброеных груповак для выкарыстаньня на тэрыторыі Беларусі Каардынацыйная рада лічыць недапушчальным, супярэчным міжнароднаму праву і пазыцыі беларускага грамадзтва.

Таксама Каардынацыйная рада прасіла замежных партнэраў устрымацца ад заяваў аб наданьні ёй дапамогі або аб прадстаўленьні гэтымі партнэрамі інтарэсаў беларускага грамадзтва.

18:48 27.8.2020

У Менску праходзіць шэсьце пратэстоўцаў да Чырвонага касьцёла

Пасьля масавага затрыманьня журналістаў на плошчы Свабоды тут сабралася некалькі соцень пратэстоўцаў, у многіх на плячах — бел-чырвона-белыя сьцягі, у руках плякаты. Яны сталі ў калёну і рушылі ў бок плошчы Незалежнасьці, пяюць гімн «Магутны Божа», перадае карэспандэнт Свабоды. Пасьля яны рушылі шэсьцем на плошчу Незалежнасьці.

18:34 27.8.2020

Лідэрка рок-гурту Naka Шпакоўская пакінула Беларусь разам зь дзецьмі

Музычны гурт Naka. Вакалістка - Наста Шпакоўская.
Тэатральная акторка і лідэрка рок-гурту Naka Анастасія Шпакоўская пакінула Беларусь разам зь дзецьмі, піша Tut.by.

Жанчына адзначыла, што «бясьпека дзяцей — самая важная задача» для яе.

21 жніўня Шпакоўская напісала заяву аб звальненьні з тэатру імя Горкага «ў сувязі зь немагчымасьцю працаваць у дзяржструктуры ў сытуацыі, калі дзяржава выдае злачынныя загады супраць свайго народу».

18:31 27.8.2020

На менскай плошчы Свабоды масава затрымалі журналістаў. Сярод іх — фатограф Радыё Свабода

Увечары 28 жніўня на менскай плошчы Свабоды масава затрымалі журналістаў, сярод іх фатограф Радыё Свабода Ўладзь Грыдзін.

Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і павезьлі ў невядомым кірунку «для праверкі дакумэнтаў».

Яны будуць дастаўлены ў РУУС для высьвятленьня асобы, паведаміла афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкама Натальля Ганусевіч.

18:29 27.8.2020

На знак пратэсту супраць звальненьня свайго кіраўніка мэдыкі РНПЦ «Кардыялёгія» сталі ў пікет

Аляксандар Мрочак

Супрацоўнікі Навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія» выйшлі на пікет, трымаючы ў руках плякат: «Звальняеце — хто будзе лячыць?».

Так яны адрэагавалі на звальненьне кіраўніка цэнтру, доктара мэдычных навук Аляксандра Мрочака. Зь ініцыятывай спыненьня кантракту з адмыслоўцам-практыкам сусьветнага ўзроўню выступіла Міністэрства аховы здароўя.

Некаторыя лекары заявілі, што таксама сыйдуць на знак салідарнасьці. Акрамя таго, абвешчаны збор подпісаў пад калектыўнай заявай у абарону дырэктара.

Калегі Мрочака лічаць, што рашэньне выканаўцы абавязкаў міністра Дзьмітрыя Піневіча стала рэакцыяй на пікеты, якія ладзілі мэдыкі ўстановы на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту.

Выказаць падтрымку камандзе РНПЦ «Кардыялёгія» прыйшлі калегі зь іншых сталічных лякарняў.

17:49 27.8.2020

Беларусь адмовілася ад міратворчага візыту кіраўнікоў краін Балтыі

Канцылярыя прэм’ер-міністра і міністэрства замежных спраў Беларусі не палічылі неабходным візыт кіраўнікоў урадаў і міністраў замежных спраў Балтыі ў сваю краіну, паведаміў прэм’ер-міністр Эстоніі Юры Ратас.

«Я прапанаваў паездку ў Беларусь трох прэм’ер-міністраў і трох міністраў замежных спраў краін Балтыі», — цытуе «Інтэрфакс» заяву Юры Ратаса парталу тэлерадыёвяшчаньня ERR.

Ён растлумачыў, што Эстонія зьяўляецца адной з краін, якія ў свой час ініцыявалі палітыку «Ўсходняга партнэрства» і трымала яе на стале Эўразьвязу. Таму і кантактавалі з МЗС і канцылярыяй прэм’ер-міністра Беларусі. Аднак паступіла паведамленьне, што ў гэты момант ніякія кантакты непажаданыя.

17:05 27.8.2020

Газэты, якія маюць праблемы з друкам у Беларусі, далі чытачам магчымасьць чытаць іх бясплатна ў PDF-вэрсіі

Шэраг незалежных газэт —«Народная Воля», «Комсомольская правда в Беларуси», «БелГазета», «Свободные новости» — сутыкнуліся зь перашкодамі ў друку на тэрыторыі Беларусі і пры дастаўцы.

Беларуская асцацыяцыя журналістаў і «Прэс-клюб» сабралі ў адным месцы PDF-вэрсіі нумароў, якія не дайшлі да чытачоў.

Журналісцкія арганізацыі заклікаюць чытачоў дзяліцца спасылкамі ў сацыяльных сетках, каб як мага больш людзей маглі прачытаць газэты, якім чыняць перашкоды.

Усе спасылкі ТУТ

16:46 27.8.2020

Пасьля заявы Лукашэнкі амбасадара Беларусі ў Варшаве выклікалі ў МЗС Польшчы

Амбасадара Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных справаў Польшчы «ў сувязі з паўторным неабгрунтаванымі абвінавачаньнямі ўладаў Беларусі на адрас Польшчы».​

Пра гэта ў твітэры паведаміў намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач.

Візыт амбасадара Беларусі ў МЗС Польшчы заплянаваны на 16 гадзін менскага часу.

Лукашэнка сёньня заявіў, што Польшча мае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Горадзенскую вобласьць.

16:12 27.8.2020

Эўразьвяз далучыць апазыцыю Беларусі да засваеньня € 53 млн фінансавай дапамогі

Эўразьвяз гатовы падключыць Каардынацыйную раду беларускай апазыцыі да засваеньня часткі грошай з € 53 млн фінансавай дапамогі гэтай краіне з боку інстытутаў ЭЗ, паведамляе ТАСС.

Пра гэта заявіў эўракамісар у пытаньнях пашырэньня Олівэр Варгеі пасьля прыбыцьця на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў Бэрліне.

Паводле слоў эўракамісара, сродкі пацярпелым падчас пратэстаў накіруюць у найбліжэйшыя дні, удакладняе ТАСС.

«Частка фондаў ўжо гатовыя да разьмеркаваньня, мы літаральна ў найбліжэйшы дні зможам даць € 2 млн для падтрымкі людзей, якія пацярпелі ў ходзе пратэстаў», — удакладніў Олівэр Варгеі.

Як раней паведамляла Эўракамісія, з гэтых сродкаў € 1 млн пойдзе на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. На падтрымку пацярпелых падчас пратэстаў накіруюць € 2 млн. Астатняя сума будзе накіравана на барацьбу з каранавірусам.

Усе грошы разьмяркуюць празь недзяржаўныя арганізацыі.

15:58 27.8.2020

Людзі арганізоўвацца, каб адклікаць свайго дэпутата. Што пра гэта кажа закон?

Чарга каля кінатэатра «Кіеў», каб паставіць подпіс за адкліканьне дэпутаткі сваёй акругі — Старавіленскай акругі № 105 — Сьвятланы Любецкай, 26 жніўня
У гісторыі незалежнай Беларусі не было прэцэдэнтаў адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Але цяпер неабыякавыя выбарнікі ініцыююць адкліканьне дэпутатаў, якіх абвінавачваюць у бязьдзеяньні.

Мы разьбіраліся, ці гэта магчыма.

Працэдура адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў апісаная ў Выбарчым кодэксе і ў законе «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу».

Паводле артыкула 129 Выбарчага кодэксу, дэпутат можа быць адкліканы, калі ён не апраўдаў даверу сваіх выбарнікаў (гэта можа невыкананьне прадугледжаных законам дэпутацкiх абавязкаў, парушэньні Канстытуцыі або законаў, учыненьне дзеяньняў, што дыскрэдытуюць дэпутата).

Пытаньне аб адклiканьнi дэпутата могуць абмеркаваць выбарнікі акругi, ад якой выбраны той дэпутат, на сходзе (арт. 131 Выбарчага кодэксу).

Для гэтага заканадаўства прадугледжвае наступныя дзеяньні...

Чытаць далей

15:54 27.8.2020

Пуцін лічыць, што «вагнэраўцаў» у Беларусі вялі ўкраінскія і амэрыканскія спэцслужбы

Сытуацыя з затрыманьнем 33-х расейцаў у Беларусі была сумеснай акцыяй ўкраінскіх і амэрыканскіх спэцслужбаў, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

«Відавочна, што гэта акцыя спэцслужбаў, — сказаў Пуцін у інтэрвію ВГТРК. — Людзей выкарыстоўвалі, каб перамясьціць на тэрыторыю Беларусі, паставіўшы перад імі зусім легальныя мэты. Яны мелі, як ім сказалі, выехаць у трэція краіны, у Лацінскую Амэрыку, на Блізкі Ўсход для легальнай працы. Насамрэч зацягнулі на тэрыторыю Беларусі і прадставілі ў якасьці магчымай ударнай сілы для разгойдваньня сытуацыі ў ходзе перадвыбарнай кампаніі».

Ён растлумачыў, што гэтыя людзі былі вывезеныя з падробленымі дакумэнтамі.

«Апэрацыя гэтая ўкраінскіх спэцслужбаў сумесна з амэрыканскімі. Цяпер гэта дакладна вядома, — сказаў Пуцін. — Некаторыя ўдзельнікі гэтага працэсу або назіральнікі, людзі добра інфармаваныя, нават не хаваюць цяпер гэтага», — дадаў ён.

15:48 27.8.2020

Акторы тэатру імя Горкага падтрымалі купалаўцаў і заклікалі пакараць вінаватых у гвалце

Акторы Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Максіма Горкага падтрымалі сваіх калегаў з Купалаўскага тэатру і апублікавалі адкрыты ліст, які прыводзіць Tut.by:

— Мы, чальцы калектыву Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Максіма Горкага, як і ўвесь беларускі народ, выказваем глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй, што склалася ў краіне.

  • Заклікаем неадкладна спыніць беспрэцэдэнтныя акты гвалту і прыніжэньня чалавечай годнасьці з боку супрацоўнікаў сілавых структураў у дачыненьні да мірных грамадзян.
  • Настойваем на неадкладным прыцягненьні да адказнасьці асобаў, якія непасрэдна прымалі ўдзел у неправамоцных затрыманьнях, катаваньнях, зьбіцьці, а таксама асобаў, якія непасрэдна кіравалі іх дзеяньнямі, і тых, хто аддаваў злачынныя загады.
  • Настойваем на неадкладным разглядзе ўсіх заяваў і скаргаў, пададзеных ў органы правапарадку.
  • Лічым недапушчальным аказваць ціск на людзей, якія адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазыцыю ці ўдзельнічаюць у мірных акцыях пратэсту.
  • Настойваем на аб’ектыўным асвятленьні ў сродках масавай інфармацыі падзеяў, якія адбываюцца ў краіне.
  • Лічым недапушчальным скажэньне праўды, падтасоўваньне і тэндэнцыйную падачу тэкстаў.
  • Выказваем салідарнасьць з нашымі калегамі — калектывам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. Разбурэньне найстарэйшага творчага калектыву, які ёсьць флягманам беларускай тэатральнай культуры і сапраўдным нацыянальным здабыткам, лічым недапушчальным.
15:46 27.8.2020

Жаночы «ланцуг салідарнасьці» каля Чырвонага касьцёла, які ўчора заблякаваў АМАП. ФОТА

Пасьля 14-й гадзіны вакол Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці ў Менску паўстаў жаночы «ланцуг салідарнасьці». Напярэдадні АМАП заблякаваў ўваходы і выхады ў касьцёл, разганяючы мірны пратэст на плошчы.


15:14 27.8.2020

Пазыцыя Ўладзіміра Пуціна, выкладзеная ў інтэрвію тэлеканалу «Россия-24» — поўная падтрымка Лукашэнкі

Піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст

У выпадку, калі беларускі народ захоча адхіліць Лукашэнку ад улады сілай, Лукашэнка атрымае і сілавую падтрымку, але паліцэйскую, а не вайсковую, адзначае палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

Вырашэньне палітычнай праблемы ў Беларусі, наяўнасьць якой Пуцін прызнае, паводле Пуціна палягае ў канстытуцыйнай рэформе, якую прапаноўвае Лукашэнка. Пры гэтым суразмоўцаў для абмеркаваньня шляхоў гэтай рэформы Лукашэнка можа выбіраць сам, і, на думку Пуціна, Каардынацыйная рада такім суразмоўцам не зьяўляецца.

Тэма магчымага паразуменьня Расеі з Захадам наконт Беларусі, спадзеў на што выказала, у прыватнасьці, Сьвятлана Алексіевіч, не знайшла адлюстраваньня ў інтэрвію прэзыдэнта Расеі.

Захад умешваецца ўва ўнутраныя справы Беларусі, хоча ўплываць на працэсы, каб яны ішлі ў яго інтарэсах — вось і ўсё паразуменьне — піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.

15:12 27.8.2020

У Берасьці затрымалі кіраўніцу гарадзкой арганізацыі БСДП (Грамада) Ганну Канюс, піша «Вясна». Яна чакала пад Ленінскім РАУС інфармацыю пра затрыманага раніцай Ігара Маслоўскага, да яе падышоў капітан міліцыі Хвясюк, запрасіў у аддзяленьне «пасядзець і пачакаць». Яна пагадзілася, з аддзяленьня ўжо паведаміла пра затрыманьне.

15:01 27.8.2020

Звальняюць прэсавага сакратара страйкаму «Беларуськалія» Глеба Сандраса

Афіцыйная прычына — прагулы​.

Прэсавы сакратар страйкаму «Беларуськалія» Глеб Сандрас выклаў у інтэрнэт загад аб ягоным звальненьні «за прагулы».

«Загад цалкам незаконны. Нас гэтак усіх спрабуюць запалохаць і спыніць страйк. Ведаю яшчэ пра чатыры падобныя выпадкі звальненьня ўдзельнікаў страйку на маім 1-м рудаўпраўленьні. Калі не скасуюць загад, будзем падаваць у суд», — сказаў Свабодзе Глеб Сандрас.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG