«Беларускае войска будзе вітаць, што Лукашэнка мусіць зноў схіліцца да Расеі», — меркаваньне экспэрта
Беларускае войска прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле Лукашэнкі, войскі павінны старанна ахоўваць заходнія межы «ад уварваньня арміі НАТО» і «прадухіліць рэвалюцыю, падрыхтаваную замежнымі дзяржавамі». На якую вайсковую сілу можа абаперціся цяперашні кіраўнік дзяржавы, супраць якога пратэстуюць сотні тысяч людзей за фальсыфікацыю вынікаў выбараў? Разважае чэскі вайсковы аналітык і публіцыст Лукаш Вісінгр.
«Давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы». Лукашэнка патлумачыў, з кім гатовы да дыялёгу
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы весьці дыялёг, у тым ліку пра абнаўленьне Канстытуцыі. Але ў першую чаргу з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі, паведамляе яго прэсавая служба.
«Усе хочуць новага палітычнага ладу. Ды калі ласка, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы. Прадстаўнікі працоўных, студэнцкіх калектываў. І сяляне маюць права на сваё слова, і працоўныя хочуць слова сказаць, і спэцыялісты прадпрыемстваў, і настаўнікі, і лекары. А ня толькі малойчыкі, якія ходзяць па вуліцах і крычаць, што яны хочуць дыялёгу. З вуліцай ніхто з уладаў за стол перамоваў ня сядзе», — сказаў ён.
Пры гэтым ён дадаў, што гатовы весьці дыялёг і з апазыцыяй, калі там будуць «разумныя людзі».
«Калі ёсьць разумныя людзі ад апазыцыі, якія бачаць сваю краіну свабоднай і незалежнай, калі ласка, выказвайце сваю пазыцыю, але не на вуліцы».
Лукашэнка заявіў, што на мітынгах яго падтрымалі 3 мільёны чалавек
Лукашэнка заявіў, што яму ёсьць на каго абаперціся, яго цытуе БелТА.
«Ужо ў мітынгах у падтрымку міру, спакою, дзейнага прэзыдэнта выступілі каля 3 мільёнаў чалавек. Гэта ж сіла — 3 мільёны чалавек, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. — Наш электарат спакайнейшы: вэтэраны, пэнсіянэры, спэцыялісты. Яны ведаюць сваю справу, працуюць. Таму мы і будзем мець тую колькасьць людзей — 80%, якія за нас прагаласавалі».
«Таму трэба жыць спакойна, займацца кожнаму сваёй справай. А што тычыцца мяне, сілавых структураў і іншых, мы будзем займацца таксама сваёй справай. Выключна паводле закону. Таму трэба адкрываць Біблію, я маю на ўвазе закон, і чытаць: гэта — санкцыі такія, вось гэта — санкцыі такія. Мы не крыважэрныя, мы не зьбіраемся нікога душыць, ганяць па вуліцах, калі нас да гэтага не змушаюць », — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў Менску.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава выйшла пасьля допыту ў Сьледчым камітэце. Яна ў статусе сьведкі, супраць сябе ня сьведчыла, дала падпіску аб неразгалошаньні, паведаміў Tut.by.
Каля Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі праходзяць перамовы намесьніка міністра з спартоўцамі і акцыя салідарнасьці
Затрымалі сябра Гомельскай каардынацыйнай рады Сьвятлану Кароль. Яе затрымалі ў вёсцы пад Гомлем, цяпер міліцыянты вязуць яе ў Чыгуначны РАУС. Сьвятлана Кароль брала актыўны ўдзел у акцыях прыхільнікаў пераменаў. На сёньня ў Гомлі анансавлі чарговы жаночы «ланцуг салідарнасьці»
Дырэктара рэклямнага агенцтва Васілевіча, які нядаўна адбыў 14 содняў арышту, забралі супрацоўнікі ДФР
Як паведамілі ў рэдакцыі Kyky, 27 жніўня ў офіс, які яны арандуюць разам з агенцтвам Vondel / Hepta, прыйшлі людзі з Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў.
У выніку частка зьехала разам з Аляксандрам Васілевічам — дырэктарам агенцтва. Раней ён адседзеў 14 содняў за тое, што прынёс у КДБ заяву з хадайніцтвам за прэтэндэнта на прэзыдэнта Віктара Бабарыку.
Пакуль што супрацоўнікі ДФР не выказвалі жаданьня сустрэчы з журналістамі рэдакцыі, абмежаваўшыся гутаркамі з супрацоўнікамі Vondel / Hepta. Таму журналісты просяць калег не акцэнтаваць тое, што ператрус адбыўся менавіта ў рэдакцыях Kyky і The Village.
Дарэчы, у The Village акурат сёньня апублікавалі турэмныя ўспаміны Аляксандра Васілевіча.
Разам з тым да дырэктаркі онлайн-выданьня Kyky Аляксандры Раманавай супрацоўнікі ДФР прыходзілі дадому. Яе там не было, сілавікі спрабуюць шукаць яе праз тэлефон.
Супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыйшлі таксама ў офіс digital-агенцтва Red Graphic, якім валодае жонка Аляксандра Васілевіча, вядуць ператрус, піша Kyky.org. А да цешчы Васілевіча прыйшлі «паразмаўляць» два «чалавекі ў цывільным»
Лукашэнка пра ўдзел студэнтаў у акцыях: ня прагнуць вучыцца, тады радзіму трэба абараняць
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «давесьці» да студэнтаў інфармацыю аб наступствах іх удзелу ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту, папярэдзіў, што адтэрміноўкі ад службы ў войску могуць скасаваць, паведамляе БелТА.
«Яны і ў палітычных адносінах пачынаюць сёньня падбухторваць студэнтаў: першага верасьня прыедзеце на заняткі — выходзьце на вуліцы і гэтак далей. Мы зараз да студэнтаў давядзем тую інфармацыю, якую павінны давесьці, да кіраўніцтва ВНУ. Яны, у рэшце рэшт, адказваюць за сытуацыю ў сваіх ВНУ і яны адкажуць, як і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў чацьвер у Менску.
«А потым вы ж павінны разумець, што хлопцам мы далі адтэрміноўку ад войска на час вучобы ў ВНУ. Ну, ня прагнуць вучыцца, тады Радзіму трэба абараняць. У нас Айчына ў небясьпецы», — заявіў ён.
Пуцін: сфармаваная рэзэрва супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі
У сёньняшнім выступленьні ў расейскай тэлевізіі на тэмы актуальных падзеяў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаўся пра сытуацыю ў Беларусі і «расейскія сілы».
«Сфармаваная рэзэрва з супрацоўнікаў праваахоўных органаў для дапамогі Беларусі пры неабходнасьці».
«Расейскія сілы ня будуць выкарыстоўвацца да таго часу, пакуль экстрэмісцкія элемэнты ў Беларусі не пяройдуць межаў, не пачнуць разбой».
«Расея зыходзіць з таго, што ўсе праблемы ў Беларусі будуць вырашацца мірным шляхам».
«Неабходнасьці ва ўжываньні расейскіх сілаў у Беларусі пакуль няма, спадзяюся, і ня будзе, і з гэтым згодныя і ў Маскве, і ў Менску», — сказаў Пуцін.
Рыга прапануе беларускім кампаніям перавесьці свой бізнэс у Латвію
Дырэктар Латвійскага агенцтва інвэстыцый і разьвіцьця (ЛАІР) Каспар Рожкалнс прапанаваў беларускім кампаніям цалкам або часткова перамясьціць сваю дзейнасьць у Латвію, паведамляе Інтэрфакс.
Паводле яго, агенцтва мабілізавала рэсурсы для аказаньня падтрымкі прадпрымальнікам, якія хочуць разьвіваць свой бізнэс у Латвіі. Для гэтага сфармаваная адмысловая каманда, якая апэратыўна прымае заяўкі і прапануе магчымае вырашэньня пытаньня.
У прыватнасьці, гаворка ідзе аб прадстаўленьні так званай стартап-візы або «сіняй карты» Эўрапейскага зьвязу. Яна прадугледжвае выдачу часовага віду на жыхарства высокакваліфікаваным спэцыялістам і членам іх семʼяў.
Унівэрсытэт чэскага гораду Брно адкрывае праграму для студэнтаў і навукоўцаў зь Беларусі
Прапануюць стыпэндыі для 20 студэнтаў зь Беларусі памерам ад 10 да 12 тысяч чэскіх корун у месяц (ад $ 500 да $ 600) і магчымасьць падаць заяўку на навуковы грант да мільёна корун у год ($ 45 тысяч) для навукоўцаў, якіх перасьледуюць у Беларусі.
Польскі прэм’ер зьвярнуўся да беларускіх уладаў на трох мовах. Да чаго ён заклікае
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэуш Маравецкі заклікае беларускія ўлады вызваліць арыштаваных актывістаў апазыцыі і пачаць перамовы аб спыненьні палітычнага крызісу ў краіне.
«Заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх незаконна затрыманых і выкліканых на допыты прадстаўнікоў апазыцыі. Нормай зьяўляецца дыялёг, а не дыктат. Каардынацыйная рада — гэта адпаведны партнэр для правядзеньня перамоваў з ўладамі ў Менску», — напісаў прэмʼер-міністар Матэуш Маравецкі ў Twitter. Запіс кіраўніка польскага ўраду зроблены на польскай, беларускай і ангельскай мовах
Ператрусы ў Kyky.org і The Village Беларусь
Днём 27 жніўня сілавікі пачалі ператрусы ў менскіх офісах рэдакцыяў выданьняў Kyky.org і The Village Беларусь, якія знаходзяцца ў адным памяшканьні са штабам Каардынацыйнай рады. На допыт забралі ўладальніка сайтаў Аляксандра Васілевіча. Тэлефоны рэдакцыяў не адказваюць.
У Берасьці затрымалі старшыню абласной арганізацыі БСДП (Грамада) Ігара Маслоўскага, піша «Брестская газета».
Гэта адбылося пасьля суду над Дзьмітрыем Янковічам, якога аштрафавалі на 405 рублёў — яго затрымалі, калі ён перавозіў у сваёй машыне вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Калі чальцы БСДП вярталіся ў офіс, іх спыніла машына зь міліцыянтам і «чалавекам у цывільным», які выступаў сьведкам у судзе над Янковічам. Маслоўскага забралі ў Ленінскі РАУС, прычыны затрыманьня не патлумачылі
Амбасадары краін Эўразьвязу выказалі Макею захапленьне мужнасьцю беларусаў, якія выйшлі на пратэсты
«Сёньня кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эўрапейскага Зьвязу і дзяржаваў Эўразьвязу мелі магчымасьць абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі зь міністрам замежных справаў Уладзімерам Макеем. Эўрапейскі Зьвяз уважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі як да выбараў, так і пасьля іх.
Эўразьвяз неаднаразова заклікаў улады Беларусі шукаць адэкватныя рашэньні шляхам спыненьня гвалту і вядзеньня сапраўднага і шырокага нацыянальнага дыялёгу.
Менавіта з улікам гэтых абставінаў кіраўнікі дыпляматычных місіяў Эўрапейскага Зьвязу ў Менску папрасілі аб сустрэчы з Уладзімерам Макеем, на якую ён ласкава пагадзіўся.
Дыпляматы Эўразьвязу падкрэсьлілі, што толькі мірны і дэмакратычны працэс ва ўмовах незалежнасьці і свабоды СМІ і моцнай грамадзянскай супольнасьці дапаможа адшукаць устойлівыя рашэньні. Кіраўнікі місіяў таксама выказалі захапленьне мужнасьцю, зь якою грамадзяне Беларусі выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і для абароны свайго права на свабоду і дэмакратычнае прадстаўніцтва.
Беларусы заклікаюць свае ўлады да адкрытага дыялёгу пра будучыню сваёй краіны. У гэтым кантэксьце эўрапейскія дыпляматы ўказалі на недапушчальнасьць перасьледу сяброў Каардынацыйнай рады на пададзеных уладамі падставах.
На сёньняшняй сустрэчы дыпляматы Эўразьвязу нагадалі аб раней накіраваных просьбах дазволіць наведваньне імі сьледчых ізалятараў і шэрагу грамадзян Беларусі, якіх паслы Эўразьвязу, якія працуюць у Менску, лічаць арыштаванымі выключна з палітычных матываў»
Выканаўцу міністра здароўя супрацоўнікі РНПЦ «Кардыялёгія» сустрэлі воклічам «Жыве Беларусь!»
Выканаўца абавязкаў міністра здароўя Дзьмітры Піневіч прыехаў у РНПЦ «Кардыялёгія», каб заявіць калектыву пра звальненьне кіраўніка ўстановы Аляксандра Мрочака і прадставіць ягонага наступніка.
27 жніўня Мрочака праінфармавалі, што «зь ініцыятывы наймальніка» ад пасады ён вызвалены. Клінікай адмысловец кіраваў ад 2008 году. Сам ён зьвязвае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты ў непрацоўны час.
Як у РНПЦ кардыялёгіі разьвітваліся са звольненым дырэктарам Аляксандрам Мрочакам і як зьбіралі подпісы з патрабаваньнем не звальняць яго
У менскіх ізалятарах на Акрэсьціна сьцьвярджаюць, што ў іх няма асуджанага лідэра стачкаму МТЗ Дылеўскага
Да сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, лідэра стачкаму Менскага трактарнага заводу Сяргея Дылеўскага не пусьцілі адваката.
Паводле абаронцы, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і Ізалятары часовага ўтрыманьня сьцьвярджаюць, што ў іх няма такога чалавека.
Раней адвакат Яўген Маслаў паведаміў, што безвынікова схадзіў у турму на Акрэсьціна, дзе знаходзіцца сябра прэзыдыюум Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова. Яму не дазволілі сустрэцца з падабароннай, спаслаўшыся на складаную эпідэміялягічную сытууацыю.
Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі былі затрыманыя каля прахадной МТЗ 24 жніўня. На наступны дзень абодва былі асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Лукашэнка заявіў, што Польшча прэтэндуе на Горадзенскую вобласьць, калі Беларусь распадзецца
«Мы сёньня маем у наяўнасьці пэўны этап гібрыднай, скажам прама, вайны супраць Беларусі. А як гэта інакш назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфэра паражана гэтай барацьбой, вайной супрацьлеглых бакоў. Дыпляматычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні», — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што суседзі Беларусі ня толькі ў адкрытую заяўляюць пра сваю пазыцыю наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, ціснуць на дзяржаву. «У наяўнасьці дыпляматычная вайна», — сказаў ён.
«Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Горадзенская вобласьць адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую кажуць, сьпяць і бачаць. Нічога ў іх у гэтым пляне не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна», — сказаў ён.
Польшча аднаўляе выдачу візаў беларусам
«Мы распрацоўваем праграмы дапамогі нашым усходнім суседзям, — паведаміў кіраўнік офісу польскага прэмʼера Міхал Дворчык. — Учора прэмʼер прыняў рашэньне аднавіць нармальную працу консульстваў і выдачу візаў. Дагэтуль іх выдавалі толькі людзям, якія прыехалі ў Польшчу са службовымі ці гуманітарнымі мэтамі. Цяпер консульствы зноў змогуць выдаваць беларусам візы».