«Людзі хочуць праўды». Былы ўчастковы звольніўся пасьля выбараў і зьехаў за мяжу
Старшы лейтэнант міліцыі, участковы інспэктар зь Ленінскага РУУС Менску Яўген Асінскі пасьля выбараў напісаў рапарт на звальненьне і 14 жніўня проста ня выйшаў на службу.
«Тая сіла, што прывяла Лукашэнку да ўлады, можа прымусіць яго сысьці». Думка экс-дыплямата
Лукашэнка пакуль мае падтрымку дзяржаўнага апарату Беларусі. Але некаторыя чыноўнікі на знак пратэсту сыходзяць са службы. Што яны думаюць пра сытуацыю?
Каранік сказаў: у зьбітага падлетка, які быў у коме, — атручэньне псыхатропамі. Паводле даведак, гэта ня так
Падчас сустрэы з рабочымі на «Гродна Азоце» 26 жніўня старшыня гарадзенскага аблвыканкаму і былы міністар аховы здароўя Уладзімер Каранік сказаў, што 16-гадовы падлетак, які ляжаў у коме ў 3-м дзіцячым шпіталі Менску, «потым выйшаў на псыхоз», і ў яго «паводле клінікі — атручэньне псыхатропамі». Аднак, паводле адваката падлетка Станіслава Абразея, і паводле зьвестак з эпікрызу і даведак, якія мае Tut.by, ні алькаголлю, ні наркатычных рэчываў у арганізьме хлопца не было.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў пакараць вінаватых у блякаваньні Чырвонага касьцёла
«Неадэкватныя і супрацьпраўныя дзеяньні, якія мелі месца на тэрыторыі касьцёла сьвятога Сымона і сьвятой Алены, павінны быць расьсьледаваны, а вінаватыя панесьці пакараньне ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусі.
Гэтыя і падобныя дзеяньні супрацоўнікаў сілавых структураў не спрыяюць зьняцьцю напружанасьці дзеля хутчэйшага ўсталяваньня міру і згоды ў беларускім грамадзтве ў той час, калі Каталіцкі Касьцёл заклікае да прымірэньня і дыялёгу з мэтаю вырашэньня нябачанага ў нашай краіне сацыяльна-палітычнага канфлікту», — напісаў мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Журналіста Арцёма Ляву адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколу
У Менску і рэгіёнах 26 жніўня за ўдзел у мірных акцыях пратэсту затрымалі 30 чалавек. Сярод затрыманых у Менску апынуўся журналіст тэлеканалу «Белсат» Арцём Лява.
Адвакату не дазваляюць сустрэцца з Кавальковай
Адвакат Вольгі Кавальковай Яўген Маслаў паведамляе, што толькі што выйшаў з ЦІП на Акрэсьціна, дзе знаходзіцца Вольга. Яму не дазволілі сустрэцца з падабароннай, спаслаўшыся на складаную эпідэміялягічную абстаноўку.
Адвакат падае скаргу ў Менскі гарадзкі суд, а таксама скаргу ў пракуратуру на парушэньне права Кавальковай на абарону.
Адзін са стваральнікаў плятформы «Голас» Павел Лібер: маштабы фальсыфікацый абсалютна драматычныя
На кожным трэцім выбарчым участку ў Беларусі выяўленыя фальсыфікацыі, агучаныя ЦВК выніковыя дадзеныя значна разыходзяцца з афіцыйнымі дадзенымі паводле участковых пратаколаў, на участках зафіксавана больш за 6700 парушэньняў, сьцьвярджаюць аўтары дасьледаваньня, падрыхтаванага анлайн-плятформай «Голас» пры дапамозе супольнасьці «Сумленныя людзі» і плятформы «Зубар».
Справу журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай адправілі на дапрацоўку, паведаміла яна на Facebook. Яе затрымалі, калі яна вяла стрым з пратэстаў 14 ліпеня. Абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.
Да сябра Каардынацыйнай рады Вольгі Кавальковай не пусьцілі адваката
Адвакат Вольгі Кавальковай Яўген Маслаў паведаміў, што яму не дазволілі сустрэцца з падабароннай у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, спаслаўшыся на складаную эпідэміялягічную абстаноўку. Адвакат падае скаргу ў Менскі гарадзкі суд, а таксама скаргу ў пракуратуру на парушэньне права Кавальковай на абарону.
Хто сапраўды клапоціцца пра беларускія сьвятыні
Блог Насты Захарэвіч. Пакуль улады робяць гучныя заявы пра тое, што менскія сьвятыні трэба абараніць ад масавых беспарадкаў, рэальную павагу да сьвятынь і прынцыпаў маралі дэманструюць толькі пратэстоўцы, мяркуе яна.
Макей запрасіў амбасадараў на гутарку
Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей сабраў кіраўнікоў амбасадаў замежных дзяржаў для абмеркаваньня ўнутранай сытуацыі і зьнешнепалітычнай рэакцыі на яе. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў амбасадах дзьвюх краін Эўразьвязу ў Менску. Дэталі размовы пакуль невядомыя. Прэсавы сакратар МЗС Беларусі не даступны для камэнтару
Невядомыя пільнавалі Латушку каля дому і офісу
Сябра Каардынацыйнай рады Павал Латушка каля свайго дому заўважыў назіраньне з боку невядомых у чорных масках, якія ехалі на машыне Geely. Невядомыя таксама былі каля офісу на вуліцы Харужай у Менску. «Вонкавае назіраньне» зьехала, як толькі ён зайшоў у офіс. «Разглядаю гэта як чарговы акт псыхалягічнага ціску», — заявіў Латушка.
Пасьля пратэстаў мэдыкаў міністэрства здароўя звольніла дырэктара НРПЦ «Кардыялёгія»
Вядомы беларускі кардыёляг Аляксандар Мрочак больш не дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія». Яго звольнілі з ініцыятывы наймальніка — міністэрства здароўя.
Як расказаў Аляксандар Мрочак Tut.by, 26 жніўня ў яго была размова з кіраўніцтвам ведамства, загаду ён ня бачыў. Але сёньня паінфармавалі, што «з ініцыятывы наймальніка» ад пасады ён вызвалены. Клінікай адмысловец кіраваў ад 2008 году.
Ці ня зьвязвае мэдык гэтае рашэньне з тым, што лекары клінікі выходзілі на пікеты?
«Мяркую, але ўпэўнена не магу сказаць, бо пра гэта не гаварылася. Але ўчора-пазаўчора якраз было пра пікеты, што непажадана выходзіць... Што ж зробіш, я ня вольны ні пратэставаць, ні прадпрымаць нейкія намаганьні, бо рашэньне прынятае, ёсьць такі артыкул».
У РНПЦ кардыялёгіі зьбіраюць подпісы пад калектыўнай заявай у абарону дырэктара
У РНПЦ кардыялёгіі зьбіраюць подпісы пад калектыўнай заявай у адміністрацыю прэзыдэнта, у Савет Міністраў і міністэрства аховы здароўя, у прафсаюз работнікаў аховы здароўя з патрабаваньнем не звальняць з пасады дырэктара РНПЦ Аляксандра Мрочака.
Апоўдні чакаецца прыезд у РНПЦ выканаўцы абавязкаў міністра аховы здароўя Піневіча.
Учора Мрочаку ў міністэрстве прапанавплі напісаць заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне. Мрочак адмовіўся. Ад панядзелка яго запрашалі розныя чыноўнікі і настойвалі, каб ён сышоў добраахвотна.
Яго вінавацяць у тым, што ен ня змог утрымаць калектыў і не забараніў людзям выказваць грамадзянскую пазыцыю наконт сытуацыі ў краіне.
Паводле яго калегаў, учора зьявілася інфармацыя, што Мрочака хочуць звольніць па артыкуле, але як гэта будзе, невядома.
Сёньня супрацоўнікі сабраліся ў кабінэце Мрочака, чакалі яго на працы. У гэты час патэлефанаваў Піневіч і сказаў, каб дырэктар рыхтаваўся разьвітвацца з калектывам. Мрочака запрасілі ў міністэрства.
Дырэктар прапанаваў Піневічу, каб ён сам прыехаў у РНПЦ і сказаў гэта калектыву.
Цяпер чакаецца прыезд Піневіча ў РНПЦ. Цягам 2 тыдняў калектыў цэнтру выказваў сваю пазыцыю супраць гвалту, за правядзеньне сумленных выбараў, выходзіў на «ланцугі салідарнасьці» ў непрацоўны час.
Праваабаронцам «Вясны» вядомыя ўжо 30 імёнаў затрыманых учора ў Менску, сьпіс абяцаюць дапаўняць.
Лукашэнка занепакоіўся падаткамі буйных прадпрыемстваў
«Усе выдатна разумеюць: чым больш эфэктыўная праца прамысловых прадпрыемстваў, тым больш сродкаў паступіць у бюджэт. А значыць, дзяржава зможа прафінансаваць сацыяльныя праграмы ў большым аб’ёме. У сувязі з гэтым стабільная работа прамысловасьці — вугольны камень эканомікі краіны», — сказаў Лукашэнка на нарадзе ў справе разьвіцьця найважнейшых арганізацыяў Міністэрства прамысловасьці Беларусі.
У РНПЦ кардыялёгіі прыбыў выканаўца абавязкаў міністра здароўя Піневіч на гутарку з дырэктарам цэнтру Мрочакам. Лекары аплядуюць і скандуюць «Мрочак! Брава!», не даюць сказаць Піневічу, перадае карэспандэнт Свабоды.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава прыбыла на допыт у Сьледчы камітэт
Беларусь не ўпусьціла калёну гуманітарнай дапамогі з Польшчы
У памежнай службе Беларусі заявілі, што на груз няма ўсіх неабходных дакумэнтаў. Кіраўнік офісу польскага прэм’ера Міхал Дворчык цьвердзіць, што ўсе неабходныя дакумэнты на транспарт ёсьць.
Гуманітарная дапамога была арганізаваная прафсаюзам «Салідарнасьць». У грузавіку харчы, у асноўным кансэрвы. Накіроўваючы транспарт у Беларусь, «Салідарнасьць» паведамляла, што на прадпрыемствах, якія страйкуюць у Беларусі, могуць зачыніць сталоўкі
Польшча аднаўляе выдачу візаў беларусам
«Мы распрацоўваем праграмы дапамогі нашым усходнім суседзям, — паведаміў кіраўнік офісу польскага прэмʼера Міхал Дворчык. — Учора прэмʼер прыняў рашэньне аднавіць нармальную працу консульстваў і выдачу візаў. Дагэтуль іх выдавалі толькі людзям, якія прыехалі ў Польшчу са службовымі ці гуманітарнымі мэтамі. Цяпер консульствы зноў змогуць выдаваць беларусам візы».