Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранік сказаў: у зьбітага падлетка, які быў у коме, — атручэньне псыхатропамі. Паводле даведак, гэта ня так


Уладзімер Каранік
Уладзімер Каранік

Падчас сустрэчы з рабочымі на «Гродна Азоце» 26 жніўня старшыня гарадзенскага аблвыканкаму і былы міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік сказаў, што 16-гадовы падлетак, які ляжаў у коме ў 3-м дзіцячым шпіталі Менску, «потым выйшаў на псыхоз», і ў яго «паводле клінікі — атручэньне псыхатропамі». Аднак, паводле адваката падлетка Станіслава Абразея і паводле зьвестак з эпікрызу і даведак, якія мае Tut.by, ні алькаголю, ні наркатычных рэчываў у арганізьме хлопца не было.

Журналістам не дазволілі прысутнічаць на сустрэчы, пасьля гутаркі з работнікамі заводу Ўладзімер Каранік адмовіўся ад размовы з прэсай. Але Tut.by атрымаў аўдыёзапіс сустрэчы.

Адказваючы на пытаньне пра неапраўданую жорсткасьць дзяржаўных структураў, Каранік сказаў:

«Выбачайце, можна адразу ў рэжыме дыскусіі, разумееце, мы прызвычаіліся, скажам так, да абагульненьняў — „неапраўданая жорсткасьць дзяржаўных структураў“, але гэта падмена паняцьцяў. Былі выпадкі перавышэньня як бы, сапраўды, асобных супрацоўнікаў, і тут у кожным выпадку трэба разьбірацца.

Калі ўсе расказваюць пра тое, што ўсе белыя і пухнатыя, калі мы бачым фэйкі, прабачце мне, пра тое, што бедны, 16 гадоў, зьбіты да паўсьмерці, у коме ляжыць у 3-м дзіцячым шпіталі Менску, памятаеце гэта? А я ведаю, бо на кансыліюмы выяжджалі: пералом сківічнай косткі ёсьць, сутаргавы сындром незразумела чаго, чэрап цэлы, сінякоў на галаве няма, МРТ чыстая (далей неразборліва). Потым зьнялі, потым выйшаў на псыхоз, паводле клінікі — атручэньне псыхатропамі. Ну, натуральна, у морду атрымаў, прабачце, у твар атрымаў, пералом сківічнай косткі ёсьць, але іншых сінякоў няма ніводнага, а ўсюды было „зьбіты да паўсьмерці“.

На сёньняшні момант у кожным выпадку трэба разабрацца, але разабрацца не калі ўсе на эмоцыях бегаюць. У нас усіх паслухаць — усе альбо хадзілі па хлебчык, альбо, прабачце мне, проста стаялі ў баку, пагуляць выйшлі. А тое, што апёкі ад сьвятлашумавай гранаты, — дык гэта, прабачце мне, кінулі з машыны, што побач праяжджала. А тое, што сьвятлашумавыя гранаты прымяняліся толькі ў двух месцах і толькі ў першай лініі, пра гэта ўсе ня ведаюць.

Бацькі расказваюць: дзіця проста выйшла. Таму на сёньняшні момант можам далей пладзіць крыўды, але, па-мойму, правільней супакоіцца, пачаць нармальна працаваць і даць у спакойным рэжыме ўсім разабрацца, што адбылося.

Хочаце, каб вас пачулі, — палітычныя патрабаваньні выказваюць палітычныя партыі, а, прабачце мне, ня вуліца і не страйкамы. Таму арганізоўвайцеся, закон, прабачце, пра палітычныя партыі стары як сьвет, і ён дзейны, арганізоўвайцеся, вызначцеся з кіраўніцтвам, з палітрадай, каб было зразумела, з кім размаўляць увогуле», — сказаў Каранік.

Ішлося, імаверна, пра 16-гадовага Цімура М. У рэанімацыю 3-га дзіцячага шпіталя яго прывезьлі з Партызанскага РУУС 13 жніўня, а 12 жніўня затрымалі ў раёне Каменнай Горкі. Хлопец быў у мэдыкамэнтознай коме, ён вельмі моцна зьбіты, у яго былі чэрапна-мазгавая траўма, страсеньне галаўнога мозгу, адкрыты пералом сківічна-арбітальнага комплексу, сутаргавы сындром, параарбітальная гематома справа, множныя ўдары мяккіх тканак і канцавін, траўматычныя эрозіі празарок абодвух вачэй.

Як апавёў адвакат Цімура Станіслаў Абразей, пры паступленьні ў шпіталь у арганізьме хлопца не было ні алькаголю, ні наркатычных рэчываў.

«Гэта не пазначана ў эпікрызе, ні ў адной з даведак, ні ў гісторыі хваробы. Больш за тое, у нас ёсьць даведка і заключэньне, дзе напісана, што ў арганізьме ня выяўленыя ні наркотыкі, ні псыхатропныя рэчывы, на якія праводзіўся тэст. Калі чалавек трапляе з траўмамі ў шпіталь, яму бяруць кроў і правяраюць, ці няма алькагольнага ап’яненьня і гэтак далей, каб, калі будуць наступствы і працяг гісторыі, гэты факт быў выяўлены. Тут пратакол у мэдычнай частцы быў дапільнаваны, кроў бралі і прааналізавалі».

У эпікрызе Цімура пазначана, што 13 жніўня з 12:51 быў кансыліюм (падлетак паступіў у шпіталь у 2:50 таго дня) і ў частцы абʼектыўных дадзеных адзначана, што паводле вынікаў лябараторнага дасьледаваньня дадзеных пра атручэньне няма (наркатычныя, псыхатропныя, таксычныя рэчывы ня выяўлены).

У лябараторным дасьледаваньні таксама ня выявілі ў крыві этылавага сьпірту. Вынікі дасьледаваньня мачы на наяўнасьць наркатычных, псыхатропных, таксычных або іншых дурманных рэчываў таксама адмоўныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG