26 жніўня ў Гомлі судзілі затрыманых напярэдадні вечарам за акцыю пратэсту. Міліцыя затрымала мінімум траіх, да суду яны былі ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Увечары 25 жніўня, сярод іншых, затрымалі актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых, які зьбіраў подпісы за вылучэньне кандыдатам на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Як паведаміў Свабодзе праваабаронца Васіль Палякоў, сёньня суд пастанавіў пакараць Уладзімера Няпомняшчых за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі штрафам у памеры 810 рублёў.
«Уладзімер выслухаў рашэньне суду і пайшоў у аўтамабіль канвойных забраць свае рэчы. І адтуль не вярнуўся. Пазьней ад яго жонкі мне стала вядома, што, нягледзячы на рашэньне пра штраф, Уладзімера зноў завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня», — кажа Палякоў.
За акцыю 25 жніўня судзілі таксама Дзьмітрыя Карнеева. Яму далі 7 сутак арышту.
Суткамі пакаралі і невядомага чалавека, які ўчора на акцыі ў Гомлі нёс паперадзе калёны бел-чырвона-белы сьцяг.