Сёньня з сумеснай заявай аб сытуацыі ў Беларусі выступілі вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Жузэп Бурэль і міністар замежных справаў Канады Франсуа-Філіп Шампань.
Прапануем пераклад заявы:
«Мы, як сябры беларускага народу і прыхільнікі сувэрэнітэту і незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, падтрымліваем народнае жаданьне дэмакратычных пераменаў.
Мы выразна і неаднаразова выказвалі сваю пазыцыю адносна правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі і іх наступстваў. Прэзыдэнцкія выбары не былі ані свабоднымі, ані справядлівымі.
Масавыя дэманстрацыі ў Менску і па ўсёй краіне ў нядзелю 23 жніўня павінны даць зразумець уладам, што зараз неабходна тэрмінова пачаць адкрыты і канструктыўны нацыянальны дыялёг.
У Беларусі ёсьць міжнародныя абавязаньні, выкананьня якіх мы чакаем ад уладаў. Як дзяржава-ўдзельніца АБСЭ Беларусь абавязалася праводзіць сапраўды дэмакратычныя выбары і адстойваць правы чалавека і асноўныя свабоды. Толькі мірны і дэмакратычны працэс можа дээскаляваць сытуацыю.
Мы падтрымліваем прапанову альбанскага старшынёўства ў АБСЭ падтрымаць дыялёг у Беларусі сумесным візытам разам з прадстаўніком наступнага, швэдзкага старшынёўства ў арганізацыі. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна прыняць гэтую прапанову. Мы заклікаем усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы АБСЭ таксама падтрымаць гэтую прапанову.
Канада і Эўразьвяз будуць працягваць падтрымліваць беларускі народ і будуць працягваць супрацоўнічаць з нашымі міжнароднымі партнэрамі, каб гарантаваць, што голас беларускага народу быў пачуты і яго правы — забясьпечаныя».