Супрацоўніка МЗС Юрыя Крывашэя з Плешчаніц Лагойскага раёну два тыдні таму звольнілі з працы пасьля беспадстаўнага затрыманьня, паведамляе TUT.BY.
Мужчыну вызвалілі з-пад варты на патрабаваньне мясцовых жыхароў, сам ён плянуе дамагчыся праўды ў Сьледчым камітэце і Вярхоўным судзе.
Па словах Юрыя Крывашэя, 11 жніўня яны разам з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехалі на сваёй машыне ў краму ў Лагойску. Сям’ю спынілі супрацоўнікі ДАІ, запатрабавалі выйсьці з машыны і дакумэнты для праверкі. Пакуль дакумэнты зьвяралі з базай дадзеных, у мэтры ад Юрыя спыніўся мікрааўтобус, адтуль выскачыла некалькі чалавек у чорнай форме без апазнавальных знакаў, у масках і з дубінкамі, заштурхалі яго ў машыну і павезьлі ў невядомым накірунку. Жонку з дзіцем дадому на сямейным аўто адвёз інспэктар ДАІ. Юрыя зьбілі ў машыне і даставілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі.
«Наносілі ўдары дубінкамі па ўсіх частках цела. Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса. Мяне прывезьлі на тэрыторыю Лагойскага РАУС. Мне скруцілі рукі, павялі ў склеп і паклалі на плітку. У такім стане, з рукамі за сьпіной, я праляжаў там каля трох гадзін», — расказаў ён журналістам.
Неўзабаве ў РАУС прыбылі супрацоўнікі Менскага гарадзкога ўпраўленьня МНС, дзе працаваў Юрый, і запатрабавалі ад яго падпісаць рапарт аб звальненьні. Яго азнаёмілі з пратаколам, у якім было сказана, што ён адмаўляўся прадʼявіць інспэктару ДАІ дакумэнты, супраціўляўся патрабаваньням прайсьці ў Лагойскі РАУС.
«Мне не далі азнаёміцца з іншымі матэрыяламі справы, не патлумачылі мне мае правы і абавязкі... Забралі шнуркі, рэмень і адправілі ў ІЧУ. Праз двое сутак наўпрост туды прыйшла судзьдзя Лагойскага суду... Я атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту», — распавёў Крывашэй.
Юрый кажа, што не ўдзельнічаў у пратэстных акцыях, але яму вядома, што яны праходзілі ў горадзе.
Пазьней у Плешчаніцах абураныя дзеяньнямі ўладаў мясцовыя жыхары выйшлі на плошчу, дзе 14 жніўня зь імі размаўляў начальнік РАУС Сяргей Лосіч. Яны таксама выказвалі сваё абурэньне затрыманьнем Юрыя Крывашэя і задавалі пытаньні аб яго прычынах. Як потым распавядалі хлопцу, людзі паставілі ўльтыматум: калі яго не выпусьцяць, то яны пойдуць з мітынгам да РАУС — патрабаваць яго вызваленьня. У выніку Юры выйшаў на свабоду датэрмінова: увечары наступнага дня.
Паводле Юрыя, амаль увесь ізалятар Лагойска быў забіты людзьмі. Нехта выйшаў на мітынг, нехта напісаў ва «Укантакце» заклік прыходзіць на выбары толькі жніўня ўвечары і фатаграфаваць бюлетэні.
Пасьля вызваленьня мужчына напісаў заяву аб зьбіцьці ў Сьледчы камітэт і зафіксаваў атрыманыя траўмы на экспэртызе: сурʼёзныя гематомы на нагах, плячы, руцэ.
Юры зьбіраецца падаваць скаргу ў Вярхоўны суд на рашэньне аб адміністрацыйным арышце, каб яго прызналі незаконным, інакш зноў уладкавацца ў МНС яму будзе складана.