Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пасьля допыту ў Сьледчым камітэце, 26 жніўня 2020 году
Сьвятлана Алексіевіч пасьля допыту ў Сьледчым камітэце, 26 жніўня 2020 году

18-ы дзень пратэстаў. Алексіевіч ў СК. Звальненьні ў Купалаўскім. Банкаматы без валюты. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 18-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

19:53 26.8.2020

Галоўны дырыжор сышоў з Опэрнага тэатру праз два дні пасьля прызначэньня. Калегі мяркуюць, што ў сувязі з падтрымкай Купалаўскага тэатру

24 жніўня Вячаслава Чарнуху-Воліча прызначылі галоўным дырыжорам Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі. Але 26 жніўня ён пакінуў сваю пасаду, — інфармацыю пра гэта ён пацьвердзіў Tut.by.

Ён патлумачыў гэта станам здароўя, бо хварэе на кавідную двухбаковую пнэўманію. Tut.by ня змог атрымаць камэнтары ў дырэкцыі тэатру. Як сказалі парталу некалькі супрацоўнікаў тэатру, сыход Чарнухі-Воліча ніяк не зьвязаны са станам ягонага здароўя. Вячаслаў Іванавіч сапраўды нездаровы, але гэта ніяк не перашкодзіла яго прызначэньню галоўным дырыжорам.

Паводле інфармацыі Tut.by, сыход дырыжора зьвязаны з калектыўным лістом, які супрацоўнікі Опэрнага тэатру напісалі ў падтрымку Купалаўскага тэатру. На дадзены момант пад ім сабрана ўжо больш за 300 подпісаў.

19:47 26.8.2020

«Гук дубінак не забыць ніколі». Затрыманы мянчук зьняў на камэру, што рабілі з затрыманымі ў аўтазаку. ВІДЭА

Затрыманы 48-гадовы Дзяніс Германаў зьняў на відэа, што адбывалася зь ім да затрыманьня, а таксама як білі затрыманых у аўтазаку. На ягонае зьдзіўленьне, праваахоўнікі ня выдалілі відэа з камэры. Ён падзяліўся відэа з парталам Tut.by.

«Гэты гук, гук дубінак, не забыць ніколі», — кажа Дзяніс.

На відэа, якое Дзяніс зьняў у аўтазаку, відаць, што затрыманых білі, і білі моцна, так, што некаторыя мужчыны плакалі. «На Акрэсьціна людзі вылі проста, іх білі сьмяротным боем», — кажа Дзяніс. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:45 26.8.2020

Былы высокапастаўлены супрацоўнік МУС Юры Гушча: Байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, яму проста ставяць задачу

Падпалкоўнік Юры Гушча, які ў свой час працаваў у цэнтральным апараце МУС, аналізуе прычыны брутальнасьці дзеяньняў сілавікоў 9–12 жніўня, тлумачыць асаблівасьці выхаваньня байцоў АМАПу і заяўляе, што Лукашэнка будзе расчараваны «вернасьцю» сілавікоў.

Сьцісла:

  • Я пераацаніў кіраўніцтва МУС і «перачалавечыў» некаторых яго прадстаўнікоў.
  • Тое, што адбылося на вуліцах нашых гарадоў 9–12 жніўня, — не нарадзілася за апошнія некалькі гадоў, яно высьпявала, як фурункул, цягам доўгага часу.
  • У параўнаньні з пачаткам 1994 году колькасьць наяўных сілаў АМАП узрасла ў 4 разы — з 350 чалавек да амаль што 1500. Колькасьць унутраных войскаў — у 5 разоў.
  • Байца АМАПу ня вучаць думаць, аналізаваць, супастаўляць і разьбірацца. Яму проста ставяць задачу, аддаюць загад — а яго справа загад дакладна выконваць.
  • Няма паняцьця — «добры» ці «кепскі» супрацоўнік, існуе паняцьце — «законныя» ці «незаконныя» дзеяньні.

Інтэрвію цалкам чытайце па спасылцы.

19:12 26.8.2020

«Дыджэі пераменаў», баючыся далейшага перасьледу, зьехалі ў Літву

Кірыл Галанаў і Ўладзіслаў Сакалоўскі зьехалі ў Літву, яны асьцерагаюцца рэпрэсіяў з боку беларускіх уладаў, піша Delfi.

«Амбасада Літвы прапанавала нам дапамогу адразу пасьля здарэньня. Калі нас выпусьцілі, амбасада зноў з намі зьвязалася. Мы вырашылі скарыстацца прапанаванай дапамогай», — сказаў Улад Сакалоўскі. — Я хачу падзякаваць літоўскаму народу за падтрымку, асабліва тым, хто нам дапамог і прытуліў. Мы атрымалі больш дапамогі, чым спадзяваліся».

Ён расказаў, што палову тэрміну правёў у карцары, а на нарах спаў усяго дзьве ночы — тры іншыя драмаў на зэдліку. Пазьней даведаўся, што яго асабіста зьбіваў намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў. Цалкам чытайце па спасылцы.

19:11 26.8.2020

Сьвятлана Ціханоўская: Мірныя дэманстрацыі ў Беларусі ня спыняцца

Апошнія заявы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, якая вымушана знаходзіцца ў эміграцыі ў Літве, францускаму выданьню Les Echos.

«Нашы мірныя акцыі пратэсту ня спыняцца. Воля людзей зрабілася занадта моцнай. Вядома, мы ня можам мабілізавацца кожны дзень, кожны хоча жыць сваім жыцьцём. Але кожныя выходныя дэманстрацыі будуць працягвацца і будуць штораз большымі», — сказала Ціханоўская.

«Адзінага кіраўніка» пратэстаў у Беларусі, паводле экс-кандыдаткі, няма, «кожны можа быць лідэрам». «Вядома, ёсьць рэкамэндацыі, але нашы людзі мабілізуюцца стыхійна і пратэст самаарганізуецца», — дадала яна. Усе заявы Ціханоўскай чытайце па спасылцы.

18:32 26.8.2020

18:07 26.8.2020

У банкаматах валюты няма. Што адбывалася сёньня ў менскіх банках і абменьніках

Беларускі рубель пасьля выбараў імкліва падае. У банкаматах валюты няма. У аддзяленьнях невялікую суму ў далярах ці эўра можна купіць, дачакаўшыся, калі хто здасьць. Каб зьняць салідную суму з свайго валютнага рахунку, грошы трэба замаўляць загадзя.

Курс даляра на таргах 26 жніўня вырас на 4,55 капейкі і дасягнуў гадавога максымуму — 2,6483. Мінулы гістарычны рэкорд быў 24 сакавіка — тады даляр сягнуў адзнакі 2,6396.

Эўра таксама падаражэў — на 5,28 капейкі, каштуе цяпер 3,1286 беларускага рубля. У банках найлепшы курс продажу даляра — 2,685, куплі — 2,70.

Карэспандэнтка Свабоды абышла дзясятак сталічных абменьнікаў і банкаў. У банкаматах валюты няма. У банках кажуць, што з раніцы загружаюць зусім няшмат і яе вельмі хутка здымаюць. Цалкам чытайце па спасылцы.

18:04 26.8.2020

Зянон Пазьняк: «Пляны Пуціна зайсьці ў Беларусь не спыніліся і ня спыняцца»

Лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк мяркуе, што ад міжнароднай супольнасьці патрэбна ня толькі маральная падтрымка грамадзян Беларусі, а і выразныя крокі, каб стрымаць Расею ад агрэсіі супраць Беларусі.

«Тое, што мы цяпер назіраем, — гэта жаданьне зрабіць немагчымае, уступіць у дыялёг з Лукашэнкам, пачаць перамовы... Ад гэтага нічога ня будзе. Лукашэнка ні з кім ня будзе перамаўляцца, у яго ёсьць сіла, і ён на гэтую сілу ставіць. Гэта вельмі важны аспэкт для міжнароднай супольнасьці ў палітычным пляне, каб стрымаць Расею, каб яны зразумелі, што калі яны пойдуць на Беларусь, як на Ўкраіну і Грузію, то іх чакаюць вялікія непрыемнасьці. У міжнароднай супольнасьці ёсьць такія магчымасьці паўплываць. Іншая справа, што ў іх не хапае палітычнай волі».

Зянон Пазьняк таксама перакананы, што нельга дазволіць уцягнуць Беларусь у перамовы «трохкутніка» — Расеі, Нямеччыны і Францыі. «Калі гэта будзе, значыць, будзе яшчэ горш, чым ва Ўкраіне. Гэта будзе канец рэвалюцыі. Таму я б прасіў разгледзець такі момант на гэты выпадак, каб у гэтай сытуацыі дзейнічала Ўкраіна. Украіна — наш сябар, Украіна прайшла цяжкі шлях у адносінах з Расеяй і знаходзіцца ў стане вайны. З такіх момантаў трэба разглядаць». Цалкам чытайце па спасылцы.

18:00 26.8.2020

У Лагойску супрацоўніка МНС затрымалі, зьбілі, звольнілі, далі «суткі», але вызвалілі праз пратэсты мясцовых

Супрацоўніка МЗС Юрыя Крывашэя з Плешчаніц Лагойскага раёну два тыдні таму звольнілі з працы пасьля беспадстаўнага затрыманьня, паведамляе TUT.BY. Вызвалілі яго з-пад варты на патрабаваньне мясцовых жыхароў. Сам ён плянуе дамагчыся праўды ў Сьледчым камітэце і Вярхоўным судзе.

Па словах Юрыя Крывашэя, 11 жніўня яны разам з жонкай і чатырохмесячным дзіцем ехалі на сваёй машыне ў краму ў Лагойску. Сям’ю спынілі супрацоўнікі ДАІ, запатрабавалі выйсьці з машыны і паказаць дакумэнты для праверкі. Пакуль дакумэнты зьвяралі з базай дадзеных, за мэтар ад Юрыя спыніўся мікрааўтобус, адтуль выскачыла некалькі чалавек у чорнай форме без апазнавальных знакаў, у масках і з дубінкамі, заштурхалі яго ў машыну і павезьлі ў невядомым кірунку. Жонку зь дзіцем дадому на сямейным аўто адвёз інспэктар ДАІ. Юрыя зьбілі ў машыне і даставілі ў мясцовае аддзяленьне міліцыі.

«Наносілі ўдары дубінкамі па ўсіх частках цела. Адзін прыціснуў каленам галаву да падлогі мікрааўтобуса. Мяне прывезьлі на тэрыторыю Лагойскага РАУС. Мне скруцілі рукі, павялі ў склеп і паклалі на плітку. У такім стане, з рукамі за сьпінай, я праляжаў там каля трох гадзін», — расказаў ён журналістам. Гісторыю цалкам чытайце па спасылцы.

17:39 26.8.2020

Уладзімер Арлоў: Адбылося дафармаваньне беларускай нацыі і народны рэфэрэндум па вяртаньні нацыянальнай сымболікі

У жывым эфіры Радыё Свабода Ўладзімер Арлоў заявіў, што «можна з абсалютнай пэўнасьцю сказаць сёньня — адбылося канчатковае дафармаваньне беларускай нацыі». Падзеі апошняга месяца ў Беларусі ён называе «жнівеньскай рэвалюцыяй».

«Улада спрабавала штучна запаволіць гэты працэс. Але падзеі апошніх месяцаў сыгралі супраць улады, іхняя палітыка толькі паскорыла гэты працэс. І мы ўбачылі сьпелую эўрапейскую нацыю. Пра гэта сьведчаць мірныя пратэсты і безьліч іншых прыкладаў. Падчас пратэстаў адбыўся стыхійны народны рэфэрэндум па вяртаньні нашай нацыянальнай сымболікі. Вокліч „Жыве Беларусь!“, у якім у максымальна ляпідарнай форме фармулюецца сёньняшняя беларуская нацыянальная ідэя, вельмі сугучны з паролем паўстанцаў Каліноўскага „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — То ўзаемна“», — лічыць літаратар. Цалкам чытайце па спасылцы.

17:37 26.8.2020

Работнікі БелАЗ у Жодзіне выйшлі на «марш салідарнасьці». Фота

Работнікі ААТ «БелАЗ» у Жодзіне 26 жніўня выйшлі на марш у падтрымку пацярпелых падчас пратэстаў, страйкоўцаў і рэпрэсаваных работнікаў заводу. Да іх далучыліся жыхары гораду. Міліцыя пад'ехала да пратэстоўцаў і папярэдзіла, што сход несанкцыянаваны, прасіла разысьціся, але людзей гэта не спыніла.

Каля 500 чалавек прайшлі ад прадпрыемства БелАЗ да цэнтру гораду. Ніякіх здарэньняў і затрыманьняў падчас акцыі не было.

17:36 26.8.2020

Дырэктар «Гродна Азот» заявіў, што страйку ня будзе

Генэральны дырэктар найбуйнейшага хімічнага прадпрыемства Беларусі «Гродна Азот» Ігар Бабыр заявіў, што страйкаваць ягоныя работнікі ня будуць.

Паводле Бабыра, вынікаў галасаваньня па пытаньні страйку не падводзілі. Ён нават ня ведае, хто гэтым займаўся. Па інфармацыі гендырэктара, большая частка калектыву супраць страйку. Некаторыя падразьдзяленьні адмовіліся галасаваць.

На прадпрыемстве 26 жніўня пачалася сустрэча працоўнага калектыву «Гродна Азот» з новым старшынём аблвыканкаму Ўладзімерам Каранікам аб працы прадпрыемства. Незалежных журналістаў на сустрэчу не пусьцілі, парадак дня не абвясьцілі. Цалкам чытайце тут.

17:34 26.8.2020

Рэпрэсіі супраць рабочых. Старшыню страйкаму МЗКЦ Лаўрыновіча арыштавалі на 10 сутак

Старшыню страйкавага камітэту Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандра Лаўрыновіча асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org са спасылкай на адваката Лаўрыновіча, яго абвінавацілі ў парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

«За ўдзел у мітынгу 23 жніўня і за тое, што ён на тэрыторыі заводу зьбіраў подпісы і праводзіў незаконныя сходы. Цяпер ён на Акрэсьціна», — сказаў адвакат.

17:33 26.8.2020

Самая буйная фэдэрацыя прафсаюзаў ЗША асудзіла фальсыфікацыю выбараў і перасьлед дэманстрантаў і працаўнікоў у Беларусі

Амэрыканская фэдэрацыя працы — Кангрэс прамысловых прафсаюзаў (American Federation of Labor and Congress of Industrial Organizations) зьвярнулася зь лістом да Аляксандра Ярашука, старшыні Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў.

«АФП-КПП асуджае недэмакратычныя выбары прэзыдэнта Беларусі і наступны дзяржаўны гвалт над працаўнікамі і пратэстоўцамі. AФП-КПП, найбуйнейшая прафсаюзная фэдэрацыя ЗША, выказвае салідарнасьць з прафсаюзамі, незалежнымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і грамадзянамі Беларусі, якія заклікаюць да свабодных і справядлівых выбараў і патрабуюць шанаваць іх палітычныя правы і правы чалавека», — гаворыцца ў лісьце. Ліст цалкам чытайце па спасылцы.

16:47 26.8.2020

Макей: Беларусь гатовая да дыялёгу з Эўропай, але «без пагрозаў і ўмяшаньня»

Менск гатовы да канструктыўнага дыялёгу з замежнымі партнэрамі што да ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне, але без пагрозаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы, сказаў кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей у размове са сваім італьянскім калегам Луіджы Ды Маё.

Па просьбе міністра замежных спраў Італіі Луіджы Ды Маё, які выказаў заклапочанасьць падзеямі ў Беларусі пасьля выбараў, Уладзімер Макей праінфармаваў яго аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне. У прыватнасьці, ён акцэнтаваў важнасьць аб’ектыўнай і ўсебаковай ацэнкі апошніх падзеяў, запэўніўшы ў гатоўнасьці да канструктыўнага дыялёгу з замежнымі партнэрамі, але без папярэдніх умоваў і тым больш умяшаньня ва ўнутраныя справы.

16:45 26.8.2020

Ціханоўская назвала сытуацыю ў Беларусі рэвалюцыяй сьвядомасьці

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская лічыць сябе пераможцай на выбарах 9 жніўня, а вынік, які прыпісваецца Аляксандру Лукашэнку, — сфальсыфікаваным. Фрагмэнты інтэрвію Ціханоўскай францускай газэце Le Monde прыводзіць Інтэрфакс.

«Але пытаньне ня ў тым, хто сёньня прэзыдэнт, гэта ня мае ніякага значэньня. Важна, што беларусы больш ня могуць давяраць Лукашэнку, яны яго больш ня хочуць, вось і ўсё. Ён больш не легітымны. Гэта ня здарылася раптоўна, гэта разьвівалася паступова. Тое, што адбываецца, — гэта рэвалюцыя свядомасьці», — сказала Ціханоўская.

Пры гэтым яна адзначыла, што дамагацца сыходу Лукашэнкі і абараняць свае правы яго праціўнікі маюць намер любымі законнымі дзеяньнямі.

«Рана ці позна, ён сыдзе дзякуючы мірным маніфэстацыям і страйкам. Чым хутчэй, тым лепш, каб пазьбегнуць спусканьня краіны ў эканамічны і палітычны крызіс», — лічыць Сьвятлана Ціханоўская. Цалкам чытайце па спасылцы.

16:42 26.8.2020

У офіс «Комсомольской правды в Беларуси» прыйшоў Дзяржкантроль

Да выдаўца «Комсомольской правды в Беларуси» прыйшлі з праверкай з Камітэту дзяржаўнага кантролю, піша Tut.by са спасылкай на кіраўніцтва кампаніі. Правяраючы вывучаюць сэрвэры кампаніі, праглядаюць службовыя кампутары адміністрацыі. Прадстаўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю паведамілі, што праверка працягнецца да 6 кастрычніка.​

«Гэта сумесная праверка Дзяржкантролю і падатковай – прыйшло 6 чалавек. Пазаплянавая, прычыны нам не патлумачылі», – сказала генэральны дырэктар ЗАТ «БелКП-ПРЭС» Натальля Галезьнік.

16:28 26.8.2020

У доме Цапкалаў у Менску адбываецца ператрус

Наўпрост цяпер у доме Валерыя і Веранікі Цапкалаў у Менску праходзіць ператрус, паведамляе Onliner. Гэтую інфармацыю выданьню пацьвердзіў Аляксей Урбан, кіраўнік прэс-службы экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Пазьней гэтую інфармацыю Onliner пацьвердзіла і сама Вераніка Цапкала.

«Цяпер у гэтым доме жыве сваячка сям’і. Яна зьмянілася з твару і нават не паглядзела ў дакумэнты, якія ёй прад'явілі. Хто праводзіць, незразумела. Паколькі абодва яны (Валер і Вераніка – рэд.) знаходзяцца за мяжой, даведацца падрабязнасьці і прычыны складана», – распавёў Onliner Аляксей.

16:22 26.8.2020

«Ланцуг салідарнасьці» ў Менску

26 жніўня група менчукоў зноў выйшла ў «ланцуг салідарнасьці» ў раёне казыно «белая вежа» у Менску. Фота даслалі чытачы.

15:51 26.8.2020

Палову калектыву Купалаўскага тэатру звольнілі, адзначэньне 100-гадовага юбілею пад пагрозай

Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Заяц, сёньня былі звольненыя 58 актораў і супрацоўнікаў тэатра.

«Загад падпісаў новы дырэктар нашай установы Валер Грамада, людзі звольненыя паводле пададзеных імі заяваў. Асабістых сустрэч з новым дырэктарам не было. Нам паведаміла загадчыца трупы, што загад ёсьць, падпісаны 26 жніўня, а людзі звольненыя з заўтрашняга дня», — сказаў Мікалай Заяц.

Паводле Мікалая Зайца, фактычна звольненая каля паловы калектыву, калі адновяцца пастаноўкі няясна, невядома што будзе з адзначэньнем 100-гадовага юбілею тэатра, якое раней было заплянаванае на 14 — 16 верасьня.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG