Створаны Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі
Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі 26 жніўня стварылі сумесны Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі супраць удзельнікаў мірных акцый. «Мы хочам сабраць як мага больш фактаў і доказаў, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасьці», — гаворыцца ў заяве.
Да Камітэту далучыліся «Прававая ініцыятыва», Human Constanta, Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын «Яе правы», украінская Гэльсынская група ў правах чалавека, Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў, грамадзкае аб’яднаньне «Зьвяно», Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, грамадзкая арганізацыя Truth Hounds, Асацыяцыя ўкраінскіх назіральнікаў за правамі чалавека ў дзейнасьці праваахоўных органаў, дабрачынная арганізацыя Ўсход-СОС.
Удзельніка пратэстаў і назіральніка на выбарах з Барысава высяляюць з інтэрнату
Гарадзкое ўнітарнае прадпрыемства «Жыльлё» Барысаўскага райвыканкаму даслала папярэджаньне 28-гадоваму Івану Самсонаву аб высяленьні з інтэрнату. Іван кажа, што такім чынам улады хочуць яму адпомсьціць за ўдзел у пратэстах. Паведамленьне пра высяленьне з інтэрнату прыйшло таксама сястры Івана Ганьне.
Івана Самсонава разам з жонкай Святланай затрымлівала міліцыя падчас «ланцугоў салідарнасьці». Першы раз — 20 чэрвеня. Гісторыю Івана чытайце па спасылцы.
Каардынацыйная рада патрабуе ад Сьледчага камітэту расьсьледаваць факты міліцэйскага гвалту
Сябры Каардынацыйнай рады зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт Беларусі з просьбай расьсьледаваць ужываньне сілы праваахоўнікамі на масавых вулічных акцыях пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
«Марыя Калесьнікава, Павал Латушка і Лілія Ўласава ад сябе асабіста аднесьлі ў Сьледчы камітэт заяву з просьбай правесьці праверку па фактах залішняга прымяненьня сілы і жорсткасьці на вулічных акцыях 9-12 жніўня», — сказаў «Інтэрфаксу» выканаўчы сакратар рады Іван Краўцоў.
Украіна з 29 жніўня да 29 верасьня закрывае мяжу. Для рэпрэсаваных беларусаў уезд застанецца адкрытым
Украіна з сувязі з пашырэньнем маштабаў пандэміі каранавірусу ўводзіць забарону на ўезд іншаземцаў на сваю тэрыторыю з 00.00 гадзін 29 жніўня да 00.00 28 верасьня на час карантыну да 29 верасьня. У той жа час, як паведаміў міністар унутраных спраў Украіны Арсэн Авакаў, будуць дзейнічаць выключэньні, у тым ліку і для грамадзян Беларусі, вымушаных уцякаць са сваёй краіны пад пагрозай рэпрэсій за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў. Цалкам чытайце тут.
Брат загінулага Мікіты Крыўцова да беларусаў: змагайцеся і абараняйце сябе і сваіх блізкіх
Брат Мікіты Крыўцова Павал Кухта, які зьехаў зь Беларусі ў 2016 годзе, каб змагацца за незалежнасьць Украіны ў шэрагах добраахвотніцкага батальёну, заклікаў беларусаў ня верыць у афіцыйную вэрсію гібелі свайго брата і не спыняць далейшай барацьбы за вольную краіну. Свой зварот ён распаўсюдзіў у сацыяльных сетках.
«Зараз я не магу вярнуцца на радзіму. Майго брата па-зьверску забілі. Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ён зрабіў самагубства — нібыта з прычыны разводу з жонкай. Гэта абсалютная хлусьня. Я ведаю брата, ён вельмі моцна любіў сваю сям’ю і хаця б дзеля іх гэтага не зрабіў бы. (...) Вэрсія пра самагубства — гэта плявок ня толькі ў бок нашай сям’і, але і ўсяго беларускага народу. (...)
Беларусь не павінна застацца краінай зь сярэднявечнай дыктатурай, дзе чалавека могуць схапіць, забіць, а цела выкінуць у лес. Беларусь, краіна ў цэнтры Эўропы, заслугоўвае лепшага, і сам народ гэта неаднаразова даказваў». Цалкам чытайце тут.
Сьвятлана Алексіевіч у Сьледчым камітэце скарысталася правам ня сьведчыць супраць сябе. Яна выйшла з СК яшчэ да 15-й гадзіны.
Дырэктар радыё «Сталіца» звольніўся разам з калектывам
Алег Міхалевіч забраў сваю працоўную кніжку. Ён падтрымаў калектыў, які звольніўся ў знак пратэсту супарць гвалту і фальсыфікацыі выбараў. Аб прычынах свайго сыходу са «Сталіцы», якую ўзначальваў 11 гадоў, расказаў TUT.BY. Паводле яго, «пайшла большая частка калектыву, дзесьці 11-12 чалавек. Некалькі засталіся: хтосьці ў адпачынку, нехта ў дэкрэце».
«Пасьля страшных падзей, якія адбыліся ў ноч з 9 на 10 жніўня і ў наступныя дні да мяне зьвярнуліся мае калегі, вядоўцы. Яны хацелі выступіць са зваротам да нашых слухачоў і асудзіць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян. Мы не заклікалі да нейкага страйку, мы спачатку хацелі проста выступіць са зваротам».
Міхалевіч падтрымаў гэтую ідэю і зьвярнуўся да кіраўніцтва.
«Нам паабяцалі, што зварот пакажуць кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту. Потым патэлефанавалі і сказалі, што Эйсмант хоча сустрэцца з калектывам усяго Дома радыё (а ня толькі „Сталіцы“). 14 жніўня, некаторыя людзі выходзілі на зьмену а 5-й раніцы і заставаліся да 7 вечара, калі была прызначаная сустрэча. Людзі чакалі да апошняга, але ніхто з намі так і не сустрэўся. Сказалі, што старшыня быў заняты».
17 жніўня усе забаўляльныя шоў былі адмененыя. Вядоўцы ня выйшлі ў эфір. 18 жніўня кіраўніцтва прапанавала працягнуць працу, але не паведамляць навіны пра палітыку. Цалкам чытайце па спасылцы.
У Каардынацыйную раду ўваходзіць ужо больш за 1000 чалавек, — Максім Знак
У Каардынацыйную раду ўваходзіць ужо больш за 1000 чалавек. Пра гэта ў жывым эфіры Свабоды паведаміў адвакат і сябра прэзідыюму КР Максім Знак.
Сьледчы камітэт выклікаў на допыт Марыю Калесьнікаву
Марыя Калесьнікава атрымала позву для дачы паказаньняў у Сьледчым камітэце на 27 жніўня ў якасьці сьведкі ў рамках крымінальнай справы за спробу «захопу ўлады». Пра гэта яна паведаміла ў жывым эфіры Радыё Свабода.
Марыя Калесьнікава стала шостым сябрам прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, выкліканым у Сьледчы камітэт на допыт. Да яе там пабывалі Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава і Сьвятлана Алексіевіч.
«Бел-чырвона-белы сьцяг i „Пагоня“ — гэта ўсе мы!» Экс-гулец футбольнай зборнай Васіль Хамутоўскі
Былы брамнік нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе, а цяпер адзін з трэнэраў берасьцейскага «Дынама» Васіль Хамутоўскі выказаўся ў Instagram з нагоды нацыянальнай сымболікі.
Да таго шэраг прадстаўнікоў улады, уключна сілавікоў, назвалі бел-чорвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» «антыдзяржаўным», «апазыцыйным» і тым, пад якімі беларусаў «расстрэльвалі паліцаі».
«Бел-чырвона-белы сьцяг i герб „Пагоня“ — гэта мы, ад Вялiкага Княства Лiтоўскага да сёньняшнiх дзён, — напісаў па-беларуску спартовец. — Дыплём у школе атрымліваў з „Пагоней“. З гонарам бараніў браму нацыянальнай зборнай пад цяперашнім нацыянальным сьцягам. Гуляючы і жывучы ў Эўропе, ганарыўся шматвековай гісторыяй нашай дзяржавы. Ведаем! Помнім! Ганарымся! Нас не разлучыць! Жыве Беларусь!», — падсумаваў Васіль Хамутоўскі, зьмясьціўшы здымак зь бел-чырона-белым сьцяжком на пальчатках.
Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі падтрымала мірны пратэст беларусаў
Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі ў спэцыяльным звароце выказала крайнюю занепакоенасьць разьвіцьцём грамадзка-палітычнай і сацыяльнай сытуацыі ў Беларусі.
«Цяперашняе кіраўніцтва дзяржавы ня толькі пагражае ўжываньнем войска супраць апазыцыі, у якую ўваходзіць істотная і значная частка грамадзтва. Апошнія дні мы чуем пра тое, што замест паўнавартаснага дыялёгу з грамадзтвам у адносінах да рабочых, што спыняюць працу па палітычных матывах, будуць выкарыстаныя звальненьні, закрыцьцё прадпрыемстваў, лакаўт. Акрамя таго, прагучала заява аб тым, што для барацьбы з страйкоўцамі магчыма выкарыстаньне працы замежных штрэйкбрэхераў. Такія мэтады разбуральныя і для працоўных адносін, і для даходаў грамадзян, і для дзяржавы», — гаворыцца ў заяве.
Фэдэрацыя незалежных прафсаюзаў Расеі заявіла рашучы пратэст супраць падобнага стаўленьня «да беларускіх братоў і сёстраў». «Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць іх і надалей далей», — гаворыцца ў заяве.
Алексіевіч: «У нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ»
«Дарэмна думаць, што 7 або 600 чалавек сабраліся — і яны нешта зрабілі з народам. Гэта народ прыйшоў да гэтага. Гэта ў нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ», сказала Сьвятлана Алексіевіч за хвіліны да допыту ў Сьледчым камітэце.
Арлоў пра выклік Алексіевіч у СК: У іншых краінах улада раіцца з нобэлеўскім ляўрэатам, а ў нас выклікаюць на допыт
Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, які прыйшоў да Сьледчага камітэту падтрымаць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сьвятлану Алексіевіч, ня выключыў, што нобэлеўская ляўрэатка можа ня выйсьці зь ведамства.
Сам факт выкліку на допыт чалавека такога статусу сьведчыць пра «маральную нізасьць» беларускай улады, падкрэсьлівае ён.
«З часоў Гітлера і Сталіна Беларусь ніколі яшчэ не перажывала такіх зьдзекаў з чалавечай і нацыянальнай годнасьці. Зьдзек з права і маральных законаў. Сёньня мы бачым прыклад стаўленьня Лукашэнкі да беларускай культуры. На допыт выклікалі нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч. У іншых краінах улада раілася б з нобэлеўскім ляўрэатам. З чалавекам, шырока вядомым ва ўсім сьвеце. А ў нас яго выклікаюць на допыт. І мы ня ведаем, ці вернецца яна адтуль. Недапушчальна, што такое адбываецца ў краіне», — падсумаваў літаратар.
Сьвятлана Алексіевіч атрымала позву ў Сьледчы камітэт як сьведка ў крымінальнай справе, распачатай Генпракуратурай за арганізацыю і дзейнасьць Каардынацыйнага камітэту.
Раней былі дапытаныя сябры прэзыдыюму Максім Знак, Лілія Ўласава і Павал Латушка. Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага асудзілі на 10 дзён адміністрацыйнага арышту кожнага.
Жыхары Беларусі не забудуць пра дзеяньні ўладаў, — прэзыдэнт Літвы
«У нейкі момант здалося, што гвалту будзе менш, намеціўся пераход да дээскаляцыі, але, на жаль, падзеі апошняга часу паказваюць, што сытуацыя зноў пагаршаецца. Мабыць, чым больш страху ў рэжыму, тым больш неадэкватная рэакцыя на сытуацыю і тым больш грубае абыходжаньне са сваімі людзьмі, падкрэсьліваю — са сваімі людзьмі», — сказаў Наўседа журналістам у сераду.
«Мяркую, у людзей добрая памяць і яны не забудуць таго, што рабілася ў дачыненьні да іх», — дадаў кіраўнік літоўскай дзяржавы.
Пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў: Я вельмі баюся сытуацыі, пры якой Коля павернецца супраць бацькі
Расейскі пісьменьнік Дзьмітый Быкаў у эфіры «Эхо Москвы» выказаўся аб пратэстах у Беларусі, Лукашэнку з сынам і нацыю Караткевіча, якую ператварылі ў калгас. Прапануем асноўныя тэзісы.
Алексіевіч прыехала ў Сьледчы камітэт на допыт. УЖЫВУЮ
Нобэлеўскую ляўрэатку ў літаратуры і сябра Каардынацыйнай рады Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у якасьці сьведкі.
Жывы відэарэпартаж Свабоды ад будынку Сьледчага камітэту ў Менску.
«Рэформы павінны прадугледжваць дэцэнтралізацыю ўлады», — заява органа Рады Эўропы аб Беларусі
Старшыня Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных органаў улады Рады Эўропы Андэрс Кнапэ зрабіў заяву аб сытуацыі ў Беларусі.
«Падзеі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сьведчаць пра імкненьне народу да дэмакратычных перамен і неабходнасьць дыялёгу паміж грамадзянамі і ўладай. Кангрэс вядзе супрацу зь Беларусьсю, накіраваную на паляпшэньне мясцовага самакіраваньня, бо мы перакананыя: дэмакратычныя рэформы павінны прадугледжваць дэцэнтралізацыю ўлады на рэгіянальным узроўні і актыўны ўдзел грамадзян у кіраваньні іх грамадамі», — падкрэсьліў Андэрс Кнапэ.
Алексіевіч: «Сёньня гутарка можа ісьці толькі пра перамовы». Інтэрвію перад допытам
Сёньня пісьменьніца, нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч ідзе на допыт у Сьледчы камітэт. Камітэт распачаў крымінальную справу аб «захопе ўлады» з боку Каардынацыйнай рады транзыту ўлады. Алексіевіч — сябра прэзыдыюму Рады. За дзьве гадзіны да допыту яна адказала на некалькі пытаньняў Свабоды.
Сьцісла
- Рада была створаная дзеля пераадоленьня палітычнага крызісу, які адбываецца ў нашай краіне, і дзеля аб’яднаньня людзей.
- Гэта вялікая праблема — як хутка чалавек апускаецца на пячорны ўзровень, як зьлятае слой мінімальнай культуры.
- Мне казалі, што я мушу зьехаць. Не, я павінна быць са сваім народам. Я яго люблю.
- Мы мусім размаўляць адны зь другімі і прыйсьці да нейкага агульнага разуменьня.
- На апошніх мітынгах мне падабалася, калі людзі несьлі і чырвона-зялёныя, і бела-чырвона-белыя сьцягі.
- Мне хацелася б, каб сьвет знайшоў форму, каб уступіць з Лукашэнкам у дыялёг. Можа, нават з прыцягненьнем Пуціна. Мне здаецца, гэта адзіны чалавек, якога ён слухае.
«Белпошта» сарвала дастаўку новага нумару «Народнай волі» ў шапікі і падпісчыкам
Праз адмову надрукаваць нумар у дзяржаўным «Беларускім доме друку» рэдакцыя газэты «Народная Воля» вымушаная была зрабіць гэта ў Расеі.
Напярэдадні прывезены ў Беларусь наклад аддалі ў экспэдыцыю на «Белпошту», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Чакалася, што раніцай 26 жніўня выданьне зьявіцца ў шапіках і ў падпісчыкаў. Але гэтага не адбылося.
«Белпошта» тлумачыць гэта тым, што рэдакцыя «запозна здала нумар, таму газэта не дайшла да адрасатаў па яе віне».
«Цяпер вырашаем пытаньне, каб даставіць газэту ў тэрмін. Мы настойваем на тым, каб нумар адправілі падпісчыкам, бо яны за гэта заплацілі. Ня мы стварылі такую сытуацыю, а ўлада і «Беларускі дом друку», — сказала Марына Коктыш, намесьніца рэдактара «Народнай Волі».
Па яе словах, рэдакцыя будзе выстаўляць юрыдычныя прэтэнзіі да «Белпошты».
На «Белшыне» звальняюць аднаго з ініцыятараў страйку, які так і не адбыўся
19 жніўня стала вядома, што «па згодзе бакоў» звольнілі двух актывістаў-страйкоўцаў: Аляксея Касьцюкевіча і Руслана Карымава.
Іхныя калегі некалькі дзён не маглі зь імі стэлефанавацца. Яны самі адмаўляюцца гаварыць з прэсай.
Пра намеры адміністрацыі спыніць працоўныя адносіны паведаміў Свабодзе і ініцыятар стварэньня на прадпрыемстве страйкаму, 27-гадовы рабочы падрыхтоўчага цэху заводу масавых шынаў Віталь Красьніцкі. Паводле яго, 26 жніўня цэхавы камітэт пастанавіў звольніць яго за прагул. Красьніцкі кажа: загад будзе падпісаны кіраўніцтва «Белшыны» 18 верасьня, але ён будзе змагацца за сваё працоўнае месца.