Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч пасьля допыту ў Сьледчым камітэце, 26 жніўня 2020 году
Сьвятлана Алексіевіч пасьля допыту ў Сьледчым камітэце, 26 жніўня 2020 году

18-ы дзень пратэстаў. Алексіевіч ў СК. Звальненьні ў Купалаўскім. Банкаматы без валюты. Што адбываецца ў Беларусі

Што адбываецца ў Беларусі на 18-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

09:06 26.8.2020

Марыя Калесьнікава назвала спрэчным статус ураду

Сябра Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава заявіла, што прызначаць новы ўрад да інаўгурацыі новага прэзыдэнта было парушэньнем закону.

09:07 26.8.2020

«Прыхільнікі перамен» спаць не даюць. «Наша ніва» сабрала сьведчаньні «контрарэвалюцыйнай тэхналёгіі»

Уначы па мікрараёнах езьдзяць гастралёры, уключаюць на поўную гучнасьць песьні «Муры» і «Перамен», скандуюць без прычыны «Жыве Беларусь», бʼюць бутэлькі і шкло, піша «Наша Ніва».

Паводле чытачоў выданьня, такі самы сцэнар паўтараецца ў самых розных месцах і гарадах.

У Менску па ўсім горадзе, нават у далёкіх спальных раёнах: у Новай Баравой, Вясьнянцы, Чыжоўцы, Уруччы, Паўднёвым Захадзе, Аўтазаводзе, Усходзе, Ангарскай, Курасоўшчыне, Сьцяпянцы, Каменнай горцы, у цэнтры.

У Віцебску, Воршы, Барысаве, Горадні і нават у вёсцы Камянецкага раёну.

09:07 26.8.2020

Пашпарты з штампам пра забарону ўезду ў Беларусь лічацца ў Расеі сапсаванымі

Пашпарты расейскіх журналістаў, у якія паставілі штамп пра забарону на пяць гадоў уяжджаць у Беларусь, лічацца ў Расеі сапсаванымі, паведаміла «РИА Новости» з спасылкай на МУС Расеі. У той жа час у МУС адзначылі, што, паколькі віна ўладальніка пашпарта адсутнічае, караць журналістаў за гэта ня будуць. Некалькі расейскіх журналістаў затрымалі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Некаторым пасьля таго, як іх адпусьцілі, забаранілі ўезд у краіну.

09:18 26.8.2020

Нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт як сябра Каардынацыйнай рады. Яна мусіць прыйсьці туды сёньня а 14-й гадзіне. Раней у СК дапыталі іншых сяброў рады — Паўла Латушку і Максіма Знака.

10:22 26.8.2020

«Ідзе зачыстка інфармацыйнага поля». Другі тыдзень Дом друку не выпускае буйныя недзяржаўныя газэты

Другі тыдзень буйныя грамадзка-палітычныя недзяржаўныя СМІ ня могуць надрукаваць свае наклады ў Беларускім доме друку. Афіцыйныя прычыны — паломка абсталяваньня або адсутнасьць расходных матэрыялаў. Пры гэтым дзяржаўныя газэты працягваюць выходзіць.

Рэдактар «СН+»: «Ідзе зачыстка інфармацыйнага поля, людзей спрабуюць адгарадзіць ад праўдзівага слова».

Рэдактар «БелГазеты»: «За содні я пачуў сем тысяч вэрсій. То нібыта штосьці ня так з ілюстрацыямі ў нумары, то тэхнічныя праблемы з друкарскімі машынамі, што частка работнікаў ня выйшла на працу, то ў тэкстах нашых калумністаў ёсьць заклікі да зьвяржэньня ўлады, што ім уласны хэштэг #ябатька не падабаецца».

10:23 26.8.2020

Баец зь вядомага фота: я ратаваў хлопца, ён быў у алькагольным і наркатычным ап’яненьні. Хлопец: ні слова праўды

11:03 26.8.2020

У Магілёве звольнілі намесьніка дырэктара музэю пасьля пратэсту супраць гвалту. Кіраўніцтва: ён сам напісаў заяву

27-гадовы Аляксандар Балбераў быў намесьнікам дырэктара магілёўскага мастацкага музэю імя Масьленікава. Разам з часткай калектыву ён публічна выказаўся супраць гвалту сілавікоў. Дырэктарка музэю адмаўляе , што падставай для звальненьня Балберава стаў ягоны ўдзел у палітычным пратэсьце. Яна кажа, што Аляксандар звольніўся па ўласным жаданьні

11:04 26.8.2020

Канфэдэрацыя працы Расеі выступіла ў падтрымку беларускіх страйкоўцаў

Выканаўчы камітэт Канфэдэрацыі працы Расеі (КПР) прыняў заяву аб сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Выканкам КПР выказаў салідарнасьць з патрабаваньнямі страйкоўцаў.

11:54 26.8.2020

Вядомы літоўскі рэжысэр расказаў пра беларускія карані: «Гэта мяне мучыла аж да заўчорашняга дня»

Адзін з самых вядомых і заслужаных у сьвеце літоўскіх рэжысэраў Оскарас Каршуновас расказаў у сваім Фэйсбуку пра беларускае паходжаньне. Творца апісаў, як і чаму ён доўгі час лічыў гэта праблемай і што дапамагло гэтае пытаньне разьвязаць.

Што напісаў Каршуновас

11:55 26.8.2020

Польшча і Літва спрашчаюць ўезд для беларусаў, нягледзячы на COVID-19

У Польшчы і Літве заявілі аб спрашчэньні ўезду для грамадзян Беларусі, нягледзячы на абмежаваньні ў сувязі з COVID-19, інфармуе TUT.by

Літва, напрыклад, з прычыны сытуацыі пасьля выбараў дазволіла ўезд беларусам, якія едуць з «асаблівымі гуманітарнымі палітычнымі мэтамі». З асаблівых гуманітарных прычынаў у Літву могуць уехаць ахвяры рэпрэсій і актыўныя апазыцыянэры.

Таксама і прэмʼер-міністар Польшчы Матэуш Маравецкі выказаўся пра намер спрасьціць для беларусаў ўезд у краіну, нягледзячы на сытуацыю з каранавірусам.

11:57 26.8.2020

У Салігорску затрымалі праваабаронцу Леаніда Мархотку

У Салігорску раніцай 26 жніўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі праваабаронцу Беларускага Хэльсынкскага камітэту Леаніда Мархотку, паведамляе сайт «Вясны». Людзі ў цывільным чакалі Мархотку на вуліцы, схапілі, пасадзілі ў аўтамабіль і адвезьлі ў невядомым кірунку.

11:58 26.8.2020

Што стаіць за зьменай Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі? — Валер Карбалевіч

Дачыненьні паміж Лукашэнкам і былым кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Паўлам ня склаліся з самага пачатку. Прысланы Масквой з Расеі кіраўнік БПЦ адчуваў сваю адносную незалежнасьць ад кіраўніка Беларусі. Менавіта таму Лукашэнка на Раство і Вялікдзень дэманстратыўна не наведваў катэдральны сабор, а выбіраў для сьвяточнага візыту іншыя, часам невялікія цэрквы.

А пасьля выбараў паміж кіраўніком дзяржавы і кіраўніком БПЦ увогуле здарыўся канфлікт. Мітрапаліт Павел дазволіў сабе асудзіць гвалт сілавікоў. У сваім звароце Сынод БПЦ выказаў спадзеў, што кіраўніцтва краіны «тых, хто праявіў зьверства і жорсткасьць, аддасьць законнаму суду і асуджэньню». Экзарх усяе Беларусі прызнаў памылковасьць віншаваньня Аляксандра Лукашэнкі з выбраньнем, наведаў у шпіталі зьбітых амапаўцамі людзей.

І, гледзячы па ўсім, Лукашэнка запатрабаваў ад Масквы забраць адсюль вельмі самастойнага экзарха. І, што вельмі важна, Масква пайшла насустрач. Гэта сталася яшчэ адным важным сыгналам, што кіраўніцтва Расеі цьвёрда паставіла на Лукашэнку. У дадатак да палітычнай, дыпляматычнай, інфармацыйнай падтрымкі нязьменнага беларускага кіраўніка, зьявілася яшчэ і дапамога ў рэлігійнай сфэры.

12:00 26.8.2020

Свабода без цэнзуры: усталюйце нашу мабільную праграму!

У Беларусі масава заблякавалі сайты, якія ўлады палічылі непажаданымі. У «чорны сьпіс» Мінінфармацыі трапіў і сайт Радыё Свабода. Цяпер чытаць, глядзець і слухаць Свабоду з мабільнага тэлефона ў абыход цэнзуры стане яшчэ прасьцей — проста ўсталюйце нашу мабільную праграму.

Бясплатныя мабільныя праграмы Радыё Свабоды дасяжныя для прылад, якія працуюць як на Android (спампаваць на Google Play) і iOS (спампаваць на App Store).

У праграмы ўжо ўбудаваныя эфэктыўныя VPN-сэрвісы, якія дапамагаюць абыходзіць блякаваньне.

У Свабоды таксама зьявіліся люстраныя сайты, да якіх доступ не абмежаваны (тут і тут).

Як трапіць на заблякаваны сайт і што такое VPN. Крок за крокам

12:02 26.8.2020

На фоне палітычнага крызісу ў Беларусі даляр і эўра б’юць гістарычныя максымумы

26 жніўня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы асноўныя валюты ўпэўнена б’юць гістарычныя рэкорды.

Так, даляр вырас адразу на 4,5 капейкі да 2,6479 рубля, што зьяўляецца абсалютным максымумам. Ранейшы рэкорд датаваны сёлетнім сакавіком, калі амэрыканская валютападскочыла да ўзроўню 2,6369 рубля.

Эўра даражэе яшчэ больш істотна — на 5,2 капейкі і каштуе ўжо 3,1283 рубля. Гэта таксама набольшы паказьнік за ўвесь час існаваньня беларускіх грошай.

Меней істотна ўмацоўваецца расейскі рубель — на 1 капейку да 3,5 за 100 адзінак.

Банкі прадаюць валюту нашмат вышэй за лічбы біржавых таргоў. Даляр — ад 2,7 і нават больш чым 2,8 рубля. Эўра ў некаторых абменьніках выстаўлены за 3,3 рубля.

Напярэдадні Нацбанк абавязаў падначаленыя фінансавыя ўстановы забясьпечыць кліентаў неабходным аб’ёмам валюты.

12:57 26.8.2020

Краму «Князь Вітаўт» у Берасьці, якая прадае тавары зь беларускай сымболікай, пазбавілі памяшканьня

На вуліцы Савецкай, 55 крама працуе апошнія тры дні.

Як паведамілі ў краме, «зь незалежных ад нас прычынаў мы вымушаныя пакінуць памяшканьне ў сувязі зь непрацягненьнем дамовы арэнды. Вядзём пошук памяшканьня. Але знайсьці добрае памяшканьне ў добрым месцы няпроста і можа заняць нямала часу».

Як патлумачыў Свабодзе адзін з заснавальнікаў крамы Сяржук Бахун, уласьнік памяшканьня, прыватная асоба, вырашыў не працягваць кантракт арэнды, хоць нараканьняў на аплату не было.

Гаспадар ніяк не патлумачыў рашэньня.

12:59 26.8.2020

Кіраўнік МЗС Літвы заяўляе пра неабходнасьць новых выбараў у Беларусі

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у лісьце кіраўніку МЗС Беларусі Уладзімеру Макею заявіў аб непрымальнасьці парушэньняў правоў беларускіх грамадзянаў, а таксама пра неабходнасьць правядзеньня ў краіне празрыстых выбараў для выхаду з «маральнага і палітычнага тупіку», паведамляе Інтэрфакс.

Адказваючы на публічны заклік Макея ня ўмешвацца ў справы Беларусі і на крытыку з нагоды будучых санкцый, Лінкявічус заявіў, што беларускае кіраўніцтва «уласнаручна разбурыла» існуючую ў ЭЗ надзею, што краіна мае намер адмовіцца ад рэпрэсій супраць апазыцыі, а таксама і «далікатныя прыкметы наладжваньня супрацоўніцтва і канструктыўнага дыялёгу».

Кіраўнік МЗС Літвы прызнаў, што «мы ня маем намеру і ня маем права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы», і дадаў, што «незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі зьяўляецца гэтак жа і нашым нацыянальным інтарэсам». «Мы назіраем няздольнасьць улады весьці дыялёг са сваімі грамадзянамі», — зазначыў літоўскі міністар.

12:59 26.8.2020

Нямеччына абяцае адрэагаваць на арышты і запалохваньне сябраў Каардынацыйнай рады

Міністар замежных спраў Нямеччыны Гайка Маас заяўляе аб недапушчальнасьці дзеяньняў беларускіх уладаў, накіраваных на ўзмацненьне рэпрэсій супраць удзельнікаў вулічных акцый і сяброў Каардынацыйнай рады.

«Гэтыя мужныя грамадзяне выходзяць на вуліцы сваёй краіны супраць фальсыфікацый на выбарах і за права на свабоду і дэмакратыю. Яны просяць няшмат, але і ня менш, чым адкрыты дыялёг з уласным урадам. Абсалютна недапушчальна, што сяброў Каардынацыйнай рады арыштоўваюць, дапытваюць і запалохваюць», — адзначаецца ў заяве Гайка Мааса, апублікаванай на сайце Міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны паведаміў, што 27 і 28 жніўня ў Бэрліне міністры замежных спраў краін Эўразьвязу абмяркуюць сытуацыю ў Беларусі:

«Мы не пакінем без адказу сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і фундамэнтальных дэмакратычных прынцыпаў».

13:01 26.8.2020

Сябра Каардынацыйнай рады зь Берасьця пакінуў Беларусь пасьля ператрусаў

Берасьцейскі прадпрымальнік Андрэй Варонін, які ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады, зьехаў з краіны. Пра гэта ён напісаў у сваім Інстаграме.

Берасьцейцы ведаюць Андрэя Вароніна як уладальніка мэблевага брэнду Voronin Woodworks. Пасьля таго, як ён разгарнуў яшчэ і палітычную актыўнасьць, да яго прыйшлі зь ператрусам, майстэрню апячаталі. Прадпрымальніка падазраюць у нявыплаце падаткаў і ўтойваньні даходаў у асабліва буйным памеры. А гэта патэнцыйныя 5 гадоў зьняволеньня.

13:02 26.8.2020

БХК зьвярнуўся да дэпутатаў Нацыянальнага сходу з патрабаваньнем стварыць камісію для расьсьледаваньня катаваньняў

Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь з патрабаваньнем стварыць парлямэнцкую камісію для расьсьледаваньня катаваньняў, паведамляецца на сайце БХК.

13:02 26.8.2020

Затрыманьні і суды 26 жніўня за акцыі пратэсту. Абнаўляецца

У Менску і іншых гарадах Беларусі працягваюцца затрыманьні ўдзельніках мірных акцый і суды, інфармуе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG