Сёньня ў Маскве адбыліся перамовы наконт сытуацыі ў Беларусі паміж міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым і першым намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Бігэнам.
Напярэдадні Бігэн сустрэўся ў Вільні са Сьвятланай Ціханоўскай.
Лаўроў у інтэрвію «Першаму каналу» расейскага тэлебачаньня перадаў словы Бігэна: «Ён сказаў, што сустрэча была карыснай і ЗША бачаць магчымасьці для таго, каб кіраваная Ціханоўскай Каардынацыйная рада ўступіла ў дыялёг з кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь. На гэта мы сказалі, што лічым важным даць самім беларусам магчымасьць вызначыцца, хто будзе ўдзельнікамі агульнанацыянальнага дыялёгу».
Яшчэ некалькі тэзаў з інтэрвію Лаўрова:
- «Заклік наш палягаў у тым, каб гэтыя краіны, перш за ўсё ЗША і лідэры ЭЗ, зьвярнулі ўвагу на тыя колы, якія, скажам, у Польшчы, Літве ўсяляк выказваюць незадаволенасьць тым, што сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца, і спрабуюць справакаваць гвалтоўныя дзеяньні, каб выклікаць адпаведную рэакцыю сілавікоў. Мы лічым гэта вельмі небясьпечным, і я магу сказаць, што спадар Стывэн Бігэн, па-мойму, пачуў нашы вельмі сур’ёзныя засьцярогі».
- «Мы прыцягнулі ўвагу намесьніка дзяржсакратара ЗША Стывэна Бігэна да таго, што ўнутры Беларусі, уключаючы апазыцыйныя колы, нямала пытаньняў наконт таго, наколькі легітымна была гэтая Каардынацыйная рада сфармаваная. Многія яе чальцы постфактум даведаліся пра тое, што іх туды ўключылі. Зь імі ніхто ня раіўся. Ёсьць ужо прыклады, калі ўключаныя ў склад гэтай рады пэрсанажы выйшлі зь яе».
- «Няма ніякіх абʼектыўных прычын для таго, каб антырасейскія настроі распальваліся ў Рэспубліцы Беларусь. Але ахвотных справакаваць чарговы віток гвалту ў Беларусі мы назіраем».
- «Нам бы вельмі хацелася зразумець, якія ўсё ж такі палітычныя крытэры, паводле якіх гэтая Каардынацыйная рада хоча функцыянаваць. Было шмат супярэчлівых зьвестак пра тое, якая праграма ў рады. На сайце Сьвятланы Ціханоўскай зьяўляліся вельмі супярэчлівыя мэты, якія яна ставіць. Потым гэтыя мэты зьнікалі з сайту. Ну, і склад пэрсаналіяў, якія ў гэтай радзе прадстаўленыя, выклікае пытаньні адносна таго, як яны бачаць сувязі з Расейскай Фэдэрацыяй».