Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-ы дзень пратэстаў. Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым, 29 гадоў аднаўленьня незалежнасьці

Што адбываецца ў Беларусі на 17-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

09:10 25.8.2020

Магілёў. Раніцай 25 жніўня затрымалі Валадара Цурпанава, удзельніка акцый пратэсту. Яго адвезьлі ў Ленінскі РАУС, паведаміў паэт і журналіст Сяргей Сыс.

09:33 25.8.2020

ВАЖНА! Радыё Свабода цяпер мае люстраныя сайты. Нас можна чытаць тут і тут.

09:36 25.8.2020

"У Крычаве раённы аддзел міліцыі вынес папярэджаньне актывістам АГП Сяргею Няроўнаму і прафсаюзу работнікаў РЭП Юрыю Шувалаву за ўдзел у акцыях пратэсту.

Няроўны быў адным з аўтараў рэзалюцыі рэзалюцыі «Сходу жыхароў Крычава», у якой патрабавалася «неадкладная адстаўка Лукашэнкі», вызваленьне палітвязьняў, арышт кіраўніцтва сілавых структураў, вінаватых у гвалце супраць мірных дэманстрантаў, і старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама прызнаньне Ціханоўскай прэзыдэнткай.

09:39 25.8.2020

Сьледчы камітэт у Менску ачэплены з усіх бакоў, выстаўленая агароджа. Каля ўваходу ў СК — два аўтазакі і два сінія мікрааўтобусы, паведамляе Белсат. Сёньня ў Сьледчы камітэт выклікалі прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады Паўла Латушку і нобэлеўскага ляўрэата Сьвятлану Алексіевіч.

10:45 25.8.2020

Сэрыя ілюстрацый «Сыходзь», якую даслалі нашыя чытачы

10:45 25.8.2020

Латушка зьвярнуўся да Сьледчага камітэту: «Грамадзтва павінна ведаць праўду»

Прадстаўнік Каардынацыйнай рады Павал Латушка выказаўся перад наведваньнем Сьледчага камітэту.

Ён адзначыў, што Каардынацыйная рада створаная для таго, каб шляхам дыялёгу знайсьці выхад з палітычнага крызісу, у якім аказалася краіна.

«І мы дзейнічаем абсалютна ў рамках заканадаўства і ня ставім на мэце сваімі дзеяньнямі ажыцьцявіць захоп улады», — сказаў Латушка.

Ён думае, што жаданьне пошуку выйсьця шляхам дыялёгу павінна быць натуральным і прымальным для кожнага кожнага з бакоў.

Мінулы кантакт Паўла Латушкі зь Сьледчым камітэтам быў у летась у верасьні. Тады супрацоўнікі цэнтральнага апарату і рэгіянальных упраўленьняў Сьледчага камітэту былі гледачамі спэктаклю «Рэвізор» ў Купалаўскім тэатры. Напярэдадні спэктаклю старшыня Сьледчага камітэту ўручыў Латушку падзяку.

«На сёньняшні дзень фактычна грамадзтва выконвае функцыі рэвізора, — сказаў Павал Латушка. — І мы зьвяртаемся да Сьледчага камітэту, каб менавіта ён прыняў зноў на сябе гэтыя функцыі, расьсьледаваў усе тыя крымінальныя справы, якія павінны быць узбуджаны і павінны быць завершаныя. Грамадзтва павінна ведаць праўду».

Латушка лічыць, што іншага выхаду няма, «калі мы хочам вярнуцца ў прававое поле ў нашай краіне».

«Калі мы ня зробім гэтага, сапраўды цяжка ўявіць, што можа адбыцца ў будучыні», — сказаў Латушка. Ён перакананы, што «закон будзе асновай у нашай дзейнасьці, у дзяржаве і ў грамадзтве».

10:47 25.8.2020

«Месячны плян ужо сарваны». Што адбываецца на «Беларуськаліі» праз тыдзень пасьля пачатку страйку

Па стане на 25 жніўня штодзённыя ранішнія сходы шахтароў на цэнтральнай плошчы Салігорску спыніліся. Рэгулярна працягвае зьбірацца толькі страйкам. Як расказаў Свабодзе прэс-сакратар агульнага страйкаму Глеб Сандрас, прадпрыемства не працуе на поўную магутнасьць. Моцна абмежаванай застаецца праца 1-га і 2-га рудаўпраўленьняў.

«Плян вытворчасьці за месяц ужо сарваны, — гаворыць Глеб Сандрас. — У нас ёсьць лічбы па кожным з рудаўпраўленьняў. Можна дакладна сказаць, што месячны плян ня будзе выкананы. Магчыма, на 60-70% толькі. Рэальныя лічбы адрозьніваюцца ад тых, пра якія гаворыць кіраўніцтва».

10:51 25.8.2020

З гісторыі Мікіты Крыўцова, цела якога знайшлі на 10-ы дзень пасьля пратэстаў

Мікіта Крыўцоў
Мікіта Крыўцоў

Алена Крыўцова, жонка Мікіты: «23 жніўня я падала ў Сьледчы камітэт заяву на завядзеньне крымінальнай справы па факце сьмерці мужа: ня веру, што ён мог скончыць жыцьцё самагубствам.

Мікіта Крыўцоў Ён быў вельмі жывы, любіў жыцьцё і па-чалавечы ня быў такім дужым, каб сябе забіць. Яшчэ ён меў вялікія пляны на далейшае жыцьцё, не зьбіраўся яго заканчваць. Гэта зусім на яго не падобна, што ён засіліўся. Гэта ня ён так зрабіў.

Гады два ў нас ужо праблемы ў шлюбе, мы сапраўды абмяркоўвалі будучы развод, але гэта не было для яго стрэсам, мы спакойна пра гэта гаварылі. Мы думалі, што недзе пасьля верасьня падамо заяву, але пэўнай даты не прызначалі. Мікіта працаваў, працягваў захапляцца футболам — жыў паўнавартасным жыцьцём. Пра такі канец ён дакладна ня думаў і мне не казаў.

Да нядаўняга часу я ня ведала, ці ўдзельнічаў ён у акцыях пратэсту. А калі сёньня пабачыла відэа, дзе ён стаіць перад шэрагам АМАПу зь бел-чырвона-белым сьцягам, думаю, што такое бывала і раней.

Ён актыўны, баявы, не баіцца паказаць свае погляды. Гэта так.

Ня ведаю, ці знайду сілы на апазнаньне. Будзе бацька ягоны, гэта дакладна. Нам сказалі, што яшчэ ідзе анатамаваньне, таму нельга пабачыць цела. У выніку пакуль яго ніхто ня бачыў. Ані я, ані бацькі — не паказалі. Мяне апыталі. Магчыма, паведамяць заўтра, дзе і калі будзе апазнаньне».

Пра апазнаньне Алена Крыўцова казала 23 жніўня. А 24-га адвакат паведаміў, што апазнаньня ня будзе.

Хто такі Мікіта Крыўцоў

28-гадовы фанат футбольнай каманды «Маладэчна» Мікіта Крыўцоў зьнік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова было знойдзена 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамленьня Сьледчага камітэту, Мікіта Крыўцоў засіліўся, сьлядоў крымінальнага характару на целе не было.

Разьвітаньне зь Мікітам Краўцовым — у Маладэчне а 12-й гадзіне 25 жніўня.

11:26 25.8.2020

Магілёў. На Валадара Цурпанава склалі пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага пікету

У Ленінскім аддзеле Цурпанаў прабыў больш за тры гадзіны. На яго склалі пратакол за арганізацыю 23 жніўня несанкцыянаванага пікету на плошчы Леніна.

Паводле Цурпанава, яго затрымалі маёр Паўлаў і капітан Шамігаў каля дома, калі ён ішоў на працу. У аддзеле яму далі перакладчыка — настаўніцу.

23 жніўня на плошчу Леніна Цурпанаў прыйшоў першым, і, калі разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, яго спрабавалі затрымаць, але гэтага не дала зрабіць грамада пратэстоўцаў. 24 жніўня яму прынесьлі позву, але ён адмовіўся яе браць, бо яна была на расейскай мове.

11:42 25.8.2020

«Яндэкс» эвакуаваў частку супрацоўнікаў беларускага офісу

Такое рашэньне прынялі пасьля таго, як 13 жніўня ў офіс расейскай кампаніі прыйшлі ўзброеныя людзі, якія назваліся супрацоўнікамі ГУБАЗіК, піша The Bell. Што шукалі сілавікі, невядома, але крыніцы выданьня мяркуюць, што яны хацелі здабыць зьвесткі пра паездкі людзей праз сэрвісы «Яндэкс.Таксі» і Uber – гэтага не ўдалося, бо зьвесткі захоўваюць у Расеі (для гэтага ёсьць законны шлях, але ім не скарысталіся).

У беларускім офісе «Яндэксу» працуе каля 300 чалавек. Частку зь іх (хтосьці кажа, большую, хтосьці – што гаворка не ідзе пра большасьць) кампанія ўжо вывезла ў Расею. Тых, хто не захацеў, перавезьлі «на лецішчы».

Раней пра эвакуацыю беларускага офісу паведамляў Viber, у шэрагу іншых IT-кампаніяў разглядаюць варыянты пераезду

11:43 25.8.2020

Намесьнік дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэн Бегун падчас візыту ў Вільню ўшанаваў памяць Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў 1863–1864 гадоў, пахаваных на могілках Росы.

11:47 25.8.2020

«Бацьку цяжка было на гэта глядзець». Сямʼі Мікіты Крыўцова аддалі цела сына для пахаваньня

Бацька Мікіты Крыўцова ў прысутнасьці незалежнага судова-мэдычнага экспэрта і адваката агледзеў цела сына ў моргу.

«Паводле нашага экспэрта, трэба дачакацца вынікаў дасьледаваньняў, найперш гісталягічных, — паведаміў Радыё Свабода адвакат Крыўцовых Віктар Мацкевіч. — Цела за гэты час моцна зьмянілася. Бацьку вельмі цяжка было на гэта глядзець».

Паводле экспэрта, як перадае адвакат, «адбыліся выразныя гніласныя зьмены мяккіх тканак цела, паказаліся косьці».

Жыхар Маладэчна Мікіта Крыўцоў зьнік 11 жніўня 2020 году. 12 жніўня жонка заявіла пра ягонае зьнікненьне. Перад зьнікненьнем ён хадзіў на акцыі пратэсту.

22 жніўня цела Мікіты Крыўцова знайшлі ў лесапарку ў раёне Парніковай вуліцы ў Менску. Паводле інфармацыі СК, ягоная сьмерць ня носіць крымінальнага характару. Сям’я Мікіты Крыўцова не пагадзілася з вэрсіяй «самагубства» і падала заяву ў Сьледчы камітэт.

11:58 25.8.2020

МУС: 24 жніўня распачалі тры крымінальныя справы супраць пратэстоўцаў, склалі 39 адміністрацыйных пратаколаў

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, учора ў Менску на плошчы Незалежнасьці сабраліся ўсяго 550 мітынгоўцаў, а агулам на пратэстах у Менску, Берасьці, Горадні, Салігорску і іншых гарадах было ўсяго каля 2000 чалавек.

«Надзвычайных здарэньняў» на палітычных акцыях не зафіксавалі, але крымінальныя справы пры тым распачалі за «гвалт або пагрозу гвалтам адносна супрацоўнікаў АУС». Адміністрацыйныя пратаколы склалі за «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы» — ці толькі за апазыцыйныя, не паведамляецца

11:59 25.8.2020

Вольгу Кавалькову судзяць паводле двух пратаколаў

Вольгу Кавалькову, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, судзяць у судзе Заводзкага раёну Менску за «несанкцыянаваную акцыю» і «непадпарадкаваньне міліцыі», піша «Вясна». Судзьдзя Дзьмітры Астапенка абвясьціў перапынак да 14.00 для азнаямленьня з матэрыяламі справы.

Як стала вядома Свабодзе, яшчэ аднаго затрыманага сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргея Дылеўскага ў тым жа судзе судзяць за «несанкцыянаваную акцыю» (ч.2 арт.23.34 КаАП), судзьдзя Алена Капцэвіч.

Судзяць Сяргея Дылеўскага
Судзяць Сяргея Дылеўскага

12:08 25.8.2020

Горадня. Сьледчыя прыйшлі ў краму «Адметнасьць», уласьнікам якой зьяўляецца сябар БХД Сяргей Верамеенка. Верамеенка зачыніўся ў краме, сьледчы вядзе перамовы празь дзьверы. Шукаюць матэрыялы, якія «парушаюць грамадзкі парадак і схіляюць людзей да супрацьпраўных дзеяньняў».

12:15 25.8.2020

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву, затрыманую ў жывым эфіры 14 ліпеня, будуць судзіць за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» ў судзе Заводзкага раёну Менску 27 жніўня ў 9.10. Андрэева піша на Facebook, што шукае сьведкаў затрыманьня, а таксама заяўляе, што «ў пратаколе абсалютная хлусьня».

12:31 25.8.2020

Новы нумар «Народнай волі» надрукавалі ў Маскоўскай вобласьці

Наклад газэты ўжо прывезьлі ў Менск, паведаміла намесьніца галоўнага рэдактара Марына Коктыш. Паводле яе, газэта мае быць у кіёсках у Менску ў другой палове дня, а ў іншых месцах Беларусі заўтра.

21 жніўня галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч выказаў абурэньне адмовай Беларускага Дому друку аддрукаваць нумары ягонай газэты і «Комсомольскай правды в Беларуси», прысьвечаныя палітычнаму крызісу ў Беларусі, міліцэйскаму гвалту і мітынгам праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.

Фармальна ў Доме друку прычынай нявыхаду газэт называюць паломку друкарскага абсталяваньня.

«Да нас масава зьвяртаюцца чытачы, пытаюць, як можна прачытаць сьвежы нумар, бо друкарні адмовілася яго друкаваць і ён ня трапіў у шапікі і падпісчыкам — фармальна з тэхнічнай прычыны. Вядома, мы абураныя гэтай сытуацыяй, але ў кожным разе газэта знойдзе дарогу да чытачоў», — сказаў Ёсіф Сярэдзіч Свабодзе.

А пакуль што апошні, 66-ы, нумар выданьня даступны ў інтэрнэт-архіве газэты ў фармаце ПДФ, паведаміў ён тады.

12:54 25.8.2020

У Клімавічах пратэстоўцаў выклікаюць у міліцыю і пракуратуру

У Клімавічах (Магілёўская вобласьць) раённая пракуратура пісьмова папярэджвае ўдзельнікаў мясцовых пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў пра адказнасьць за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Сябра БАЖ Сяргей Аржанцаў, якога таксама папярэдзілі, паведаміў Свабодзе, што падчас гутаркі з пракурорам пабачыў раздрукоўку з «7 ці 8» імёнамі. Паводле Аржанцава, удзельнікаў пратэстаў выклікае на прафіляктычныя гутаркі і раённая міліцыя.

Пратэсты ў Клімавічах зьбіралі пад 800 удзельнікаў. На праўладны мітынг у падтрымку Лукашэнкі сабралі прыкладна столькі ж чалавек.

12:56 25.8.2020

Супрацоўнік жодзінскай турмы адседзеў трое сутак па месцы службы за ўдзел у мітынгу

Жодзінец Аляксандар Шабан, калі прыйшоў час ісьці ў войска, вырашыў адслужыць па кантракце ў мясцовай турме. 11 жніўня яго затрымалі ў Менску і адвезьлі па месцы працы.

12:57 25.8.2020

Аўдыёзапіс, дзе настаўніцу прымушаюць падпісаць сфальшаваны выбарчы пратакол, сапраўдны, — крыніца

Запіс аўдыё з размовай выбарчай камісіі № 26 гораду Віцебску, дзе сяброў камісіі прымушаюць падпісаць сфальшаваны пратакол, сапраўдны. Пра гэта стала вядома Свабодзе са сваіх крыніц.

«Гэты запіс быў выстаўлены ў сеціва адразу ж, як далі інтэрнэт, — 13 жніўня. Ня ведаю, чаму толькі цяпер яго заўважылі. Запіс наогул доўжыцца паўгадзіны, і вось гэтая размова, выкладзеная ў сеціве, адбылася недзе на 15-й хвіліне», — паведаміла крыніца.

Аўдыёзапіс перадалі праваабаронцам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG