Сотні чалавек прыйшлі разьвітацца зь Мікітам Крыўцовым
Яго шукалі 10 дзён. Сям’я ня верыць у вэрсію «самагубства» і падала заяву ў Сьледчы камітэт.
Старшыня Канстытуцыйнага суду выказаўся пра неканстытуцыйнасьць Каардынацыйнай рады
Канстытуцыя «не прадугледжвае» стварэньне грамадзкіх органаў перагляду вынікаў выбараў, заявіў БелТА старшыня Канстытуцыйнага суду Беларусі Пятро Міклашэвіч. Таму, кажа ён, стварэньне Каардынацыйнай рады, якая нібыта патрабуе перагляду вынікаў выбараў (на самой справе — новых празрыстых дэмакратычных выбараў) «зьяўляецца неканстытуцыйным».
Фармулёўку «закон не прадугледжвае» раней выкарыстоўвала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына: яна распаўсюджвала заяву пра тое, што «Выбарчы кодэкс не прадугледжвае фатаграфаваньня бюлетэняў».
Даляр падрос амаль на 5 капеек
Канчатковыя вынікі таргоў на валютнай біржы за сёньня:
🇺🇸 1 USD = 2,6028 BYN (+ 4,74 капейкі)
🇪🇺 1 EUR = 3,0758 BYN (+ 5,68 капейкі)
🇷🇺 100 RUB = 3,4939 BYN (+ 5,86 капейкі)
Найлепшыя курсы, па якіх можна купіць валюту ў беларускіх абменьніках, цяпер большыя на прыблізна 5–5,5 капейкі
Рок-гурт U2 падтрымаў беларусаў цытатамі паэткі Вальжыны Морт і цытатай з уласнай песьні
Стараючыся захаваць Беларусь, Расея імкліва губляе беларускі народ
«Бачачы каля сябе толькі «Белоруссию», якую трэба любой цаной утрымаць, далучыць, і не зьвяртаючы ўвагі на беларусаў, іх патрэбы і жаданьні, Расея рызыкуе назаўсёды страціць беларускі народ, ягоныя сымпатыі і дружбу», — піша ў сваім блогу Сяргей Абламейка.
Менск. Ля Акадэміі навук шыхтуецца «Ланцуг салідарнасьці»
Павал Латушка пасьля допыту ў СК. Ён застаецца ў статусе сьведкі
Вася Абломаў: Спадзяюся, што Лукашэнка сустрэнецца зь беларускім правасудзьдзем ва ўсёй красе
Расейскі сьпявак Вася Абломаў (Васіль Ганчароў) запісаў вялікае відэа пра падзеі ў Беларусі.
Ён расказвае, як бачыць падзеі выбарчай кампаніі і пратэсты пасьля выбараў. «Я спадзяюся, што народ Беларусі яго скіне, і Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца зь беларускім правасудзьдзем ва ўсёй красе», — завяршае ён свой відэазварот.
Судзяць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргея Дылеўскага
Яго судзяць за «несанкцыянаваную акцыю» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП). Яго вінавацяць у тым, што ён заклікаў да забастоўкі і парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Судзіць Алена Капцэвіч. Працэс праходзіць праз скайп у Заводзкім судзе ў кабінэце сакратароў. Сяргей Дылеўскі цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Судзьзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.
«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, што людзі ня хочуць баставаць, меркаваньне людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго было ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.
— Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на правядзеньне? — пытаецца судзьдзя.
— На сустрэчу зь сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.
Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 году. 24 жніўня ён не заклікаў да забастоўкі. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намесьнікам дырэктара заводу.
Паводле адваката, інфармацыю пра затрыманьне Дылеўскага яна атрымала з СМІ.
«У Партызанскім РУУС мне сказалі, што Дылеўскага не затрымлівалі. Толькі сёньня я атрымала матэрыялы справы на 10 хвілінаў. Фатаграфаваць іх мне забаранілі», — сказала адвакат Дар’я Ліпкіна.
Чаму пакуль ня рухнулі муры?
Дзяржаўны апарат таму абыякавы да народнага ціску, што ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не падсправаздачны народу, не кантралюецца народам. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народу, таму і не рэагуе на ягоныя патрабаваньні. Пра гэта разважае палітоляг Валер Карбалевіч.
Сьцісла
- У сьвеце шмат выпадкаў, калі пад ціскам вуліцы ўрады сыходзяць у адстаўку, уступаюць у перамовы з пратэстоўцамі.
- У Беларусі разьлік на тое, што пад маральна-псыхалягічным ціскам народу дзяржаўны апарат пачне развальвацца, пераходзіць на іншы бок барыкадаў ці хоць бы ўступіць у перамовы, не апраўдаўся.
- У краіне створаны жорсткі скансалідаваны аўтарытарны рэжым.
- Апанэнты Лукашэнкі падчас выбараў змагаюцца, уласна, ня зь ім, а зь дзяржавай. А перамагчы аўтарытарнага кіраўніка і дзяржаву звычайным шляхам немагчыма.
- Усе дзяржаўныя інстытуты абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Існуе жорсткая вэртыкаль улады, якая фармуецца зьверху. Ніякіх пунктаў апоры для апанэнтаў рэжыму ў дзяржаўным апараце няма.
Прэс-сакратар Пуціна вітаў заяву Каардынацыйнай рады
Крэмль вітае тое, што беларуская Каардынацыйная рада «не разглядае пытаньне адмовы ад узаемадзеяньня з Расеяй». Пра гэта заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў, перадае РБК.
Пяскоў дадаў: ён спадзяецца, што ў Беларусі «дамінуе жаданьне ісьці па шляху нашых двухбаковых стасункаў».
Раней Крэмль не камэнтаваў дзейнасьць рады. Каардынацыйная рада ня раз заяўляла, што ня мае мэтаў у зьнешняй палітыцы або захопе ўлады, а дзейнічае ў мэтах урэгуляваньня палітычнага крызісу і правядзеньня новых дэмакратычных выбараў.
За падтрымку пратэстоўцаў адкліканы і звольнены яшчэ адзін беларускі дыплямат
Адкліканы і звольнены зь Міністэрства замежных справаў трэці сакратар амбасады Беларусі ў Індыі Андрэй Місюра.
Раней ён падтрымаў мірную акцыю салідарнасьці зь беларускім народам у Дэлі, пахваліў землякоў зь Бярозы, якія выйшлі ў «жаночыя ланцугі», аздобіў свой фатаздымак ў Фэйсбуку бел-чырвона-белым сьцяжком і запісаў адмысловы відэазварот.
«Мае любімыя сябры, роднасныя душы, партнэры. Гэта мой апошні дзень у якасьці беларускага дыплямата ў Дэлі... Мая сталіца адклікае мяне, у гэтай якасьці мая служба скончылася. Сёлетні год разбурае пляны, забірае жыцьцё і зьмяняе лёсы. Але я ўпэўнены, што праўдзівыя адносіны будуць доўжыцца і будуць выкрышталізоўвацца яшчэ ў лепшай, маляўнічай форме», — адзначыў у прамове па-ангельску Андрэй Місюра.
Каля будынку Міністэрства адукацыі праходзіць пікет у падтрымку сумленных настаўнікаў
У горадзенскай краме «Адметнасьць» прайшоў ператрус. Забралі бел-чырвона-белыя сьцягі
У краму «Адметнасьць» 24 жніўня прыйшлі супрацоўнікі фінансавай міліцыі зь ператрусам. Яны патлумачылі, што ўласьнік крамы сябра БХД Сяргей Верамеенка праходзіць сьведкам у крымінальнай справе аб арганізацыі беспарадкаў.
Ператрус ішоў 2,5 гадзіны. Ім кіраваў намесьнік начальніка Слонімскага аддзяленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Напачатку ён доўга ня мог патлумачыць, што менавіта будуць шукаць. Верамеенка не хацеў пускаць міліцыянтаў усярэдзіну, пакуль тыя не пакажуць дакумэнты на ператрус. У пэўны момант міліцыянт моцна штурхануў дзьверы крамы і фактычна ўварваўся ў яе, пры гэтым пашкодзіў уласьніку крамы пальцы на назе.
У выніку з крамы забралі 27 вялікіх бел-чырвона-белых сьцягоў з тканіны, больш як 40 маленькіх нацыянальных сьцяжкоў, больш як 40 скураных бранзалетаў з выявай бел-чырвона-белага сьцяга. Да таго ж забралі паперы з інфармацыяй пра вынікі галасаваньня на пэўных выбарчых участках Горадні і «Дэклярацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу».
Верамеенку выклікалі ў Сьледчы камітэт як сьведку ў справе аб арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Лідэру страйкама МТЗ і сябру Каардынацыйнай рады Дылеўскаму прысудзілі 10 сутак арышту
Лідэру страйкавага камітэту Менскага трактарнага заводу і сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргею Дылеўскаму Заводзкі суд сталіцы прысудзіў 10 сутак арышту за «арганізацыю несанкцыянаванай акцыі» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП).
Дылеўскага вінавацілі ў тым, што ён заклікаў да забастоўкі і парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Вяла працэс праз скайп судзьдзя суду Заводзкага раёну Алена Капцэвіч. Сам Сяргей Дылеўскі знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Судзьзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.
«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, што людзі ня хочуць баставаць, меркаваньне людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго было ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.
— Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на правядзеньне? — спыталася судзьдзя.
— На сустрэчу зь сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.
Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 году. 24 жніўня ён не заклікаў да забастоўкі. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намесьнікам дырэктара заводу.
Калёна вайсковай тэхнікі ў раёне плошчы Незалежнасьці
Увечары там чакаецца мітынг з нагоды 29-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Беларусі.
Дырэктарка распусьціла апякунскую раду ў гімназіі, дзе бацькі запатрабавалі сумленна пералічыць галасы на выбарах
25 жніўня бацькам дзяцей беларускамоўнай гімназіі № 23, якія патрабавалі сумленнага пераліку галасоў на выбарах, прыйшоў адказ: дырэктарка Ірына Пасюкевіч проста распусьціла апякунскую бацькоўскую раду сваім загадам.
Свабода спрабавала зьвязацца з Ірынай Пасюкевіч, але тая праз сваю сакратарку перадала, што не кантактуе са СМІ.
13 жніўня бацькі і апякунская рада зьвярнуліся да дырэктаркі гімназіі з патрабаваньнем сумленна падлічыць галасы і паказаць пратаколы, якія так і ня вывесілі пасьля выбараў увечары 9 жніўня.
Бацькі патрабавалі «ў выпадку відавочнай фальсыфікацыі ў пратаколе адхіліць ад навучальнага працэсу настаўнікаў — сяброў камісіі».
Таксама бацькі забаранілі выкарыстаньне раней пералічаных бацькамі сродкаў, спынілі збор апякунскіх унёскаў на патрэбы гімназіі і якую-кольвек матэрыяльную і нематэрыяльную падтрымку настаўнікаў і адміністрацыі.
Апошнім пунктам была забарона сваім дзецям браць удзел «у любых невучэбных мерапрыемствах, арганізаваных гімназіяй, раёнам, горадам».
Чытаць далей
У дзяржаўнай друкарні чарговым разам «зламалася абсталяваньне». Ня выйшла «БелГазета»
Нумар «БелГазеты» за 25 жніўня ня зьявіцца ў кіёсках — у дзяржаўным «Беларускім доме друку» зноў «зламалася абсталяваньне».
На дапамогу прыйшлі калегі з «Эўрарадыё»: з дазволу рэдакцыі апублікавалі PDF з нумарам, каб ён дайшоў да як мага большай колькасьці чытачоў.
Іронія ў тым, што частка нумару «БелГазеты» прысьвячаецца менавіта спробе разабрацца, чаму ў дзяржаўнай друкарні раз за разам ламаецца друкарская машына — менавіта тады, калі прыходзяць недзяржаўныя выданьні зь нязручным зьместам.
Раней друкарня не змагла выдаць тры нумары «Комсомольской правды в Белоруссии», а таксама нумары «Народнай волі» і тыднёвіка «Свободные новости». У кожным асьвятляліся вулічныя пратэсты ў Беларусі.
Экс-старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу з Салігорску пакаралі штрафам
Суд Салігорскага раёну вынес прысуд экс-старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалаю Зіміну па артыкуле 23.34 КаАП «Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» – 45 базавых велічынь (1215 рублёў). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».
«Напружылі эканамічную абстаноўку хаджэньні па вуліцах». Лукашэнка назваў вінаватых у крызісе
Аляксандар Лукашэнка сьпісаў эканамічны спад на «зьнешні псыхоз» у выглядзе каранавірусу і хаджэньні апанэнтаў па вуліцах. Сваіх прыхільнікаў у эканамічным спадзе Лукашэнка не вінаваціць, хоць тыя часта прыходзяць на мітынгі ў працоўны час і арганізавана выказваюць падтрымку дзейнай уладзе.
«Вядома, час няпросты. Мы вельмі вялікія грошы кінулі на лячэньне людзей ад каранавірусу. Плюс яшчэ напружылі эканамічную абстаноўку гэтыя хаджэньні па вуліцах, так званыя акцыі, мітынгі — ніхто ж грошы ня лічыць. Мы ўжо бачым стратаў на 500 мільёнаў, а колькі будзе ўскосных стратаў — пытаньне», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.
У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу амаль 3 мільярды рублёў і яшчэ 6 мільярдаў — на пагашэньне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў зьвязаныя з выплатамі Расеі, Кітаю і Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця.