Затрыманьні 25 жніўня ў Беларусі
25 жніўня ў Менску і іншых гарадах Беларусі працягнуліся затрыманьні ўдзельнікаў мірных масавых акцый, а таксама людзей зь бел-чырвона белымі сьцягамі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
У Менску затрымалі больш за дзясятак удзельнікаў акцый, у Горадні — 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот», у Гомлі — экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых, у Бабруйску — мужа журналісткі «Вечернего Бобруйска», у Магілёве — актывіста, а таксама мужчыну, які ішоў зь сям'ёй зь бел-чырвона-белым сьцягам на плячах. Сьпіс з прозьвішчамі затрыманых і абставінамі затрыманьня глядзіце тут.
Мінінфарм патлумачыў блякаваньне 9 беларускіх сайтаў
Сайт pyx.by, а таксама яшчэ 8 сайтаў — primaries.by, udf.by, masheka.by, progomel.by, tip.by, virtualbrest.by, vkurier.by, 015.by — заблякаваныя ў Беларусі за тое, што «зьмяшчаюць заклікі і выкарыстоўваюцца для каардынацыі дзейнасьці па арганізацыі масавага непадпарадкаваньня прадстаўнікам улады», вынікае з дакумэнтаў, якія атрымаў старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, уладальнік сайту pyx.by.
Увечары 21 жніўня стала вядома пра блякаваньне ў Беларусі шэрагу сайтаў. Як паведаміў Tut.by, у сьпіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Беларусі» трапілі больш за 70 сайтаў, у тым ліку сайт Радыё Свабода.
Для астатніх заблякаваных рэсурсаў прычыны блякаваньня могуць быць іншымі.
Скралі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў на доме. Жыхары выклікалі міліцыю
Са шматпавярховага дому на праспэкце Дзяржынскага ў Менску зьнік вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта зрабілі невядомыя людзі, якія адмовіліся прадставіцца старшыні таварыства ўласьнікаў гэтага дому. Жыхары выклікалі міліцыю і напісалі заяву, бо лічаць, што адбыўся крадзеж сьцяга.
З БТ звольнілася аўтарка дзясяткаў фільмаў пра гісторыю Беларусі
Карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі Ксенія Луцкіна напісала ў Фэйсбуку, што сышла з БТ. Яна была аўтаркай праектаў «Terra incognita» у «Невядомай Беларусі», цыклю «Зямля страчаная. Зямля здабытая», амаль 20 дакумэнтальных фільмаў пра гісторыю Беларусі.
«Мае 15 гадоў у Белтэлерадыёкампаніі былі вельмі рознымі, вельмі насычанымі... я вельмі рада таму, што яны былі, рада тым сустрэчам, якія былі і яшчэ будуць, удзячная тым людзям, зь якімі працавала, сябравала і буду сябраваць. 15 гадоў скончыліся... пачынаецца нешта новае», — напісала Ксенія Луцкіна.
Былая ўжо супрацоўніца БТ была сярод тых, хто ўдзельнічаў у забастоўцы на Белтэлерадыё.
«Беларусь – гэта Лукашэнка». Праўладны мітынг на Камароўцы. Фотагалерэя
ЭЗ плянуе ўвесьці санкцыі супраць 15-20 грамадзян Беларусі ў бліжэйшыя тыдні
Эўрапейскі Зьвяз можа ўвесьці санкцыі ў дачыненьні да 15-20 грамадзян Беларусі за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і прымяненьне гвалту да пратэстоўцаў, напісаў у твітэры карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк.
«Чыноўнік ЭЗ кажа, што 15-20 чалавек зь Беларусі трапяць пад санкцыі ЭЗ, я чуў пра „каля 10“. У любым з гэтых выпадкаў гэта невялікая колькасьць, але ідэя палягае ў тым, што гэтая колькасьць можа ўзрасьці ў бліжэйшыя тыдні/месяцы», — адзначыў Юзьвяк.
На сьвята Незалежнасьці ў Менску прыйшлі каля 5 тысяч чалавек
У 20.20 на плошчы Незалежнасьці было агулам каля 5 тысяч чалавек. Людзі запалілі ліхтарыкі, працягвалі слухаць выступоўцаў.
Пазьней людзі пачалі разыходзіцца. Па стане на 20.50 на плошчы застаецца каля 3 тысяч чалавек. Людзі крычаць «Караева пад суд», «Свабода палітвязьням», «Лукашэнку ў адстаўку». Уся плошча сьпявала «Тры чарапахі».
Выступаў дэпутат незалежнасьці Сяргей Антончык. Ён згадаў, што ў 1991 годзе быў старшынём рэспубліканскага страйкаму, тады на гэтую плошчу вышлі 100 тысяч рабочых. Антончык кажа, што гэта забіла апошні цьвік у труну Савецкага Саюзу. Ён мяркуе, што сучасныя падзеі заб’юць апошні цьвік у труну цяперашняга рэжыму.
Пасьля 21-й гадзіны ў раёне плошчы Незалежнасьці ў Менску затрымалі некалькі чалавек, пішуць Tut.by чытачы. Непадалёк ад прыпынку схапілі чалавека і закінулі ў мікрааўтобус. Затрымалі чалавека са сьцягам непадалёк ад касьцёла: хлопец проста ішоў зь дзяўчынай, яе адпусьцілі. Цяпер вакол плошчы езьдзяць мікрааўтобусы без нумароў. Падобна, што затрымліваюць людзей са сьцягамі.
На мітынгу за Лукашэнку ля Камароўкі выступіў Дзьмітры Паўлічэнка
У Менску на мітынгу ля Камароўскага рынку ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі выступіў экс-камандзір вайсковай часткі 3214, экс-камандзір СОБРа Дзьмітры Паўлічэнка, паведамляе Tut.by. Ён сказаў, што выступае ад імя вэтэранаў МУС, якія ў «ліхія 90-я» «абаранілі горад ад бандытызму і экстрэмізму на вуліцах». Пасьля гэтага, як сказаў Паўлічэнка, «20 год мы жылі ў міры і спакоі».
«Што ж адбылося цяпер? Банды Ціханоўскай, гэтыя экстрэмісты, найміты, крымінальная сфэра... На жаль, моладзь, некаторая частка, „апоеная“, „абкураная“, пачала граміць наш горад, і зноў АМАП і спэцназ сталі на яго абарону.
Трое сутак мы стаялі, вэтэраны разам са спэцназам і АМАПам, і разграмілі іх ушчэнт. Не дамо ж далей прасоўваць гэтыя экстрэмісцкія ідэі і экстрэмісцкія мэты. За „бацьку“, за Беларусь!» — сказаў Паўлічэнка.
Лаўроў расказаў, пра што гаварыў з намесьнікам Пампэо наконт Беларусі
Сёньня ў Маскве адбыліся перамовы наконт сытуацыі ў Беларусі паміж міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым і першым намесьнікам дзяржсакратара ЗША Стывэнам Бігэнам. Напярэдадні Бігэн сустрэўся ў Вільні са Сьвятланай Ціханоўскай.
Што сказаў Лаўроў у інтэрвію «Першаму каналу». Сьцісла:
- «Мы сказалі (Стывэну Бігэну — РС), што лічым важным даць самім беларусам магчымасьць вызначыцца, хто будзе ўдзельнікамі агульнанацыянальнага дыялёгу».
- «Заклік наш палягаў у тым, каб гэтыя краіны, перш за ўсё ЗША і лідэры ЭЗ, зьвярнулі ўвагу на тыя колы, якія, скажам, у Польшчы, Літве ўсяляк выказваюць незадаволенасьць тым, што сытуацыя ў Беларусі нармалізуецца, і спрабуюць справакаваць гвалтоўныя дзеяньні, каб выклікаць адпаведную рэакцыю сілавікоў. Мы лічым гэта вельмі небясьпечным».
- «Унутры Беларусі, уключаючы апазыцыйныя колы, нямала пытаньняў наконт таго, наколькі легітымна была гэтая Каардынацыйная рада сфармаваная. Многія яе чальцы постфактум даведаліся пра тое, што іх туды ўключылі. Зь імі ніхто ня раіўся».
- «Няма ніякіх абʼектыўных прычын для таго, каб антырасейскія настроі распальваліся ў Рэспубліцы Беларусь. Але ахвотных справакаваць чарговы віток гвалту ў Беларусі мы назіраем».
- «Нам бы вельмі хацелася зразумець, якія ўсё ж такі палітычныя крытэры, паводле якіх гэтая Каардынацыйная рада хоча функцыянаваць. Было шмат супярэчлівых зьвестак пра тое, якая праграма ў рады». Цалкам чытайце тут.
Людзей на плошчы Незалежнасьці папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная
На плошчы Незалежнасьці ў Менску сабралася каля 3 тысяч чалавек. Міліцыя ня ўмешваецца, яе не відаць. Праз аўдыёзапіс людзей папярэджваюць, што акцыя несанкцыянаваная.
У Гомлі — шэсьце ў гонар Дня Незалежнасьці
У Гомлі распачалося шэсьце ў гонар Дня Незалежнасьці. Месцам збору пратэстоўцаў быў цырк. Але пляцоўку заставілі кірмашом, там было шмат міліцыі, таму людзі сабраліся стыхійна каля помніка Грамыку і рушылі ў бок плошчы Леніна. У калёне каля 200 чалавек. Яны скандуюць «Жыве Беларусь».
Каля аблвыканкаму дарогу пратэстоўцам перагарадзіла міліцыя, але людзі абыйшлі яе і пайшлі далей. Міліцыя здымае людзей на камэру.
Падчас шэсьця затрымалі былога прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі Ўладзімера Няпомняшчых. Дзе ён цяпер — невядома, тэлефон недасяжны.
Менск: ля Камароўкі пачаўся праўладны мітынг за Лукашэнку
Тым часам ля Камароўскага рынку а 19-й гадзіне пачаўся праўладны мітынг у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. На яго сёньня заклікалі дзяржаўныя СМІ.
Расейскі прапагандысцкі тэлеканал RT вядзе стрым з праўладнага мітынгу, што праходзіць каля Камароўскага рынку. Камэра нерухома знаходзіцца ў адным месцы, відаць толькі парасоны. Выступаў амаль не чуваць. Адзін з прамоўцаў пачаў скандаваць «Беларусь — безь Ціханоўскай». Прысутныя падтрымалі крык некалькі разоў і сьціхлі.
Агулам сытуацыя на мітынгу спакойная, людзі размаўляюць у групах і мала цікавяцца прамоўцамі. Адзін з выступоўцаў кажа пра антырасейскую апазыцыю, згадвае лёзунгі «Чамадан, вакзал, Расея», «Хто ня скача – той м...ль» і крытыкуе Парашэнку.
На мітынгу за Аляксандра Лукашэнку каля Камароўскага рынку прысутныя скандуюць: «Беларусь – гэта Лукашэнка».
Сьвята Незалежнасьці ў Менску. УЖЫВУЮ
На плошчы скандуюць «Мы — народ» і «Сыходзь»
На плошчы Незалежнасьці выступае старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Ён кажа: «Будзем выходзіць да перамогі, нашы патрабаваньні нязьменныя. Галоўнае патрабаваньне: дыктатар павінен сысьці».
На плошчы скандуюць «Мы — народ» і «Сыходзь».
Ганна Сарокіна, студэнтка БДУІР, кажа, што ўпершыню адзначае гэты дзень, і для яе гэта вельмі важна, бо гэта сьвята незалежнасьці.
«Спадзяюся, што буду адзначаць гэта як дзяржаўнае сьвята, — кажа Ганна. — Пабачыла ў інтэрнэце заклік прыйсьці сюды. Паглядзела, што настаўнікі сабраліся сёньня каля Міністэрства адукацыі, і ім ня страшна. Падумала, раз ім ня страшна, то і я пайду».
Людзей на плошчы ўсё больш, нягледзячы на моцны дождж. Праз мэгафон міліцыя папярэджвае, што акцыя несанкцыянаваная. Людзі заглушаюць гэта воклічамі «Жыве Беларусь!».
Над плошчай з адміністрацыйных будынкаў уключылі вельмі гучную музыку, як гэта было ў іншыя дні. Людзі на гэта крычаць: «Гэта наша плошча».
Валянтэры расставілі сталы з вадой і печывам для прысутных. Людзі падыходзяць і частуюцца.
Каля 19-й гадзіны на плошчы сабралася каля 2 тысяч чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць.
Мінабароны папярэдзіла, што армія гатовая абараняць Беларусь ад унутраных пагрозаў
Начальнік генштабу Ўзброеных сіл Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што вайскоўцы не ўспрымаюць сытуацыю, якая склалася ў краіне, і «гатовыя абараніць грамадзтва».
«Мы бачым, што адбываецца ў краіне і вакол яе. У гэтай няпростай абстаноўцы армія гарантуе бясьпеку дзяржавы, грамадзтва і кожнага асобнага чалавека, які хоча мірна жыць і працаваць у Беларусі», — гаворыцца ў заяве Вальфовіча, распаўсюджанай абаронным ведамствам.
«Мы не дадзім апаганьваць нашы помнікі, разбурыць сыстэму адукацыі, запалохваць грамадзян, паралізаваць транспартныя камунікацыі, падмяніць маральныя каштоўнасьці беларускай моладзі. Армія катэгарычна гэтага не прымае і гатовая абараніць сваю краіну ад пагрозаў», — заявіў Вальфовіч.
«Бел-чырвона-белы сьцяг вярнуўся як сьцяг свабоды» — дэпутат незалежнасьці Лявон Баршчэўскі
Дэпутат ВС 12-13 скліканьня Лявон Баршчэўскі сказаў, што дзень 25 жніўня абавязкова вернецца як дзяржаўнае сьвята.
«Я чатыры гады таму даваў інтэрвію і сказаў, што як толькі беларусы адчуюць свабоду, то самі вернуць бел-чырвона-белы сьцяг, — кажа Баршчэўскі. — І мы цяпер бачым, што так і адбылося: бел-чырвона-белы сьцяг вяртаецца ў сьвядомасьць людзей як сьцяг свабоды. Гэтак жа будзе і з гэтым днём».
На плошчы Незалежнасьці каля 500 чалавек, шмат бел-чырвона-белых сьцягоў.
«Маратон за незалежнасьць працягваецца», — дэпутат незалежнасьці Лявонці Зданевіч
«Гэты дзень заўжды быў сьвятам, а сёньня тым больш, — сказаў карэспандэнту Свабоды дэпутат Вярхоўнага Савету 12-13 скліканьня Лявонці Зданевіч.
Ён вельмі рады, што маратон за незалежнасьць працягваецца. «Наперадзе яшчэ вялікая барацьба», — кажа ён, але агулам настроены аптымістычна. Што да стаўленьня іншых краін да падзеяў Беларусі, ён лічыць, што «Амэрыка нас кінула, Эўропа яшчэ больш-менш, але блізка да таго».
Наконт пазыцыі Расеі Зданевіч лічыць, што добра, што ёй хапае розуму ня ўмешвацца сваім войскам у беларускія справы. «У нас няма людзей, якія варожа ставяцца да Расеі, але ў нас ёсьць свае інтарэсы, якія трэба абараняць», — кажа Зданевіч.
У «дэпутатаў незалежнасьці» Лявонція Зданевіча і Пятра Садоўскага праваахоўнікі праверылі рэчы, перш чым прапусьціць на плошчу Незалежнасьці.
Затрымалі 28 супрацоўнікаў «Гродна Азот»
Па дарозе ў цэнтар гораду затрымалі 28 супрацоўнікаў хімічнага гіганта «Гродна Азот». Яны ішлі з працы па горадзе, ня несьлі сьцягоў ці транспарантаў, не скандавалі лёзунгі. Каля Кургана славы да іх пад’ехаў аўтобус з амапаўцамі. Іх папрасілі сесьці ў аўтобус, патлумачылі, што яны ўдзельнічалі ў недазволеным масавым мерапрыемстве. Работнікаў завезьлі ў ізалятар на вуліцы Гая.
Пад ізалятар прыйшлі каля 500 гарадзенцаў, у тым ліку «азотаўцы», каб іх падтрымаць. Людзі скандавалі «Свабоду», «Выпускай», «Жыве Беларусь». Насупраць гарадзенцаў стаялі аўтазак зь міліцыянтамі, міліцэйскія мікрааўтобусы. Пад ізалятар прыехаў прадстаўнік «Гродна Азот» Віктар Міхневіч.
Каля 19.30 работнікаў «Гродна Азот» сталі па адным выпускаць з ізалятара. Амаль праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі. На людзей аформілі адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Відавочцы паведамілі пра затрыманьні ў дварах каля ізалятара на вуліцы Гая, калі людзі пачалі разыходзіцца.
Жанчыны, якія былі побач, калі затрымлівалі на вуліцы Гая, паведамілі, што бачылі, як хлопца, нібыта непрытомнага пасьля зьбіцьця амапаўцамі, з заплюшчанымі вачыма, закінулі ў аўтазак.
Менск: на плошчы Незалежнасьці пачалі зьбірацца людзі
На плошчы Незалежнасьці сабралася каля 100 чалавек. Перакрытыя выхады да плошчы Мясьнікова. На Берсана каля Менскпраекту стаяць міліцыянты ў форме і людзі ў цывільным, правяраюць заплечнікі, на плошчу прапускаюць.
На плошчы зьявіліся дэпутаты незалежнасьці – Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Сяргей Папкоў, Пятро Садоўскі, Сяргей Антончык, Лявонці Зданевіч. Шмат бел-чырвона-белых сьцягоў.