Лінкі ўнівэрсальнага доступу

17-ы дзень пратэстаў. Разьвітаньне зь Мікітам Крыўцовым, 29 гадоў аднаўленьня незалежнасьці

Што адбываецца ў Беларусі на 17-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

17:53 25.8.2020

Салдат наўмысна стрэліў у журналістку «Нашай нівы» зь 10 мэтраў. Справу яшчэ не завялі

Наша Ніва разьмясьціла відэазапіс, на якім відаць, як салдат наўмысна страляе ў журналістку выданьня Натальлю Лубнеўскую з адлегласьці 10 мэтраў. Натальля Лубнеўская атрымала раненьне 10 жніўня і з таго часу знаходзіцца ў шпіталі. Раненьне кваліфікавалі як агнястрэльнае.

«Я падавала заяву ў Сьледчы камітэт. У межах праверкі да мяне прыходзіў сьледчы 12 жніўня, і 21 жніўня прыходзіў сьледчы з Фрунзэнскага СК, — кажа Натальля. — Крымінальную справу дагэтуль не завялі».

Натальля дагэтуль ня можа хадзіць, бо нага ў лянгеце. «Дакладных прагнозаў я ня ведаю, — кажа дзяўчына. — Куля прайшла вельмі блізка ад каленнага сустава, ён не закрануты, але пасьля лячэньня спатрэбіцца час, каб распрацаваць яго і вярнуць ранейшую функцыянальнасьць».

Дактары расказалі Натальлі, што агнястрэльныя раненьні вельмі цяжка загойваюцца, бо вакол раны адміраюць тканкі і зашыць іх адразу нельга.

Гэта не адзіны выпадак наўмыснага стрэлу ў бяззбройных людзей. У той жа дзень 10 жніўня ў Берасьці стаматоляг Вольга Рыбакова атрымала агнястрэльнае раненьне ў жывот. Яна была на гаўбцы сваёй кватэры і бачыла, як людзі ў чорнай форме са шчыткамі цягнулі хлопца і білі дзяўчат. Вольга таксама ляжыць у шпіталі. Артыкул цалкам чытайце па спасылцы.

17:49 25.8.2020

Вярхоўны суд адмовіў усім экс-кандыдатам у прэзыдэнты ў задавальненьні скаргаў па выніках выбараў

Вярхоўны суд адмовіў тром экс-кандыдатам у прэзыдэнты ў задавальненьні скаргаў па выніках выбараў. Скаргі ў Вярхоўны суд падавалі Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў і Святлана Ціханоўская, паведамляе Tut.by.

Што тычыцца скаргі Сьвятланы Ціханоўскай, Вярхоўны суд устанавіў, што ў суд яна зьвярнулася са скаргай, у якой указала, што 14 жніўня рашэньнем ЦВК адмоўлена ў задавальненьні яе скаргі аб прызнаньні несапраўднымі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Мяркуючы, што ў задавальненьні скаргі адмоўлена неабгрунтавана, прасіла рашэньне ЦВК адмяніць і прызнаць выбары несапраўднымі ў цэлым па краіне.

Вярхоўны суд адзначае, што рашэньне аб прызнаньні выбараў несапраўднымі прымае Цэнтральная камісія. «Паколькі рашэньне аб прызнаньні выбараў несапраўднымі ЦВК не прымала, скарга Ціханоўскай аб несапраўднасьці выбараў разгляду ў судзе не падлягае, бо падобныя патрабаваньні не адносяцца да кампэтэнцыі суда», — гаворыцца ў камэнтары Вярхоўнага суда.

17:22 25.8.2020

У Віцебску абвясьцілі індывідуальны страйк двое супрацоўнікаў дзяржаўнай тэлевізіі

Рэдактарка і вядоўца праграмы «Время АРТ» Тацьцяна Іваноўская і галоўны інжынэр Уладзімер Зайцаў ужо другі дзень прыходзяць на працу, але не выконваюць сваю працу, паведамляе «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

Яны пратэстуюць супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і міліцэйскага гвалту, патрабуюць правядзеньня новых выбараў, вызваленьня палітвязьняў і пакараньня супрацоўнікаў МУС, якія нявечылі ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Свае патрабаваньні пратэстоўцы даслалі дырэктару тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алене Панцюховай, старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Івану Эйсманту і старшыні Віцебскага аблвыканкаму Мікалаю Шарсьнёву.

Тацяна і Ўладзімер – муж і жонка, яны падкрэсьліваюць, што страйк – гэта іх прыватнае рашэньне, і што яны не асуджаюць калег, якія не адважваюцца далучыцца да пратэсту. Страйкоўцы кажуць, што ніякага ціску з боку кіраўніцтва на іх няма, але яны гатовыя да любых наступстваў, нават да звальненьня.

17:20 25.8.2020

Вользе Кавальковай прысудзілі 10 сутак арышту

Даверанай асобе Сьвятланы Ціханоўскай і сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вользе Кавальковай Заводзкі суд сталіцы прысудзіў 10 дзён арышту за «арганізацыю несанкцыянаванай акцыі» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП).

Яе вінавацілі ў тым, што яна заклікала да страйку і парушыла закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.

Вяў працэс праз скайп судзьдзя суду Заводзкага раёну Дзьмітрый Астапенка. Сама Вольга Кавалькова знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна.

17:01 25.8.2020

Мітрапаліта Паўла вызвалілі ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі

Мітрапаліт Павал вызвалены ад пасады Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, — паведаміў кіраўнік прэс-службы РПЦ Уладзімір Лягойда. Яго прызначылі кіраўніком кубанскай мітраполіі.

Патрыяршым экзархам усяе Беларусі, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім прызначаны япіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін з захаваньнем за ім часовага кіраваньня Барысаўскай япархіяй.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў мітрапаліт Павал заявіў на сустрэчы зь вернікамі, што шкадуе пра заўчаснае віншаваньне Аляксандра Лукашэнкі з перамогай, а 17 жніўня ён наведаў зьбітых АМАПам пратэстоўцаў у лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі ў Менску.

«Паставілі сапраўднага лукашыста», — айцец Шрамко пра новага кіраўніца БПЦ

16:59 25.8.2020

«Страчаны давер да права і законнасьці». Чаму падае беларускі рубель?

Паводле афіцыйнага курсу Нацыянальнага банку даляр цяпер каштуе 2,6 рубля, эўра — 3,07 рубля. У прыватных банках даляр каштуе яшчэ больш — да 2,63 рубля. Рубель падае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня. І гэта зьвязана «з дэвальвацыйнымі чаканьнямі людзей», лічыць фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«Падстава для росту вартасьці замежнай валюты — попыт на яе. Удзельнікі рынку актыўна скупаюць валюту. Такое адчуваньне, што валюту набывалі і людзі, і банкі, і прадпрыемствы. Для людзей асноўны рэсурс набыцьця валюты — рублёвыя ўклады. Людзі здымаюць свае ўклады і купляюць на іх замежную валюту. У нас каля 5 мільярдаў рублёў тэрміновых укладаў, траціну зь іх можна адклікаць. Значыць, 1,5 мільярда могуць пайсьці на куплю валюты. Можна прадбачыць, што валюту будуць набываць датуль, пакуль будзе на што, — мяркуе Вадзім Іосуб.

Як доўга будзе цягнуцца гэты працэс і наколькі вырастуць курсы даляра і эўра — сказаць пакуль немагчыма. На думку Вадзіма Іосуба, моцная нацыянальная валюта будзе тады, калі да яе «будзе давер». А апошнімі месяцамі адбылася «страта даверу да ўсіх дзяржаўных інстытутаў і даверу да права і законнасьці».

Што цяпер адбываецца з банкаўскімі ўкладамі, інвэстарамі і ІТ, зь беларускімі прадпрыемствамі, а таксама чаго далей чакаць у беларускай эканоміцы, чытайце па спасылцы.

16:55 25.8.2020

«Напружылі эканамічную абстаноўку хаджэньні па вуліцах». Лукашэнка назваў вінаватых у крызісе

Аляксандар Лукашэнка сьпісаў эканамічны спад на «зьнешні псыхоз» у выглядзе каранавірусу і хаджэньні апанэнтаў па вуліцах. Сваіх прыхільнікаў у эканамічным спадзе Лукашэнка не вінаваціць, хоць тыя часта прыходзяць на мітынгі ў працоўны час і арганізавана выказваюць падтрымку дзейнай уладзе.

«Вядома, час няпросты. Мы вельмі вялікія грошы кінулі на лячэньне людзей ад каранавірусу. Плюс яшчэ напружылі эканамічную абстаноўку гэтыя хаджэньні па вуліцах, так званыя акцыі, мітынгі — ніхто ж грошы ня лічыць. Мы ўжо бачым стратаў на 500 мільёнаў, а колькі будзе ўскосных стратаў — пытаньне», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу амаль 3 мільярды рублёў і яшчэ 6 мільярдаў — на пагашэньне асноўнага доўгу. Больш за 85% выдаткаў зьвязаныя з выплатамі Расеі, Кітаю і Эўразійскаму фонду стабілізацыі і разьвіцьця.

16:35 25.8.2020

Экс-старшыню Беларускага незалежнага прафсаюзу з Салігорску пакаралі штрафам

Суд Салігорскага раёну вынес прысуд экс-старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалаю Зіміну па артыкуле 23.34 КаАП «Удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» – 45 базавых велічынь (1215 рублёў). Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».

16:31 25.8.2020

У дзяржаўнай друкарні чарговым разам «зламалася абсталяваньне». Ня выйшла «БелГазета»

Нумар «БелГазеты» за 25 жніўня ня зьявіцца ў кіёсках — у дзяржаўным «Беларускім доме друку» зноў «зламалася абсталяваньне».

На дапамогу прыйшлі калегі з «Эўрарадыё»: з дазволу рэдакцыі апублікавалі PDF з нумарам, каб ён дайшоў да як мага большай колькасьці чытачоў.

Іронія ў тым, што частка нумару «БелГазеты» прысьвячаецца менавіта спробе разабрацца, чаму ў дзяржаўнай друкарні раз за разам ламаецца друкарская машына — менавіта тады, калі прыходзяць недзяржаўныя выданьні зь нязручным зьместам.

Раней друкарня не змагла выдаць тры нумары «Комсомольской правды в Белоруссии», а таксама нумары «Народнай волі» і тыднёвіка «Свободные новости». У кожным асьвятляліся вулічныя пратэсты ў Беларусі.

16:02 25.8.2020

Дырэктарка распусьціла апякунскую раду ў гімназіі, дзе бацькі запатрабавалі сумленна пералічыць галасы на выбарах

25 жніўня бацькам дзяцей беларускамоўнай гімназіі № 23, якія патрабавалі сумленнага пераліку галасоў на выбарах, прыйшоў адказ: дырэктарка Ірына Пасюкевіч проста распусьціла апякунскую бацькоўскую раду сваім загадам.

Свабода спрабавала зьвязацца з Ірынай Пасюкевіч, але тая праз сваю сакратарку перадала, што не кантактуе са СМІ.

13 жніўня бацькі і апякунская рада зьвярнуліся да дырэктаркі гімназіі з патрабаваньнем сумленна падлічыць галасы і паказаць пратаколы, якія так і ня вывесілі пасьля выбараў увечары 9 жніўня.

Бацькі патрабавалі «ў выпадку відавочнай фальсыфікацыі ў пратаколе адхіліць ад навучальнага працэсу настаўнікаў — сяброў камісіі».

Таксама бацькі забаранілі выкарыстаньне раней пералічаных бацькамі сродкаў, спынілі збор апякунскіх унёскаў на патрэбы гімназіі і якую-кольвек матэрыяльную і нематэрыяльную падтрымку настаўнікаў і адміністрацыі.

Апошнім пунктам была забарона сваім дзецям браць удзел «у любых невучэбных мерапрыемствах, арганізаваных гімназіяй, раёнам, горадам».

Чытаць далей

15:52 25.8.2020

Калёна вайсковай тэхнікі ў раёне плошчы Незалежнасьці

Увечары там чакаецца мітынг з нагоды 29-годзьдзя аднаўленьня незалежнасьці Беларусі.

15:47 25.8.2020

Лідэру страйкама МТЗ і сябру Каардынацыйнай рады Дылеўскаму прысудзілі 10 сутак арышту

Лідэру страйкавага камітэту Менскага трактарнага заводу і сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргею Дылеўскаму Заводзкі суд сталіцы прысудзіў 10 сутак арышту за «арганізацыю несанкцыянаванай акцыі» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП).

Дылеўскага вінавацілі ў тым, што ён заклікаў да забастоўкі і парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Вяла працэс праз скайп судзьдзя суду Заводзкага раёну Алена Капцэвіч. Сам Сяргей Дылеўскі знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Судзьзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.

«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, што людзі ня хочуць баставаць, меркаваньне людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго было ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.

— Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на правядзеньне? — спыталася судзьдзя.

— На сустрэчу зь сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.

Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 году. 24 жніўня ён не заклікаў да забастоўкі. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намесьнікам дырэктара заводу.

15:23 25.8.2020

У горадзенскай краме «Адметнасьць» прайшоў ператрус. Забралі бел-чырвона-белыя сьцягі

У краму «Адметнасьць» 24 жніўня прыйшлі супрацоўнікі фінансавай міліцыі зь ператрусам. Яны патлумачылі, што ўласьнік крамы сябра БХД Сяргей Верамеенка праходзіць сьведкам у крымінальнай справе аб арганізацыі беспарадкаў.

Ператрус ішоў 2,5 гадзіны. Ім кіраваў намесьнік начальніка Слонімскага аддзяленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Напачатку ён доўга ня мог патлумачыць, што менавіта будуць шукаць. Верамеенка не хацеў пускаць міліцыянтаў усярэдзіну, пакуль тыя не пакажуць дакумэнты на ператрус. У пэўны момант міліцыянт моцна штурхануў дзьверы крамы і фактычна ўварваўся ў яе, пры гэтым пашкодзіў уласьніку крамы пальцы на назе.

Сяргей Верамеенка

У выніку з крамы забралі 27 вялікіх бел-чырвона-белых сьцягоў з тканіны, больш як 40 маленькіх нацыянальных сьцяжкоў, больш як 40 скураных бранзалетаў з выявай бел-чырвона-белага сьцяга. Да таго ж забралі паперы з інфармацыяй пра вынікі галасаваньня на пэўных выбарчых участках Горадні і «Дэклярацыю аб выхадзе з палітычнага крызісу».

Так выглядала крама да ператрусу

Верамеенку выклікалі ў Сьледчы камітэт як сьведку ў справе аб арганізацыі або падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

15:03 25.8.2020

Каля будынку Міністэрства адукацыі праходзіць пікет у падтрымку сумленных настаўнікаў

14:53 25.8.2020

За падтрымку пратэстоўцаў адкліканы і звольнены яшчэ адзін беларускі дыплямат

Адкліканы і звольнены зь Міністэрства замежных справаў трэці сакратар амбасады Беларусі ў Індыі Андрэй Місюра.

Раней ён падтрымаў мірную акцыю салідарнасьці зь беларускім народам у Дэлі, пахваліў землякоў зь Бярозы, якія выйшлі ў «жаночыя ланцугі», аздобіў свой фатаздымак ў Фэйсбуку бел-чырвона-белым сьцяжком і запісаў адмысловы відэазварот.

«Мае любімыя сябры, роднасныя душы, партнэры. Гэта мой апошні дзень у якасьці беларускага дыплямата ў Дэлі... Мая сталіца адклікае мяне, у гэтай якасьці мая служба скончылася. Сёлетні год разбурае пляны, забірае жыцьцё і зьмяняе лёсы. Але я ўпэўнены, што праўдзівыя адносіны будуць доўжыцца і будуць выкрышталізоўвацца яшчэ ў лепшай, маляўнічай форме», — адзначыў у прамове па-ангельску Андрэй Місюра.

14:49 25.8.2020

Прэс-сакратар Пуціна вітаў заяву Каардынацыйнай рады

Крэмль вітае тое, што беларуская Каардынацыйная рада «не разглядае пытаньне адмовы ад узаемадзеяньня з Расеяй». Пра гэта заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў, перадае РБК.

Пяскоў дадаў: ён спадзяецца, што ў Беларусі «дамінуе жаданьне ісьці па шляху нашых двухбаковых стасункаў».

Раней Крэмль не камэнтаваў дзейнасьць рады. Каардынацыйная рада ня раз заяўляла, што ня мае мэтаў у зьнешняй палітыцы або захопе ўлады, а дзейнічае ў мэтах урэгуляваньня палітычнага крызісу і правядзеньня новых дэмакратычных выбараў.

14:44 25.8.2020

Чаму пакуль ня рухнулі муры?

Дзяржаўны апарат таму абыякавы да народнага ціску, што ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не падсправаздачны народу, не кантралюецца народам. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народу, таму і не рэагуе на ягоныя патрабаваньні. Пра гэта разважае палітоляг Валер Карбалевіч.

Сьцісла

  • У сьвеце шмат выпадкаў, калі пад ціскам вуліцы ўрады сыходзяць у адстаўку, уступаюць у перамовы з пратэстоўцамі.
  • У Беларусі разьлік на тое, што пад маральна-псыхалягічным ціскам народу дзяржаўны апарат пачне развальвацца, пераходзіць на іншы бок барыкадаў ці хоць бы ўступіць у перамовы, не апраўдаўся.
  • У краіне створаны жорсткі скансалідаваны аўтарытарны рэжым.
  • Апанэнты Лукашэнкі падчас выбараў змагаюцца, уласна, ня зь ім, а зь дзяржавай. А перамагчы аўтарытарнага кіраўніка і дзяржаву звычайным шляхам немагчыма.
  • Усе дзяржаўныя інстытуты абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Існуе жорсткая вэртыкаль улады, якая фармуецца зьверху. Ніякіх пунктаў апоры для апанэнтаў рэжыму ў дзяржаўным апараце няма.
14:20 25.8.2020

Судзяць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Сяргея Дылеўскага

Яго судзяць за «несанкцыянаваную акцыю» (ч. 2 арт. 23.34 КаАП). Яго вінавацяць у тым, што ён заклікаў да забастоўкі і парушыў закон аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Судзіць Алена Капцэвіч. Працэс праходзіць праз скайп у Заводзкім судзе ў кабінэце сакратароў. Сяргей Дылеўскі цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.

Судзьзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.

«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, што людзі ня хочуць баставаць, меркаваньне людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго было ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.

— Ці даваў Менгарвыканкам дазвол на правядзеньне? — пытаецца судзьдзя.

— На сустрэчу зь сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.

Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 году. 24 жніўня ён не заклікаў да забастоўкі. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намесьнікам дырэктара заводу.

Паводле адваката, інфармацыю пра затрыманьне Дылеўскага яна атрымала з СМІ.

«У Партызанскім РУУС мне сказалі, што Дылеўскага не затрымлівалі. Толькі сёньня я атрымала матэрыялы справы на 10 хвілінаў. Фатаграфаваць іх мне забаранілі», — сказала адвакат Дар’я Ліпкіна.

13:52 25.8.2020

Вася Абломаў: Спадзяюся, што Лукашэнка сустрэнецца зь беларускім правасудзьдзем ва ўсёй красе

Расейскі сьпявак Вася Абломаў (Васіль Ганчароў) запісаў вялікае відэа пра падзеі ў Беларусі.

Ён расказвае, як бачыць падзеі выбарчай кампаніі і пратэсты пасьля выбараў. «Я спадзяюся, што народ Беларусі яго скіне, і Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца зь беларускім правасудзьдзем ва ўсёй красе», — завяршае ён свой відэазварот.

13:44 25.8.2020

Павал Латушка пасьля допыту ў СК. Ён застаецца ў статусе сьведкі

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG