Кавалькова на Акрэсьціна, Латушку і Алексіевіч выклікалі ў СК, Лукашэнка зноў тэлефанаваў Пуціну. Найважнейшае за 24 жніўня
Чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады Вольгу Кавалькову даставілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, паведамляецца на яе старонцы ў Фэйсбуку. Сёньня раніцай чальцоў прэзыдыюму КР Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной Менскага трактарнага заводу супрацоўнікі АМАПу і зьмясьцілі ў аўтазак. Дзе цяпер Дылеўскі, невядома.
Затрыманага раніцай 24 жніўня сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Далі 675 рублёў штрафу.
Служба аховы Менскага заводу колавых цягачоў затрымала старшыню страйкаму прадпрыемства Аляксандра Лаўрыновіча. Пазьней Радыё Свабода атрымала інфармацыю, што Лаўрыновіча завезьлі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
Паўла Латушку і Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе аб закліках да «захопу ўлады», як чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады па транзыце ўлады.
Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала палітычны крызіс у Беларусі з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэнам Бігэнам. Сустрэча Ціханоўскай і Бігэна адбылася ў Вільні. Пасьля гэтага амэрыканскі дыплямат ляціць у Маскву.
Міністэрства абароны Беларусі спыніла парушальнікаў паветранай прасторы Беларусі з боку Літвы. Імі былі 8 паветраных балёнікаў з надпісамі «Жыве Беларусь» і «Лукашэнка — сыходзь».
Лукашэнка загадаў звальняць настаўнікаў, якія «перакінуліся ў іншы лягер».
Лукашэнка і Пуцін зноў стэлефанаваліся, «працягнулі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі». Паводле БелТА, бакі абмеркавалі сытуацыю ўнутры нашай краіны і на зьнешнім контуры, асабліва на заходнім напрамку. Гэта ўжо пятая тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наконт сытуацыі ў Беларусі.
Міністэрства фінансаў РФ прапануе абмежаваць дзяржкрэдыты для Беларусі, Вэнэсуэлы і Кубы.
Масква канстатуе, што дзеяньні мітынгоўцаў у Беларусі не прыводзяць да сутычак з праваахоўнікамі, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Ён выказаў надзею, што сутыкненьняў удасца пазьбягаць і далей. На пытаньне «Ці лічаць у Крамлі адэкватным палёт Лукашэнкі з аўтаматам?» Пяскоў адказваць адмовіўся.
Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў параіў удзельнікам пратэстаў эміграваць.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прысвоіў беларускаму сьпеваку Сяргею Міхалку званьне «Заслужаны артыст Украіны».
Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе зноў прапанавала ўладам Беларусі пасярэдніцтва ў вырашэньні ўнутрыпалітычнага крызісу.
Калі Беларусь ня выйдзе з палітычнага крызісу, Фінляндыя гатовая пераняць менскую частку хакейнага чэмпіянату сьвету. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Фінскай хакейнай асацыяцыі Гары Нумэль.
Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны стаў ахвярай узьдзеяньня таксычнага рэчыва. Пра гэта заявіла сёньня бэрлінская клініка Charite, дзе Навальны праходзіць лячэньне.
Дональд Трамп афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты ЗША на выбарах, якія адбудуцца ў лістападзе 2020 году, ад рэспубліканскай партыі. Цырымонія вылучэньня прайшла ў першы дзень працы Нацыянальнага кангрэсу партыі.
Праваабаронцы заклікалі спэцдакладчыка ААН умяшацца ў сытуацыю з катаваньнямі ў Беларусі
Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Сусьветная арганізацыя супраць катаваньняў і Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека зьвярнуліся да спэцдакладчыка ААН па катаваньнях з заклікам умяшацца ў сытуацыю ў Беларусі ў сувязі з жорсткім разгонам мірных дэманстрантаў пасьля выбараў.
Спэцдакладчыка просяць:
- распаўсюдзіць заяву з асуджэньнем катаваньняў і бесчалавечнага абыходжаньня з затрыманымі ў Беларусі і заклікаць спыніць іх,
- заклікаць урад Беларусі расьсьледаваць усе факты катаваньняў ці жорсткага абыходжаньня і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці,
- наведаць Беларусь зь візытам,
- заклікаць Раду па правах чалавека склікаць спэцыяльную сэсію (ці правесьці тэрміновыя дэбаты на 45-й сэсіі) з мэтай высьвятленьня фактаў і абставінаў парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі да, падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году. Падрабязна чытайце па спасылцы.
Пракоп’еў у Вашынгтоне: «Беларусам не хапае злосьці»
Рэстаратар і крытык Лукашэнкі Вадзім Пракопʼеў расказаў Свабодзе, чаму ён пераехаў з Кіева ў Вашынгтон, з кім там сустракаецца і якім чынам у ЗША будзе дамагацца сваёй асноўнай мэты, дзе будзе сустракаць Макея і як будзе адкрываць другі, трэці ці чацьвёрты «фронт».
«Я буду перамяшчацца па сьвеце толькі з адной мэтай. Калі я змагу больш шкоды прынесьці рэжыму ў Вашынгтоне, значыць, я буду ў Вашынгтоне, калі ў Брусэлі — я буду ў Брусэлі, калі ў Кіеве — буду ў Кіеве. Усё вельмі проста. Мы на вайне. Дзе я больш шкоды змагу прынесьці, там я і буду.
Я не прасіў ніякага палітычнага прытулку. Пра гэта размова нават не ідзе. Я лічу, што калі ўсё будзе правільна разьвівацца ў Менску, мне і ня трэба будзе ніякага прытулку. У мяне была адкрытая віза, і ў сына таксама», — кажа Пракоп’еў. Чытайце вялікае інтэрвію па спасылцы.
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Румыніі
Пачынаючы зь сёньняшняга вечара, на «Вежы мастацтваў» (Art Tower) у Бухарэсьце вывесілі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг на знак салідарнасьці зь Беларусьсю. Пазьней бел-чырвона-белы сьцяг мае зьявіцца і ў іншых культурных мясьцінах Румыніі.
У Магілёве схоплены яшчэ адзін актывіст, паплечнік Мікалая Статкевіча Аляксей Барысаў. Паводле праваабаронцаў, ён вяртаўся з камандзіроўкі, і непадалёк ад дому яго «заламалі» двое мужчын у цывільным, а потым закінулі ў аўтобус. Пра выкраданьне праваабаронцам паведаміў прыяцель актывіста. Дзе цяпер Барысаў, невядома.
Лідэра салігорскіх шахтароў Анатоля Бокуна аштрафавалі і адпусьцілі
Затрыманага раніцай 24 жніўня сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Па выніках суду Анатоль Бокун атрымаў 675 рублёў штрафу, паведаміў Свабодзе прэс-сакратар страйкаму Глеб Сандрас. Пасьля суду сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» адпусьцілі.
У Магілёве затрымалі аднаго зь лідэраў мясцовага пратэстнага руху
У Магілёве затрымалі Ўладзімера Шанцава, аднаго зь лідэраў мясцовага пратэстнага руху, старшыню абласной арганізацыі АГП і давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай, паведаміла Свабодзе сябра АГП Тацяна Сівачэнка.
Празь некаторы час Шанцава выпусьцілі. На яго склалі 4 адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП).
Шанцаў быў на чале мясцовага «Маршу новай Беларусі», які адбыўся 23 жніўня. Выклікаюць у міліцыю яшчэ аднаго актыўнага пратэстоўца, вэтэрана апазыцыйнага руху Магілёва Валадара Цурпанава, які таксама быў на акцыі. Міліцыянты сёньня прынесьлі яму позву, але актывіст адмовіўся яе браць, бо яна была на расейскай мове.
У цэнтры Горадні прайшлі дзяржаўная імпрэза для дзяцей і мітынг пратэстоўцаў
Абедзьве цэнтральныя плошчы ў Горадні ачапілі турнікетамі ўвечары 24 жніўня. На Савецкай плошчы прайшло спартовае мерапрыемства для дзяцей, а насупраць плошчы Леніна — мітынг зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
На палац тэкстыльнікаў, што на Савецкай плошчы, удзень павесілі чырвона-зялёны сьцяг. Пляцоўку побач з палацам агарадзілі. Там ладзілі спартовае сьвята, каб запісаць дзяцей у спартовую сэкцыю. Сабралася каля 200 чалавек. Арганізатары прадставілі 30 відаў спорту, сярод іх баскетбол, хакей, тэніс, фэхтаваньне, скачкі з парашутам, гольф. Бацькі маглі запісаць дзяцей на любы кірунак у спартовыя школы і клюбы, дзеці спрабавалі сябе на розных пляцоўках
Плошчу Леніна, на якой штовечар зьбіраліся пратэстоўцы, таксама ачапілі турнікетамі. Побач зь ёй стаялі некалькі аўтазакаў, экіпаж ДАІ, шмат міліцыянтаў у цывільным.
Каля 500 дэманстрантаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся ў парку Жылібэра насупраць плошчы Леніна. Яны хадзілі вакол Вечнага агню, пляскалі ў ладкі, скандавалі «Верым, можам, пераможам», «Сыходзь», «Не баімся», «Лукашэнку ў аўтазак».
Прыкладна праз гадзіну пасьля пачатку сходу да іх далучыліся людзі з чырвона-зялёным сьцягам і сьцягам расейскай нацыяналістычнай арганізацыі НОД. Адзін мужчына паспрабаваў забраць аранжава-чорны сьцяг, яго адразу затрымалі людзі ў цывільным. Пасьля гэтага дэманстранты сталі разыходзіцца. Яны прайшлі калёнай па цэнтры гораду да аўтавакзалу. Затрыманьняў больш не было відаць.
21 супрацоўнік ААТ «Інстытут Гомельаблбудпраект» падпісаў адкрыты ліст. У лісьце патрабуюць правесьці новыя прэзыдэнцкія выбары без удзелу Аляксандра Лукашэнкі і з допускам незалежных назіральнікаў.
Як паведамляе kp.by, у адміністрацыі паабяцалі, што тых, хто падпісаўся, звальняць ня будуць. Але адзначылі, што яны ня могуць выступаць ад імя ўсяго калектыву.
Дзьмітрыеў падаў скаргу на вынікі выбараў у Вярхоўны суд
«Мы не прызнаем вынікаў выбараў. Беларусі патрэбныя новыя выбары», – напісаў кандыдат на выбарах прэзыдэнта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
З БТ сышоў яшчэ адзін тэлевядоўца
Сяргей Савіцкі, вядоўца праграм на тэму эканомікі на тэлеканале СТВ, разьмясьціў у фэйсбуку фота з працоўнай кніжкай і напісаў: «Ну вось і ўсё! Проста хачу застацца сумленным у дачыненьні, у першую чаргу, да самога сябе...».
Сяргей Савіцкі працаваў спачатку на радыё, потым на дзяржаўным тэлеканале АНТ, пасьля перайшоў на СТВ, дзе вёў і навіны, і спартовыя праграмы, і праграмы на тэму эканомікі.
Партрэты тых, хто загінуў падчас пратэстаў, каля Чырвонага касьцёла. Фатафакт
Да Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці ў Менску нехта прынёс партрэты людзей, якія загінулі падчас пратэстаў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
На месцы гомельскіх пратэстаў зладзілі кірмаш. Фатафакт
Традыцыйна, ад пачатку збору подпісаў і пасьля выбараў, гомельскія пратэстоўцы зьбіраліся на пляцоўцы ля цырку. У скрайніх выпадках — на плошчы Леніна, або ішлі туды маршам. На мінулым тыдні плошчу Леніна заставілі камбайнамі, а на цырку сёньня, у панядзелак, зладзілі кірмаш. Прычым раней кірмашы ніколі не праводзілі на цырку, тым больш у панядзелак. У 20.10 кірмаш яшчэ працягваўся, хоць пакупнікоў было вобмаль.
У Горадні на суткі за ўдзел у акцыях асудзілі чатырох анархістаў
У Горадні 24 жніўня асудзілі чатырох затрыманых напярэдадні анархістаў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Ігар Банцар атрымаў 10 сутак арышту, Максімільян Крывец, Аляксей Павук і Артур Куршакоў — па 7 сутак.
Чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольгу Кавалькову даставілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, паведамляецца на яе старонцы ў Фэйсбуку. Пакуль не пацьверджана, ці прывезьлі туды яшчэ аднаго чальца прэзыдыюму Сяргея Дылеўскага.
Раней сёньня Кавалькову і Дылеўскага затрымалі на прахадной Менскага трактарнага заводу супрацоўнікі АМАПу і зьмясцілі ў аўтазак.
«Ланцуг салідарнасьці» ў Таронта. Фота
23 жніўня каля 400 канадзкіх беларусаў і сяброў балтыйскіх дыяспараў (літоўцаў, латышоў, эстонцаў), а таксама прадстаўнікоў Ганконгу, Вэнэсуэлы і Тайваню сталі ў жывы ланцуг у Таронта, каб падтрымаць змаганьне за справядлівасьць, дэмакратыю і свабоду ў Беларусі.
Яны падтрымалі ініцыятыву #FreedomWay, якая сымбалічна аднавіла больш як у 20 краінах знакаміты мірны пратэст балтыйскіх народаў 23 жніўня 1989 году. У той дзень больш за два мільёны эстонцаў, латышоў і літоўцаў сталі ў жывы ланцуг даўжынёй 675 км.
«Ланцуг салідарнасьці» зь Беларусьсю ў Парыжы. Фота
Гарадзенцы зноў выйшлі на акцыю пад бел-чырвона-белымі сьцягамі
Сотні пратэстоўцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі прыйшлі ў парк Жылібера. Гарадзенцы водзяць карагод каля Вечнага Агню, пляскаюць у ладкі, скандуюць «Верым, можам, пераможам», «Сыходзь», «Не баімся».
Побач стаяць два аўтазакі і мікрааўтобус з таніраванымі вокнамі, шмат людзей у цывільным і ў масках.
Плошча Леніна, на якой звычайна зьбіраліся пратэстоўцы, агароджаная турнікетамі. На агароджанай Савецкай плошчы праходзіць дзіцячае спартовае мерапрыемства, на Палацы тэкстыльнікаў вісіць вялікі дзяржаўны сьцяг.
На мітынг прыйшлі людзі з чырвона-зялёным сьцягам і сьцягам расейскага НОД (Нацыянальнага вызваленчага руху). Пратэстоўца, які паспрабаваў забраць сьцяг НОД, затрымалі.
Частка людзей сышла, рэшта працягвае мітынгаваць.
Каля 18:00 затрымалі сябра БНК Міколу Саляніка. Ён знаходзіцца ў аддзеле міліцыі. 23 жніўня Салянік прынёс на мітынг на плошчы Леніна гукаўзмацняльнік і выступаў са сцэны.
Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры“
Радыё Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі ў жніўні 2020 году. Калі падобнае здарылася з вамі ці вы былі сьведкам, напішыце нам пра гэта на адрас: radiosvaboda@gmail.com.
Ігар Крупскі, затрыманы 9 жніўня:
„Я быў незалежным назіральнікам на 83-м участку Маскоўскага раёна Менску. Дырэктар 181-й школы выклікала міліцыю. Мяне ўзялі пад рукі і павялі ў аўтобус. Абражалі, білі. Потым перасадзілі ў аўтазак. Быў адзін малады амапавец вельмі нізкага росту зь безжыцьцёвым позіркам. Схапіў мяне за горла і спрабаваў душыць, убачыў белую стужку, закрычаў, маўляў, ты — вырадак ціханоўскі! Пры перасадцы з аўтазака ў аўтазак білі дубінкамі або ў жывот.
На Акрэсьціна нас сустракала калона амапаўцаў, зьбівалі дубінкамі. Ужо было незразумела, хто біў, куды біў. Я адчуваў удары і разумеў, што трэба бегчы наперад, каб ня ўпасьці. Тых, хто падаў, наогул забівалі. Раўлі, што нас шпігуюць наркотыкамі, плацяць даляры. Казалі: вось ваша Ціханоўская ўжо зваліла, а вы лохі тут, а на вуліцах ужо ўсё ціха. Ім у кайф, калі ты крычыш, просіш прабачэньня. Мне нанесьлі дзесьці 15 удараў. Я ног не адчуваў.
Амапаўцы баяліся нас перавозіць у Жодзіна. Разумелі, што ўсякае можа адбыцца. У Жодзіне мне прыляцела некалькі ўдараў у грудзі, па галаве, у жывот. Потым нас загналі ў прагулачную. Я стаяў і ня мог дыхаць. Першую ноч мог спаць толькі на баку і абаранкам. Задыхаўся. Дактароў не даклічасься…
У Жодзіне нас палохалі «маскамі». Гэта калі ў камэру залятаюць людзі ў масках і пачынаюць безупынна біць. Таму ніхто не хацеў залазіць на другі паверх, усе баяліся, што пачнуць сьцягваць з другога паверху, а там мэталічныя абадкі. Але гэта ўсё было запалохваньне“. Усе гісторыі чытайце па спасылцы.