Адзіная лідэрка аб’яднанага штабу Ціханоўскай, якая засталася ў Беларусі, Марыя Калесьнікава расказала расейскай службе Радыё Свабода, чаго чакае ад акцыі 23 жніўня.
«Усе акцыі, якія адбываюцца ў любы дзень, яны кардынальна мяняюць сытуацыю, у якой Беларусь знаходзіцца ўжо 26 гадоў. Мы з кожным разам бачым — нас усё больш і больш, і ўсё больш людзей перастаюць баяцца. Гэта наша самая важная перамога. Мы змагаемся з сваім страхам. Мы змагаемся з таталітарнай сыстэмай. На гэта спатрэбіцца вельмі шмат часу, магчыма, выходзіць давядзецца дні, тыдні, а можа быць, месяцы, але мы ня спынімся і не перастанем гэтага рабіць», — сказала Калесьнікава.
Яна ўпэўненая, што людзі гатовыя да таго, каб працягваць пратэст такі доўгі час.
«Пабудова грамадзкай супольнасьці не адбываецца аднамомантна. І тое, што мы цяпер назіралі апошнія месяцы — гэта якраз былі першыя крокі да таго, каб грамадзкая супольнасьць у Беларусі ўзьнікла. І цяпер, вядома, адзін з самых такіх напружаных і важных момантаў, калі вы ўсьведамляеце сваю ўласную сілу, калі мы разумеем, як нас шмат, калі мы гатовыя адзін аднаго падтрымліваць і дапамагаць. Вядома, гэта працяглы пэрыяд», — лічыць Калесьнікава.