На афіцыйным Youtube-канале экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Віктара Бабарыкі 20 жніўня апублікавалі зварот кіраўніцы штабу Марыі Калесьнікавай да вайскоўцаў і сілавікоў.
«Тое, як улада запляміла гонар вашых пагонаў, такога яшчэ не было. Ад падзеяў мінулага тыдня, ад пустых вачэй людзей, якія выйшлі з Акрэсьціна, скаланаюцца ўсе беларусы, увесь сьвет. Нас выварочвае ад жаху, непрыняцьця, неразуменьня, хто ходзіць з намі па адных вуліцах: людзі ці не?», — гаворыць Марыя Калесьнікава на пачатку звароту.
У звароце яна падкрэсьлівае, што сваімі злачыннымі загадамі ўлада цягне сілавікоў «за сабой на дно пекла» і робіць так, што іх форма перастае выклікаць павагу і становіцца сымбалем пагарды. Яна нагадвае сілавікам пра клятву служыць беларускаму народу падчас прысягі і зьвяртаецца да іх з пытаньнем, чаму яны ня спыняць «генацыд беларускага народу», які адбываецца цяпер.
«Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з народам? Чаму вы яшчэ ня сталі героямі для беларусаў? Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасьць і воінскі гонар і назаўжды ўвайсьці ў гісторыю краіны, нават сусьветную гісторыю», — кажа яна.
Паводле Калесьнікавай, «плян просты» — усім сілавікам, якія пяройдуць на бок народу і адмовяцца выконваць злачынны загад, гарантуюць
- бясьпеку і недатыкальнасьць,
- справядлівае стаўленьне да вашых падразьдзяленьняў,
- адмену даўгоў за адукацыю,
- адмену кантрактных даўгоў і іншых выплат, якія дзейная ўлада «вешае на тых, хто хоча сысьці з органаў ці адмаўляецца выконваць злачынныя загады»,
- жытло і матэрыяльную падтрымку.
Марыя Калесьнікава дадае, што сілавікоў спрабуюць «трымаць за дурняў», расказваючы, што пратэстамі кіруюць «лялькаводы», якія спансуюць іх з-за мяжы. «Але хто ў гэта верыць?» — задае яна рытарычнае пытаньне і заклікае сілавікоў «арыштаваць і аддаць пад суд тых, хто прыніжаў нявінных, безабаронных мірных людзей».
«Мы просім вас дапамагчы нам і быць з намі. Мы просім прыгадаць пра прысягу, якую вы давалі, і абараніць ваш народ».