Палітычны крызіс балюча адаб'ецца на беларускай эканоміцы. А чарговая спроба зьняць напружаньне ў грамадзтве сілавымі мэтадамі можа прывесьці да незваротных наступстваў. Пра гэта ў інтэрвію Tut.by заявіў кіраўнік Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Аляксандар Швец.
Ён лічыць «народнае непрыманьне хлусьні і несправядлівасьці, невыкананьне заканадаўства» галоўнай крыніцай палітычнага крызісу.
«Такой колькасьці страху і запалохваньня ў нашай краіне я ня памятаю! Гэта вельмі кепская сытуацыя, калі людзі ня могуць бясьпечна выказваць сваю думку нават у рамках Канстытуцыі і дзейных законаў. Запыт беларускага грамадзтва на справядлівасьць, мабыць, ніколі яшчэ ня быў так ярка выяўлены. І без задавальненьня гэтага запыту згоды не дасягнуць», — кажа Аляксандар Швец.
Па словах кіраўніка Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, хоць улады празь беларускія і расейскія СМІ «спрабуюць пераканаць і нас, і расейскую аўдыторыю, што расхістваюць сытуацыю ў Беларусі пэўныя зьнешнія сілы», сутнасьць праблемы ўнутраная. «Гэта крызіс даверу да дзеяньняў дзяржавы і ўлады з боку народу».
Адказваючы на пытаньне пра эканамічныя наступствы палітычнага крызісу, Аляксандар Швец заўважае, што дзеяньні сілавых ведамстваў — «вельмі нэгатыўны сыгнал для бізнэсу, як айчыннага, так і замежнага». «Мы ўжо бачым, што пачалі скарачацца інвэстыцыйныя патокі, спыняцца ўгоды, многія задумваюцца аб пераезьдзе».
Ён дадае, што забастоўка рабочых — гэта адзіная форма ўплыву на ўладу, каб паказаць, што працоўныя калектывы абураныя несправядлівасьцю і невыкананьнем заканадаўства самой уладай.
«Але традыцыйна для нашай краіны ўсё спрабуюць заглушыць адміністрацыйнымі мэтадамі, а не ліквідацыяй асноў і прычын пратэстаў. А гэта значыць, што абурэньне татальнай несправядлівасьцю ўсё роўна застанецца ў душах і сэрцах работнікаў», — лічыць кіраўнік бізнэс-саюзу.
Ён пацьвердзіў, што атрымаў прапанову ўвайсьці ў склад Каардынацыйнай рады для перадачы ўлады, але адмовіўся, бо не атрымаў згоды прадстаўнікоў свайго бізнэс-саюзу.