Цяпер людзям у Беларусі дапамагаюць два буйныя фонды By_Help і BYSOL. Сузаснавальнік гэтых фондаў салідарнасьці Андрэй Стрыжак расказаў, як яны працуюць, колькі прыходзіць заявак і якім чынам іх апрацоўваюць.
Як гэта працуе
Фонд салідарнасьці BY_HELP дапамагае фінансава тым, хто пацярпеў падчас акцыяў пратэсту, а таксама дапамагае з аплатамі штрафаў у Беларусі. BYSOL — аказвае дапамогу чыноўнікам і сілавікам, якія вырашылі звольніцца, а таксама звольненым з палітычных матываў. Каб зьвярнуцца па дапамогу, людзі накіроўваюць заяўку.
«У BY_HELP ужо прыйшло больш за 2000 заявак, тры дзясяткі валянтэраў апрацоўваюць гэтыя заяўкі, зьвязваюцца зь людзьмі. З заяўкамі ад зьбітых і параненых ёсьць складанасьць, там трэба кваліфікаваць, наколькі цяжка чалавек паранены, усе гэтыя працэсы з кампэнсацыяй і кваліфікацыяй ня хуткія», — тлумачыць Андрэй Стрыжак.
Таксама грошы з фонду вывесьці няпроста, бо «вялікія грошы — вялікія пытаньні». «Усякі нацыянальны ўрад, які бачыць, што праходзяць такія транзакцыі, мусіць правяраць, ці ня ёсьць гэта фінансаваньнем тэрарызму або наркатрафіку. Таму калі ёсьць тэрміновыя патрэбы, то можна рабіць мэтавыя зборы, бо грошы з фондаў будуць ісьці досыць доўга», — гаворыць Андрэй Стрыжак.
Але з фонду BY_HELP людзі ўжо пачалі атрымліваць дапамогу. На 21 жніўня з фонду патрацілі 167 480 рублёў. Гэта 147 штрафаў, 8 адміністрацыйных тэрмінаў і 22 кампэнсацыйныя мэдыцынскія выплаты. Агулам фонду ўдалося сабраць 2,7 мільёна даляраў. У фонд BYSOL ужо зьвярнуліся каля 350 чалавек, лік расьце. Цяпер у фондзе 1,6 мільёна даляраў.
Махляры і фэйкі
Цяпер у інтэрнэт-прасторы зьявіліся фэйкавыя зборы на патрэбы пацярпелым, таму стваральнікі фондаў салідарнасьці раяць на гэта зважаць і правяраць інфармацыю. «Трэба пераправяраць, куды ты адпраўляеш грошы, праверыць, ці гэта афіцыйны канал. Нашыя фонды не вядуць збор на беларускія карты», — падкрэсьлівае Андрэй Стрыжак.
Што з страйкамамі
Іншы вэктар падтрымкі — страйкамы, якія ладзяць страйкі на прадпрыемствах Беларусі. Іх падтрымлівае фонд BYSOL.
«Дзесьці страйкамы створаныя, дзесьці ствараюцца. Маем камунікацыю з 70 прадпрыемствамі. Афіцыйныя забастоўкі абвясьціць не ўдалося, таму гэта ўсё, хутчэй за ўсё, пяройдзе ў варыянт італьянскага страйку», — кажа Андрэй Стрыжак.
Беларусам прапануюць лячэньне за мяжой
Беларусы з Чэхіі арганізавалі падтрымку беларусам, якія могуць зьвярнуцца па лекаваньне ў гэтай краіне. Падобную ініцыятыву рыхтуюць у Літве і Польшчы. «Паводле мэдычных дакумэнтаў будзе прымацца рашэньне, якіх людзей можна ўзяць на лячэньне. Амаль усе дзяржавы цяпер гатовыя да гэтага, але трэба разумець, што прайшло толькі 11 дзён з 9 жніўня», — кажа Андрэй Стрыжак.
Пра забарону на грошы з-за мяжы
21 жніўня прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка назваў фінансавую дапамогу з-за мяжы незаконнай. І нават агучыў назву фонду BYSOL.
«Сытуацыя ў Беларусі выскачыла з праўнага поля. Нідзе не забаронена атрымліваць дапамогу чалавеку ад чалавека. Нават калі сума больш за 7 тысяч рублёў, тады чалавек плаціць падатак, але гэта не забаронена. А Галоўчанку дзякуй за рэкляму на АНТ у прайм-тайм», — кажа Андрэй Стрыжак. На наступным тыдні фонд плянуе набраць валянтэраў і паскорыць працу.
У Беларусі паўсталі дзясяткі розных ініцыятываў, гатовых аказваць мэдычную, фінансавую, псыхалягічную дапамогу ўсім пацярпелым пасьля выбараў 9 жніўня.