Супраць Беларусі выкарыстоўваюць сцэнар «каляровых» рэвалюцый, заявіў Аляксандар Лукашэнка, наведваючы вайсковы палігон пад Горадняй.
На палігоне 6-й асобнай мэханізаванай брыгады міністар абароны Віктар Хрэнін далажыў Лукашэнку пра сытуацыю на горадзенскім тактычным напрамку і ля беларускіх межаў, паведамляе БелТА.
«Як мы і меркавалі, усё ідзе паводле пляну «каляровых» рэвалюцый з узбуджэньнем унутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне. Арыгінальнасьць і адметнасьць хіба ў тым, што падлучаны вонкавы фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць унутры, зрынаюць дзейную ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца, падключылі вонкавы фактар», — заключыў Лукашэнка.
Ён даручыў міністру абароны і камандуючаму Заходнім апэратыўным камандаваньнем зрабіць усё, каб «абараніць заходнюю пэрліну Беларусі з цэнтрам у Горадні» — аж да самых жорсткіх захадаў дзеля тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны.