Павал Сібілёў — кіроўца аўтобуса, паранены недалёка ад станцыі мэтро «Пушкінская» увечары 10 жніўня. Сілавікі тады спынялі пратэсты, выкарыстоўваючы сьвятлашумавыя гранаты і гумовыя кулі.
Журналісты Tut.by наведалі яго ў вайсковым шпіталі ў Менску.
10 жніўня 48-гадовы Павал Сібілёў працаваў на аўтобусе № 163 (Сухарава — Варанянскага). Звычайны маршрут, ніхто ня думаў, што такое можа здарыцца, кажа мужчына.
«Калі мяне сюды прывезьлі, крычаў ноч і дзень, болі былі пякельныя. Спачатку ляжаў у рэанімацыі, а з 16 жніўня перавялі ў агульную палату. Было ўжо некалькі апэрацый, перасадзілі скуру на сьпіну — са сьцягна. Не адчуваю трох пальцаў на левай руцэ, таксама нешта папала — кулі або яшчэ што».
Павал успамінае, якім быў маршрут, які скончыўся так трагічна.
«Я выехаў з Сухарава, праца ўжо падыходзіла да канца, заставалася паўтара кола. Але неўзабаве пасьля ад'езду пачаліся заторы. Паміж прыпынкамі каля мэтро „Спартыўная“ і „Пушкінская“ ёсьць „вуліца Данілы Сердзіча“ — там, напэўна, гадзіну стаяў. З узвышэньня бачылі, што ўнізе выбухі, дымавая заслона, страляніна».
Кіроўца памятае, што выходзіў на вуліцу пагаварыць з калегам- тралейбусьнікам. А потым вяртаўся ў свой аўтобус.
«Я стаў уваходзіць у дзьверы, заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зьверху кулямі... Гарэла кашуля, скура на сьпіне выбухнула. Мяне як быццам паралізавала. Людзі тушылі, выклікалі „хуткую“. Крычалі, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць».
Пасьля раненьня ў палату да кіроўцы аўтобуса прыходзіў сьледчы, распытваў, як і што адбылося.
«Я не разумею, на якой падставе пачалі страляць. Людзі выказвалі сваю незадаволенасьць, але яны проста хадзілі, сьмяяліся, ехалі матацыклісты — свісьцелі. Абсалютна ніякай сілы супраць іх ня трэба было ўжываць. Пастаялі б, пасыгналілі і разьехаліся. Навошта прымяняць гвалт?» — дзівіцца паранены кіроўца аўтобусу.
Сібілёў мае трое дзяцей. Сям’я з Маладэчна, сам ён падчас працы жыў у адным са сталічных інтэрнатаў. Валянтэры ўжо дапамаглі знайсьці кватэру ў Менску, каб на час аднаўленьня блізкія былі побач.