46 чалавек сталі фігурантамі крымінальных спраў за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Міністэрства ўнутраных спраў па выніках сустрэчы міністра Юрыя Караева зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам.
Паводле Караева, большую частку зь іх пакуль адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.
«Тое, што акцыі былі добра прадуманыя і насілі ня мірны характар, відавочна. Мірныя людзі ня будуць будаваць барыкады і кідацца на сілавікоў», — заявіў міністар.
У Беларусі ўжо другі тыдзень працягваюцца масавыя акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Усяго ў ходзе пратэстаў затрымалі каля 7 тысяч чалавек. У першыя дні падчас жорсткага разгону пратэстаў сілавікамі сотні чалавек атрымалі раненьні сьветлашумавымі гранатамі і гумовымі кулямі, былі зьбітыя пры затрыманьні і пасьля яго, у ізалятарах часовага ўтрыманьня. Вядома прынамсі пра чатырох загінулых.
На гэты час не паведамлялася аб распачатых крымінальных справах супраць сілавікоў, якія ўжылі празьмерны гвалт пры затрыманьнях.