Апошні нумар «Народнай волі» ня выйшаў з друку. Яго можна прачытаць у інтэрнэце.
Галоўны рэдактар газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч абураны адмовай Беларускага дому друку аддрукаваць апошнія нумары ягонай газэты і «Комсомольскай правды в Беларуси», прысьвечаныя палітычнаму крызісу ў Беларусі, міліцэйскаму гвалту і мітынгам праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі.
Фармальна ў Беларускім доме друку прычынай нявыхаду газэт называюць паломку друкарскага абсталяваньня.
«Да нас масава зьвяртаюцца чытачы, пытаюць, як можна прачытаць сьвежы нумар, бо друкарні адмовілася яго друкаваць і ён ня трапіў у шапікі і падпісчыкам — фармальна з тэхнічнай прычыны. Вядома, мы абураныя гэтай сытуацыяй, але ў кожным разе газэта знойдзе дарогу да чытачоў», — сказаў Ёсіф Сярэдзіч Свабодзе.
А пакуль што апошні, 66-ты нумар выданьня даступны ў інтэрнэт-архіве газэты ў фармаце ПДФ, паведаміў ён.