Супрацоўніца газэты «Звязда» Ірэна Кацяловіч паведаміла Свабодзе пра сваё звальненьне з выданьня, а таксама звальненьне яшчэ некалькіх калег.
«Прычына ў тым, што палітычны крызіс абвастрыў несупадзеньне нашага бачаньня журналістыкі і дзяржаўнага, і мы паспрабававалі на гэтым тыдні памяняць курс газэты, але ў нас гэта не атрымалася. Нашыя патрабаваньні не знайшлі адэкватнага адказу. Але мы прынамсі паспрабавалі», — сказала Кацяловіч.
Заявы былі напісаныя на гэтым тыдні, а падпісаў іх ужо новапрызначаны рэдактар Аляксандар Карлюкевіч.
Ранейшы галоўны рэдактар «Звязды» Павал Сухарукаў пакінуў сваю пасаду пасьля таго, як на старонках выданьня быў надрукаваны адкрыты ліст да чытачоў.
Некалькі дзён таму зьвяздоўцы агучылі патрабаваньні да ўладаў, папярэдзіўшы, што ў выпадку ігнараваньня 20 жніўня пачнуць страйк.
Сярод іх такія:
• спыніць цэнзуру, тэндэнцыйнасьць і спробы з боку дзяржаўных структураў паўплываць на зьмест газеты «Звязда»;
• з 20 жніўня даць магчымасьць калектыву працаваць у адпаведнасьці з Законам аб СМІ, публікаваць праўдзівую, аб’ектыўную і рознабаковую інфармацыю;
• спыніць перасьлед, ціск, маральны і фізычны гвалт у дачыненьні да журналістаў, якія выконваюць прафэсійны абавязак на тэрыторыі Беларусі.
Замест перамоваў 20 жніўня супрацоўнікам прадставілі былога кіраўніка Аляксандра Карлюкевіча. Ён ужо ўзначальваў «Звязду», адтуль быў прызначаны міністрам інфармацыі.