У пятніцу тэлефон кіраўніка гандбольнага клюбу «Віцязь» Аляксандра Апейкіна зноў недасяжны, ягоны акаўнт у «Тэлеграме» выдалены.
14 жніўня гандбольны клюб «Віцязь» апублікаваў свой зварот «у сувязі з надзвычайнай сытуацыяй у краіне».
А кіраўнік клюбу «Віцязь» Аляксандар Апейкін (на фота) пачаў зьбіраць подпісы спартоўцаў. Пад лістом аб непрызнаньні вынікаў выбараў і асуджэньні дзеяньняў сілавікоў ужо падпісаліся больш за 250 спартоўцаў і супрацоўнікаў спартовай галіны, а таксама журналісты спартовых выданьняў.
Спартоўцы гатовыя ў выпадку ціску і пагроз адмовіцца ад выступаў за нацыянальную зборную Беларусі. Сярод падпісантаў Алена Леўчанка, Мікалай Казека, Вольга Мазуронак, Марына Арзамасава, Аляксандра Раманоўская, Дзьмітры Асанаў, Артур Удрыс, Эльвіра Герман і многія іншыя.
Спартоўцы дамагаюцца, каб іхны зварот апублікавалі на афіцыйным сайце Міністэрства спорту і турызму, але пакуль прэсавы сакратар ведамства Ўладзімер Несьцяровіч адказаў: «Без камэнтароў».
Аляксандар Апейкін, які зьбіраў подпісы спартоўцаў, у чацьвер перастаў выходзіць на сувязь. Позна ўвечары паведаміў, што зь ім усё ў парадку. Аднак у пятніцу тэлефон Апейкіна зноў недасяжны.
Свабода будзе сачыць за разьвіцьцём сытуацыі.